Крок да роўнасці | Krok ku równości
Шаг к равенству | Step towards equality

Вторник, 23.04.2024, 16:10

Вітаю Вас Гость | RSS
Галоўная | Гендэрная бібліятэчка | Рэгістрацыя | Уваход
Меню сайта

Катэгорыі каталога
Прэса аб праграме [78]

Наша апытанне
Выкладанне асноў гендэралогіі ў беларускіх школах…
Усяго адказаў: 57

Галоўная » Артыкулы » Прэса аб праграме » Прэса аб праграме

“Рэдакцыйная пошта”
 
 
 
Выдатнага часу сутак, дарагія сябры!
Я выказваю падзяку нашым радыёслухачам, якія прыслалі ці занеслі разнастайную карэспандэнцыю на віцебскую паштовую скрынку.
Некалькі дзён назад завяршылася трэцяя гданьская віктарына. Яе канчатковыя вынікі прагучаць праз два тыдні. Сёння ж я назаву правільныя адказы.
1. Гданьск называюць горадам на рацэ Матлава. Менавіта на гэтай воднай артэрыі і ўзнікла старажытнае паселішча. Потым горад шматкроць пашыраўся і дасягнуў Віслы, куды ўпадае Матлава. 
2. У Данцыгу нарадзіўся адзін з нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры. Значная частка ягонай творчасці прысвечана гэтаму гораду. У прыватнасці, ён напісаў "Данцыгскую трылогію”. Гэтага пісьменніка, скульптара, мастака, графіка завуць Гюнтэр Грас. 
3. Гданьскі аэрапорт імя Леха Валенсы штогод абслугоўвае амаль два мільёны пасажыраў. Ён размешчаны ў Рэмбехуве. У Касокуве знаходзіцца аэрапорт суседняй Гдыні.
4.  Гданьская футбольная каманда называецца "Lechia”. Кароткі час пасля Другой сусветнай вайны гэты клуб меў назоў "Baltia”. 
5. Афіцыйная Інтэрнет-старонка горада Гданьска – гэта www.gdansk.pl. Хаця сайт www.dawnygdansk.pl таксама існуе.
У жніўні пачнецца новая віктарына пра горад на Матлаве. Таму, калі ласка, уважліва сачыце за нашым эфірам!
Зараз зноў крыху пагавару пра чутнасць нашага радыё. Гэтым разам я звяртаюся да аналізу прыёму ў Буда-Кашалёўскім раёне Гомельскай вобласці. Тут нас уважліва маніторыць вядомы беларускі DX-іст Сяргей Балбасаў. 20 ліпеня ён напісаў:
"Лета ў самым сваім разгары, часам даволі спякотнае, іншы раз падорыць грымоту з дажджом, але ў цэлым уражанне ад гэтай пары вельмі прыемнае. Параўнаць з пераменай летняга надвор’я можна і зменлівую сітуацыю з чутнасцю на хвалях Польскага радыё. Па-першае, праходжанне сігнала на частаце 11760 кілагерц асаблівых нараканняў не выклікае. Па-другое, на частаце 11955 кГц зараз перашкоды ад "Голасу Турцыі” фіксуюцца значна менш. Па-трэцяе, частата 15480 кілагерц цяпер праходзіць стабільна, аднак – наколькі мне вядома – не ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Так, з тэлефоннай размовы з радыёаматарам з Кобрына Сяргеем Магонавым, вашым пастаянным слухачом, мне стала вядома, што чутнасць на захадзе краіны на 15480 кГц неспрыяльная. Вельмі не задавальняе і сітуацыя з частатой 1386 кілагерц. Аналізуючы чутнасць на ёй, прыходзіш да высновы: за гадзіну праслухоўвання ўдаецца пачуць не больш за 3 – 5 хвілін рэальнай праграмы, а ўсё астатняе – марна патрачаны час.
Сітуацыя на частаце 612 кГц застаецца нязменнай – чутнасць на 3 балы, але гэта не засмучае, як поўная адсутнасць сігналу”. Канец цытавання.
Пераходжу да іншых тэм.
У чарговы раз я напамінаю, што ў нашым эфіры ідзе дыскусійнае гендэрнае абмеркаванне. Радыёслухачы выказваюцца наконт гендэрных парытэтаў у палітыцы. Зараз у Польшчы актыўна абмяркоўваецца гэтая тэма. Полькі менш актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. У прыватнасці, яны слабей прадстаўлены ў парламенце. Частка палітыкаў і грамадскіх дзеячаў прапанавала ўвесці на выбарах парытэтны ўдзел абодвух полаў. Гаворка ідзе пра тое, каб жанчыны й мужчыны балатаваліся ў пэўных суадносінах. Напрыклад, 50 на 50. Паводле прыхільнікаў гэтай ідэі, такая практыка павінна быць замацавана ў законе, каб выбарчыя спісы той ці іншай партыі або групы давалі роўныя шанцы мужчынам і жанчынам. Ёсць шмат апанентаў гэтай прапанове. Некаторыя з іх кажуць, што парытэт у выбарчых кампаніях можа быць фікцыяй. Яшчэ хтосьці гаворыць, што здольная жанчына сама праб’е сабе дарогу ў палітычнае жыццё. 
А што вы, паважаныя радыёслухачы, думаеце на гэты конт? Як вы лічыце, ці варта пераходзіць да парытэтаў у палітыцы? Ці трэба іх замацоўваць на ўзроўні закону? Якія плюсы й мінусы можа мець такое рашэнне? Ці магчымая альтэрнатыва парытэтам у палітыцы?
Пры напісанні працы вам могуць дапамагчы журналісцкія матэрыялы ў эфіры нашага радыё, а таксама публікацыі на адмысловых web-старонках www.gender.do.am і www.schoolgender.do.am.
Прызёраў дыскусійнага абмеркавання чакаюць разнастайныя прэзенты. Сярод іх будуць мабільны тэлефон і радыёпрыёмнік з лічбавым наборам частаты.
Такія ж падарункі падрыхтаваны і для пераможцаў трэцяга гендэрнага конкурсу.
Каб паўдзельнічаць у ім, трэба прывесці не менш за два прыклады дыскрымінацыі па полавай прыкмеце ў сучаснай Беларусі. Неабходна грунтоўна апісаць гэтыя выпадкі, даказаўшы несправядлівы характар адносін да жанчын ці мужчын. Памер гендэрнай працы не павінен перавышаць тры старонкі А4. Вельмі вас прашу запісваць ці друкаваць тэкст на адным баку аркуша.
Пры выбары пераможцаў будуць улічвацца арыгінальнасць працы, яснасць выкладання матэрыялу, гендэрная карэктнасць выказванняў. Апошняе азначае, што трэба пазбягаць сексісцкіх штампаў кшталту "моцны пол”, "прыгожая палова чалавецтва”, "жаночая логіка”. 
Вам дапамогуць напісаць працу па гендэрнай дыскрымінацыі матэрыялы на web-старонцы www.gender.do.am. У першую чаргу прапаную шукаць інфармацыю на сайце ў раздзелах "Навіны” і "Гендэрная бібліятэчка”.
Поўнасцю ці часткова вашы выказванні прагучаць на хвалях Польскага радыё для замежжа у рубрыцы "Рэдакцыйная пошта”.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на творчы конкурс да 17 верасня,  а на дыскусію – да 30 верасня 2010 года.
Пасля правядзення цыкла гендэрных конкурсаў прынамсі два прызёры атрымаюць выніковыя гран-пры. Гэта паездка ў Польшчу ў другой палове бягучага года.
Гендэрныя конкурсы ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі спансіруе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў РП.
Шаноўныя радыёслухачы! Я чакаю адказаў на гендэрныя конкурсы, справаздач пра чутнасць, заявак у "Канцэрт віншаванняў” ды іншых допісаў па адрасу: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Наша радыёстанцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас нашай старонкі ў Сусветным павуцінні: www.radyjo.net.
Категория: Прэса аб праграме | Добавил: viator (07.08.2010) | Автор: Юрый Сцяпанаў
Просмотров: 625 | Рейтинг: 0.0/0 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма Уваходу


Пошук

Сябры сайта
Адукацыйныя і асветніцкія сайты [6]
Гендэрныя веды [2]
Гендэрныя грамадскія арганізацыі, праекты і праграмы [11]
Сайты сексуальных меншасцяў [5]
Сацыяльныя сайты [3]
Спонсарскія структуры [9]
Радыё [20]
Прэса [9]
Інфармацыйныя агенцтвы [4]
Іншыя рэсурсы [1]

Статыстыка


Гэты рэсурс дафінансоўваецца Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы “Polska Pomoc”.
Сайт выказвае выключна меркаванні сваіх аўтараў і не мае ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі польскага МЗС.
Copyright © 2008-2024 by gender.do.am. Designed by viator 2008 © all rights reserved.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у Інтэрнеце просім даваць прамую гіперспасылку на gender.do.am.
Ідэя сайта распрацавана Юрыем Сцяпанавым.