Крок да роўнасці | Krok ku równości
Шаг к равенству | Step towards equality

Четверг, 25.04.2024, 14:58

Вітаю Вас Гость | RSS
Галоўная | Гендэрная бібліятэчка | Рэгістрацыя | Уваход
Меню сайта

Катэгорыі каталога
Прэса аб праграме [78]

Наша апытанне
Выкладанне асноў гендэралогіі ў беларускіх школах…
Усяго адказаў: 57

Галоўная » Артыкулы » Прэса аб праграме » Прэса аб праграме

“Рэдакцыйная пошта”
 
 
 
Шчыра вітаю вас, паважаныя радыёслухачы!
Па традыцыі на самым пачатку дзякую за лісты, якія апошнім часам прыйшлі на віцебскую абаненцкую скрынку.
Сярод пошты былі першыя адказы на чарговую віктарыну пра Гданьск. Некаторыя з іх – правільныя. Першым верныя адказы прыслаў Язэп Палубятка з Мастоў у Гарадзенскай вобласці.
Нагадаю, што трэцяя па ліку віктарына пра Гданьск пабудавана, як тэст: з пададзеных варыянтаў трэба выбраць правільны. Запрашаю абавязкова паспрабаваць:
1. Гданьск называюць горадам…
a. …на рацэ Матлава. b. …на рацэ Вісла. 
2. У Данцыгу нарадзіўся адзін з нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры. Значная частка ягонай творчасці прысвечана гэтаму гораду. У прыватнасці, ён напісаў "Данцыгскую трылогію”. Гэтага пісьменніка, скульптара, мастака, графіка завуць…
a. …Гюнтэр Грас. b. …Пауль Шэербарт. 
3. Гданьскі аэрапорт імя Леха Валенсы штогод абслугоўвае амаль два мільёны пасажыраў. Ён размешчаны…
a. ...у Касакуве. b. …у Рэмбехуве.
4.  Гданьская футбольная каманда называецца…
a. ..."Lechia”. b. …"Baltia”. 
5. Афіцыйная Інтэрнет-старонка горада Гданьска – гэта…
a. …www.gdansk.pl. b. www.dawnygdansk.pl.
Усе тыя, хто правільна адкажа, атрымаюць узнагароды. Конкурсныя лісты трэба прысылаць да 4 жніўня 2010 года ўключна. І выключна на віцебскую скрынку нашага радыё. Яе адрас прагучыць напрыканцы перадачы.
Радыёаматары Сяргей Балбасаў з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, Віктар Кавалёў з Магілёва, Сяргей Магонаў з Кобрына Берасцейскай вобласьці, а таксама слухачка Яўгенія Цюркіна з Магілёва адгукнуліся на выкарыстанне намі новай частаты 1386 кілагерц. З рапарта Сяргея Магонава вынікае, што ён слухаў нашу перадачу на гэтай сярэдняй хвалі 5 чэрвеня з 16.00 да 17.00 UTC. Якасць прыёму паводле SINPO складала: 35323. Два дні пазней Яўгенія Цюркіна ў SMS-паведамленні так ахарактарызавала згаданую частату: "Чутнасць – нуль!”. Амаль гэтаксама сітуацыя выглядае і ў Сяргея Балбасава. Пра гэта ён неаднаразова паведамляў у тэлефонных размовах. Віктару Кавалёву часам удаецца злавіць перадачу на 1386 кілагерцах, аднак чутнасць далёка няўзорная.    
Тэма новай частаты яшчэ не вычарпана. Праз тыдзень я вярнуся да пытання чутнасці на 1386 кГц.  
А зараз "Пара слоў для DX-істаў”. Сёння радыёаматарская рубрыка крыху больш працяглая, бо нейкі час яна адсутнічала ў нашым эфіры. 
У Паўднёвай Карэі пачалося вяшчанне радыёстанцыі "Голас свабоды”. Трансляцыя ідзе ў FM-эфіры на частотах 103,1 МГц і 107,3 МГц. Перадачы вядуцца тры разы ў суткі: раніцай, увечары і ноччу.
Відавочна, вяшчанне разлічана на паўночных карэйцаў, якія маюць вялікую колькасць транзістарных УКХ-прыёмнікаў, нелегальна завезеных з Кітая.
Дарэчы, "Голас свабоды” чымсьці нагадвае радыё "Вольны Кабул”.
Гэтая станцыя была створана пасля савецкага ўварвання ў Афганістан у 1979 годзе. Першы выхад у эфір адбыўся 24 жніўня 1981 года. Яна траслявала праграмы праз сетку партатыўных перадатчыкаў. Гэтыя мабільныя станцыі важылі сем з лішкам кілаграмаў і былі памерам з партфель. Кожная з іх ахоплівала тэрыторыю радыусам у 40 кіламетраў.
Цягам некалькіх месяцаў у 1981 – 1982 гадах вяшчанне ішло на дзвюх галоўных мовах – пушту і дары. У маджахедаў не было ўласных цэнтралізаваных сродкаў камунікацыі, таму касеты з галасамі лідэраў супраціўлення ім высылалі з пакістанскага горада Пешавара. Апроч паўгадзінных перадач на пушту і дары, вяліся пятнаццаціхвілінныя рускамоўныя выпускі, накіраваныя на салдат і афіцэраў савецкіх акупацыйных войскаў.
У лістападзе 1982 года 22 перадатчыкі былі размешчаны на тэрыторыі Афганістана. Канчатковая мэта заключалася ў стварэнні сеткі з 36 мабільных станцый, якія б пакрывалі ўсю краіну.
Аднак афганскія і савецкія камуністы актыўна змагаліся з "Вольным Кабулам”. Колькасць перадатчыкаў паступова зніжалася. У выніку "Вольны Кабул” спыніў сваю дзейнасць.
25 снежня 1983 года, у чацвёртую гадавіну ўваходу савецкіх войск у Афганістан, на кароткіх хвалях запрацавала іншая станцыя – "Голас афганскіх маджахедаў”. Французская спонсарская арганізацыя, якая падтрымлівала "Вольны Кабул”, дапамагла прыдбаць перадатчык і трансляваць першыя праграмы новага радыё.  
Што ж тычыцца паўднёвакарэйскага "Голасу свабоды”, то ён ужо вяшчаў на КНДР з 1962 па 2004 год.
У мінулую сераду прыйшоў чарговы ліст на цяперашні гендэрны конкурс – дыскусійнае абмеркаванне. Допіс прыслала віцяблянка Марыя Палынская. Ён прагучыць у адным з найбліжэйшых выпускаў рубрыкі "Рэдакцыйная дыскусія”.
Дарэчы, лістоў на гендэрнае абмеркаванне пакуль малавата. Прашу нашых сяброў – асабліва тых, хто прэтэндуе на гран-пры – не зацягваць з напісаннем і адпраўкай конкурсных прац. 
Нагадаю, дзеючае абмеркаванне тычыцца гендэрных парытэтаў у палітыцы. Зараз у Польшчы актыўна абмяркоўваецца гэтае пытанне. Полькі менш актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. У прыватнасці, яны слабей прадстаўлены ў парламенце. Частка палітыкаў і грамадскіх дзеячоў прапанавала ўвесці на выбарах парытэтны ўдзел абодвух полаў. Гаворка ідзе пра тое, каб жанчыны й мужчыны балатаваліся ў пэўных суадносінах. Напрыклад, 50 на 50. Паводле прыхільнікаў гэтай ідэі, такая практыка павінна быць замацавана ў законе, каб выбарчыя спісы той ці іншай партыі або групы давалі роўныя шанцы мужчынам і жанчынам. Ёсць шмат апанентаў гэтай прапанове. Некаторыя з іх кажуць, што парытэт у выбарчых кампаніях можа быць фікцыяй. Яшчэ хтосьці гаворыць, што здольная жанчына сама праб’е сабе дарогу ў палітычнае жыццё. 
А што вы, шаноўныя радыёслухачы, думаеце на гэты конт? Як вы лічыце, ці варта пераходзіць да парытэтаў у палітыцы? Ці трэба іх замацоўваць на ўзроўні закону? Якія плюсы і мінусы можа мець такое рашэнне? Ці магчымая альтэрнатыва парытэтам у палітыцы?
Пры напісанні працы вам могуць дапамагчы журналісцкія матэрыялы ў эфіры нашага радыё, а таксама публікацыі на рэдакцыйным сайце www.radyjo.net і web-старонцы www.gender.do.am.
Пераможцаў дыскусійнага абмеркавання чакаюць разнастайныя падарункі. Сярод іх будуць мабільны тэлефон і радыёпрыёмнік з лічбавым наборам частот.
Дыскусійнае абмеркаванне ды іншыя гендэрныя конкурсы ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі спансіруе праграма "Polska Pomoc” МЗС Польшчы.
Калі ласка, прысылайце свае працы да 30 верасня 2010 года ўключна. І выключна на абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Категория: Прэса аб праграме | Добавил: viator (03.07.2010) | Автор: Юрый Сцяпанаў
Просмотров: 793 | Комментарии: 2 | Рейтинг: 0.0/0 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма Уваходу


Пошук

Сябры сайта
Адукацыйныя і асветніцкія сайты [6]
Гендэрныя веды [2]
Гендэрныя грамадскія арганізацыі, праекты і праграмы [11]
Сайты сексуальных меншасцяў [5]
Сацыяльныя сайты [3]
Спонсарскія структуры [9]
Радыё [20]
Прэса [9]
Інфармацыйныя агенцтвы [4]
Іншыя рэсурсы [1]

Статыстыка


Гэты рэсурс дафінансоўваецца Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы “Polska Pomoc”.
Сайт выказвае выключна меркаванні сваіх аўтараў і не мае ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі польскага МЗС.
Copyright © 2008-2024 by gender.do.am. Designed by viator 2008 © all rights reserved.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у Інтэрнеце просім даваць прамую гіперспасылку на gender.do.am.
Ідэя сайта распрацавана Юрыем Сцяпанавым.