Крок да роўнасці | Krok ku równości
Шаг к равенству | Step towards equality

Воскресенье, 24.11.2024, 18:55

Вітаю Вас Гость | RSS
Галоўная | Объявления | Рэгістрацыя | Уваход
Меню сайта

Раздзелы навінаў
Навіны [328]
Падзеі
Новости [132]
События

Каментары
Мужчынскі погляд Аляксандра Пукшанскага [9]

Наша апытанне
Выкладанне асноў гендэралогіі ў беларускіх школах…
Усяго адказаў: 57

Форма ўваходу


Нам дапамагае
polska pomoc

Пошук

 
Конкурс “Ноутбук для актыўнага настаўніка”
 
Абвешчаны конкурс адукацыйных матэрыялаў “Ноутбук для актыўнага настаўніка” на 2009 год. Ягоная мэта – стварэнне новых адукацыйных і дыдактычных матэрыялаў развіццёвай педагогікі, іх папулярызацыя і стварэнне ўмоваў для доступу да іх шырокаму колу педагогаў.
Конкурс праводзіцца па пяці намінацыях:
  1. “Методыка выкладання вучэбных прадметаў у школах і нефармальнай адукацыі” (метадычны дапаможнік).
  2. “Сучасны урок” (распрацоўка школьных урокаў, факультатыўных заняткаў).
  3. “Грамадзянская адукацыя і нацыянальная школа” (адукацыйны праект, даследаванне, майстар-клас, сцэнар семінара, пазакласных заняткаў ці іншых мерапрыемстваў).
  4. “Настаўнік – сям’я – грамадства” (адукацыйны праект, даследаванне, майстар-клас, аналітычны артыкул і г.д ).
  5. “Адукацыйны інтэрнет-рэсурс” (сайт педагога, навучальнай установы, школьнага клуба, гуртка і г. д.).
Для ўдзелу ў конкурсе неабходна да 15 сакавіка 2009 года даслаць свае матэрыялы на адрас: nastaunik.info@gmail.com. Пры гэтым неабходна далучыць ліст з абгрунтаваннем таго, як удзельнік плануе выкарыстоўваць ноутбук у сваёй дзейнасці.

 Праграма для школ і моладзевых груп  “Еўрапейцы за мір”
 
У межах праграмы “Europeans for Peace. Looking back and moving forward” Фонд “Памяць, адказнасць і будучыня” падтрымлівае міжнародныя сумесныя праекты паміж школамі, моладзевымі групамі ці аб’яднаннямі з Нямеччыны і краінаў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропы або Ізраіля.
Мэтавую групу складае моладзь ад 14 да 21 гадоў.
Агульная тэма праектаў 2009 года: “1939 – 2009. Сябар і вораг у СМІ”.
Маладыя людзі павінны вывучаць прыклады “вобраза ворага і сябра” ў мас-медыя ў перыяд з 1939 па 2009 год. Даследаванні могуць тычыцца гістарычных або сучасных тэм, падабенства і адрознення паміж мінуўшчынай і цяперашнім днём.
Праекты мусяць распрацоўвацца і ажыццяўляцца супольна, улічваць пункты гледжання партнёраў. Даследаванні павінны быць цікавымі для моладзі, і ў той жа час накіроўваць на дыялог паміж пакаленнямі.
Сумесная (працягласцю да года) праца над праектамі будзе падтрымана фінансава (на правядзенне сустрэч і набыццё неабходных матэрыялаў). 10 даследаванняў могуць дадаткова прэміявацца. Праекты, абраныя для падтрымкі, павінны ажыццяўляцца паміж ліпенем 2009 года і чэрвенем 2010 года.
Апошні тэрмін падачы праектаў заканчваецца 15 студзеня 2009 года.
На пляцоўцы www.europeans-for-peace.de размешчаная больш падрабязная інфармацыя аб праграме.

 Конкурс “Сучасны ўрок”
 
Арганізатарамі конкурсу “Сучасны ўрок. Інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання” з’яўляюцца Фонд “Адукацыя для дэмакратыі” (Польшча), Лабараторыя грамадзянскай адукацыі “Пошук” (Украіна) і структуры, якія ўваходзяць у Міжнародную сетку “EDITNET”.
Мэта мерапрыемства: стварэнне новых адукацыйных і дыдактычных матэрыялаў развіццёвай педагогікі і іх папулярызацыя, а таксама стварэнне ўмоў для доступу да іх шырокаму колу педагогаў.
Конкурс “Сучасны ўрок. Інавацыйныя тэхналогіі навучання і выхавання” праводзіцца па двух напрамках:
  • метадычныя распрацоўкі заняткаў з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій навучання на занятках па школьных прадметах;
  • метадычныя распрацоўкі выхаваўчых заняткаў на тэму “Аб’яднаная Еўропа: гісторыя, рэаліі і перспектывы”.
Умовы ўдзелу ў конкурсе
  • метадычная распрацоўка можа мець не больш за тры аўтары; кожны аўтар або група аўтараў мае права прадставіць не больш за тры распрацоўкі;
  • метадычныя распрацоўкі заняткаў і выхаваўчых заняткаў павінны быць арыгінальнай ідэяй аўтара з выкарыстаннем актыўных метадаў навучання;
  • метадычныя распрацоўкі заняткаў і выхаваўчых заняткаў павінны быць новай ідэяй аўтара, якія не былі апублікаваныя ні ў адной з форм. Але ў той жа час гэта могуць быць канспекты тых заняткаў і заняткаў, якія былі рэальна праведзеныя з навучэнцамі;
  • матэрыялы павінны быць напісаныя на рускай мове і ў такой форме, каб настаўнік/выхавальнік/апякун групы змог без цяжкасцяў правесці па гэтым канспекце занятак.
Метадычныя распрацоўкі могуць быць прадстаўленыя да 30 лістапада 2008 года. Іх трэба накіраваць у электроннай форме на e-mail: chabox@yandex.ru.
Прадстаўленыя працы будуць размешчаныя ў Інтэрнеце на сайце Сеткі “EDITNET”.
Акрамя метадычнай распрацоўкі, удзельнікі спабору павінны прадаставіць рэцэнзіі на адзін урок і на адзін выхаваўчы занятак, пададзеныя на конкурс і размешчаныя на старонцы www.editnet.org.
Падача матэрыялаў на спабор “Сучасны ўрок” азначае перадачу правоў арганізатарам конкурсу  на выкарыстанне ў бясплатных выданнях, размяшчэнне ў Інтэрнеце, а таксама публікацыю ў электроннай форме з мэтай папулярызацыі актыўных метадаў навучання.

 Шаноўнае спадарства!
 
12 кастрычніка а дванаццатай гадзіне ў Віцебску працягне сваю працу педагагічны дыскусійны клуб па гендэрнай праблематыцы. Агульная тэматыка восеньскіх абмеркаванняў будзе тычыцца ўзаемаадносінаў мужчын і жанчын.
Клуб адкрыты для настаўнікаў і выхавацеляў сярэдняга звяна адукацыі, а таксама для ўсіх, каго цікавіць гендэрная праблематыка.
На кожным з пасяджэнняў найбольш актыўныя дыспутанты атрымаюць невялікія прызы. Апроч таго, для ўсіх удзельнікаў прадугледжаны пачастунак.
Пра месца дыскусійных спатканняў можна даведацца па тэлефонах: +375 29 666 37 54 (Velcom) ды +375 29 892 82 84 (МТС).

Выданне пра ролю СМІ ў асвятленні праблемы гандлю людзьмі
 
У Беларусі з’явіўся рускамоўны дапаможнік “Уклад сродкаў масавай інфармацыі ў рашэнне праблем гандлю людзьмі: зборнік матэрыялаў для журналістаў”.
У кнізе прыведзены канкрэтныя прыклады працы па асвятленні ў СМІ праблемы гандлю людзьмі, даюцца парады маладым журналістам, якія ўпершыню будуць займацца тэмай гвалту, выказаны практычныя рэкамендацыі па этыцы і бяспецы.
Зборнік распаўсюджваецца бясплатна.
Па пытаннях атрымання дапаможніка, калі ласка, звяртайцеся па электронным адрасе: lastrada@infonet.by. Замовіць кнігу таксама можна па тэлефону: +375 17 295 31 67.

Паслядыпломнае навучанне па развіцці і рэалізацыі правоў жанчын
 
Міжнародны прававы цэнтр “Interights”, які мае статус кансультанта пры Эканамічнай і сацыяльнай Радзе ААН, Радзе Еўропы, а таксама Афрыканскай камісіі па правах чалавека, запрашае да ўдзелу ў інтэрнатуры па развіцці і рэалізацыі правоў жанчынаў.
Шасцімесячная інтэрнатура разлічаная на юрыстаў з краінаў-членаў Рады Еўропы, у тым ліку і дзяржаў былога СССР, распачнецца ў студзені 2009 года.
 
Патрабаванні да заяўніка:
  • мець вышэйшую юрыдычную адукацыю;
  • мець досвед працы ад трох год у якасці практыкуючага юрыста ў Цэнтральнай, Усходняй Еўропе, а таксама ў краінах былога СССР;
  • выдатна разбірацца ў сітуацыі з правамі жанчынаў у Цэнтральнай, Усходняй Еўропе, а таксама ў краінах былога СССР;
  • мець досвед працы з Еўрапейскай канвенцыяй па правах чалавека, быць знаёмым з еўрапейскім заканадаўствам па правах чалавека;
  • быць знаёмым з канвенцыямі ААН, камітэтамі, а таксама механізмамі змагання з усімі формамі дыскрымінацыі жанчынаў;
  • быць абазнаным у рэгіянальных і міжнародных практыках па абароне правоў чалавека;
  • мець досвед працы з недзяржаўнымі арганізацыямі па абароне правоў жанчынаў у сваім рэгіёне;
  • валодаць добрай вуснай і пісьмовай ангельскай мовай;
  • валодаць моцнымі даследніцкімі, аналітычнымі навыкамі.
“Interights” аплачвае ўсе дарожныя выдаткі, у тым ліку расходы на страхаванне і візу. Запланавана стыпендыя. Выдаткі на пражыванне не ўключаюцца, аднак “Interights” можа дапамагчы з пошукам жылля.
Заяўка мусіць утрымоўваць суправаджальны ліст, сціслыя біяграфічныя дадзеныя, адну з нядаўніх неапублікаваных даследаванняў памерам не больш за дзве тысячы слоў. Даследаванне мусіць быць праведзеным па правах чалавека, асабліва вітаюцца працы па правах жанчынаў. Акрамя таго, прадугледжанае тэлефоннае інтэрв’ю заяўніка.
Апошні тэрмін падачы заявак: 19 верасня 2008 г. да 17.00 па Грынвічу. Заяўкі адсылайце праграмнаму каардынатару Бет Фернандэз: bfernandez@interights.org.

Адукацыйная праграма ў Польшчы
 
Польская арганізацыя “Агенцтва міжнародных ініцыятываў” запрашае прыняць удзел у штогадовай адукацыйнай праграме “Лідэры для дэмакратыі” і “Гендэрныя праблемы постсавецкай прасторы” (толькі для жанчынаў), якая адбудзецца ў Кракаве (Малапольскае ваяводства, Польшча).
Разглядаюцца заяўкі ад прадстаўнікоў недзяржаўных арганізацый, партыяў, моладзі, якая падтрымлівае дэмакратычныя каштоўнасці. Узрост удзельнікаў павінен быць ад 18 да 35 год.
 
Стажыроўкі пройдуць у чатыры этапы:
  • з 17 па 26 верасня 2008 г.,
  • з 15 па 24 кастрычніка 2008 г. (толькі жаночы пол),
  • з 12 па 21 лістапада 2008 г.,
  • з 3 па 12 снежня 2008 г. (толькі жаночы пол).
Можна абраць зручны для стажыроўкі час удзелу і паведаміць аб гэтым у анкеце. Аформіць заяўку можна толькі на адну з пералічаных вышэй стажыровак.
 
Арганізатары праграмы забяспечваюць:
  • афармленне дакументаў для вырабу візы,
  • страхоўку на час знаходжання ў Польшчы,
  • аплату праезду ў абодва бакі (цягнік, аўтобус),
  • культурную праграму,
  • харчаванне, пражыванне ўдзельнікаў.
Для ўдзелу ў стажыроўцы і афармлення запрашэння для візы неабходна запоўніць і адаслаць анкету на адрас biuro.program@gmail.com. Усе кандыдаты, якія прайшлі адбор, атрымаюць паведамленне і дадатковую інфармацыю.
 
Тэрміны падачы анкет:
  • на верасень – да 15 жніўня,
  • на кастрычнік – да 1 верасня,
  • на лістапад – да 25 верасня,
  • на снежань – да 1 лістапада.

Летнік для дзяўчат на вілейскім вадасховішчы
 
Грамадская арганізацыя “Правінцыя” запрашае дзяўчат 17 – 20 гадоў у інтэграцыйны летнік, які адбудзецца 20 – 30 жніўня 2008 года на беразе Вілейскага вадасховішча.
Падчас працы лагера дзяўчаты:
  • пройдуць камунікатыўны трэнінг па навучанні эфектыўным адносінам і супрацоўніцтву, уменні валодаць сабой,
  • прымуць удзел у дыскусіях на розныя духоўна-філасофскія тэмы,
  • пройдуць спартыўную падрыхтоўку,
  • абмяркуюць спецыфічныя жаночыя праблемы,
  • змогуць прыняць удзел у розных забаўляльных гульнях.
Апошні тэрмін падачы заяўкі – да 5 жніўня.
Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць па электроннай пошце: lytkin@tut.by, borprovincia@yandex.ru.
 

Фестываль нефармальнай адукацыі ў Менску
 
10 – 12 кастрычніка 2008 года ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Йаханеса Рау адбудзецца Другі фестываль нефармальнай адукацыі.
Да ўдзелу ў ім запрашаюцца прадстаўнікі арганізацый, якія працуюць у сферы асветы ў Беларусі ды іншых еўрапейскіх краінах.
Удзел у імпрэзе можа быць заяўлены ў наступных формах:
  • аўтар паведамлення на секцыі, круглым стале;
  • арганізатар майстар-класы, “дэманстрацыйнага курса”, трэнінга;
  • прэзентацыя кнігі альбо іншага выдання і ўдзел у конкурсе выданняў;
  • прэзентацыя арганізацыі (падрыхтоўка стэнда і ўдзел у конкурсе на лепшы стэнд);
  • публікацыя ў часопісе “Адукатар”;
  • вольны ўдзел.
 
Рэгістрацыйны ўнёсак за ўдзел у фестывалі складае:
 
1) для беларускіх удзельнікаў:
  • у выпадку рэгістрацыі да 1 жніўня 2008 г. – 15 000 бел. руб.,
  • у выпадку рэгістрацыі да 10 верасня 2008 г. – 25 000 бел. руб.
2) для замежных удзельнікаў:
  • з пражываннем – 90 еўра,
  • без пражывання – 30 еўра.
Звяртаем вашу ўвагу, што арганізатары не кампенсуюць транспартныя выдаткі ўдзельнікаў.
Апошні тэрмін падачы заявак: 10 верасня 2008 года.
Даведкі па тэлефонах: +375 29 612 09 73 (Уладзіслаў Вялічка); +375 29 151 93 97, +375 29 408 07 17 (Галіна Верамейчык); +375 29 378 71 83, +375 29 509 47 88 (Ірына Капарыха).
 
Больш падрабязная інфармацыя размешчана на веб-пляцоўцы www.adukatar.net.
 

Конкурс пра Міжнародны дзень мужчын
 
Конкурс ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і выканальнікамі міжнароднага праекта “Крок да роўнасці”. Мы прапаноўваем  вам адказаць на пытанне віктарыны і паўдзельнічаць у творчым спаборніцтве. Конкурс тычыцца гендэрнай тэматыкі, гэта значыць, становішча мужчын і жанчын у грамадстве.
Усе удзельнікі, хто прышле верныя адказы на віктарыну, атрымаюць невялікія прызы. А вось тром пераможцам (гэта значыць тым, хто не толькі правільна адкажа на пытанне, але й дадаткова прышле творчую працу) будуць высланыя каштоўныя ўзнагароды.
Якія?
Пра іх крыху пазней. Зараз пытанне віктарыны: “Ці існуе Міжнародны дзень мужчын? Калі – так, то просім назваць ягоную дату”. Творчае заданне наступнае: калі ласка, напішыце, як у Беларусі адзначаецца 8 Сакавіка, і як можна адсвяткаваць Міжнародны дзень мужчын.
Цяпер пару слоў пра галоўныя ўзнагароды. Тры пераможцы, якія зоймуць першае, другое і трэцяе месцы, атрымаюць радыёпрыёмнікі з кароткімі хвалямі.
Свае адказы на віктарыну і творчыя працы, калі ласка, накіроўвайце на беларускі адрас Польскага радыё для замежжа. Ён гучыць так: абаненцкая скрынка 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Лісты на конкурс з адказамі на віктарыну і творчымі працамі прымаюцца да 31 кастрычніка 2008 года. У лістападзе будуць падведзеныя вынікі.

 
Конкурс грантаў для жаночых НДА
 
Украінскі жаночы фонд абвяшчае конкурс грантаў для жаночых грамадскіх арганізацыяў Беларусі, Украіны й Малдовы, якія займаюцца вырашэннем жаночых і гендэрных праблем ды якія:

- працуюць не меньш за 2 гады (зарэгістраваныя да 31 снежня 2005 года);
- маюць папярэдні досвед рэалізацыі праектаў з абранага прыярытэтнага напрамку.

У межах конкурсу падтрымліваюцца праекты па наступных кірунках:


  1. Роўныя магчымасці для мужчын і жанчын у палітыцы ды грамадскім жыцці.
  2. Ліквідацыя дыскрымінацыі ў эканамічным і сацыяльным жыцці.
  3. Ліквідацыя дыскрымінацыі жанчын, якія пражываюць у сельскай мясцовасці.
  4. Роўнасць мужчын і жанчын перад законам.

Захады ў межах праектаў могуць прадугледжваць: кампаніі па абароне правоў і лабіяванні інтарэсаў, інфармацыйныя кампаніі, выданні, маніторынг заканадаўства, правядзенне навучальных і кансультатыўных праграм.

Максімальны памер гранта: 3000 долараў ЗША. Працягласць рэалізацыі праекта: 6 месяцаў. Апошні тэрмін падачы заявак: 10 чэрвеня 2008 года.
Праекты неабходна падаваць асабіста альбо дасылаць поштай па адрасе: вул. Арцёма, 79, офіс 38, г. Кіеў, 04050, Украіна. Аплікацыйную форму можна атрымаць у офісе УЖФ альбо на сайце http://www.uwf.kiev.ua/ у раздзеле “Конкурсы”.

За дадатковай інфармацыяй звяртайцеся да Ганны Кананенка па электронным адрасе: anna@uwf.kiev.ua, тэлефоне: +44 568 53 89, альбо да Алены Лаўрынавай па электронным адрасе: alena@uwf.kiev.ua, тэлефоне: +44 568 53 89.

Конкурс прысвечаны 30-годдзю прыняцця Генеральнай Асамблеяй ААН Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі жанчынаў (CEDAW).

 
Конкурс летніх інфармацыйна-адукацыйных праектаў
 
Конкурс скіраваны на падтрымку адукацыйнай ды інфармацыйнай дзейнасці педагогаў і адукатараў у летні перыяд. 
Праекты могуць быць выкананы ў розных формах, такіх, як праца у летніках, сустрэчы, трэнінгі для навучэнцаў, калегаў, мясцовых жыхароў, падрыхтоўка і выпуск актуальных інфармацыйных матэрыялаў для пэўных сацыяльных груп і г.д. Вітаюцца праекты, досвед якіх можа быць распаўсюджаны на рэгіянальным і  нацыянальным узроўні, якія накiраваны на грамадзянскую адукацыю, развіццё крытычнага мыслення дзяцей, моладзі, педагогаў, бацькоў, мясцовага насельніцтва, якія пашыраюць дэмакратычныя каштоўнасці незалежнай беларускай дзяржавы.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца настаўнікі, выкладчыкі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных установаў, выхавацелі, бацькі, асобы і грамадскія арганiзацыі, што працуюць у сферы фармальнай і нефармальнай адукацыі.

 

Умовы конкурсу:


  • праект можа быць выкананы ад даты абвяшчэння вынікаў конкурсу да верасня 2008 года ўключна;
  • cправаздача па праекце павінна быць здадзена не пазней за 30 верасня 2008 года;
  • максімальны бюджэт праекта не павінен перавышаць 500 долараў ЗША;
  • перавага будзе аддавацца малабюджэтным праектам;
  • для ўдзелу ў конкурсе патрэбна запоўніць адпаведную анкету-заяўку і даслаць яе да 5 траўня 2008 года на электронны адрас: kupalinka2008@gmail.com
  • як правіла, не падтрымліваюцца адміністрацыйныя выдаткі і закупка тэхнікі

 
Семінар у Нямеччыне для прадстаўнікоў беларускіх школ
 
Нямецкая служба педагагічных абменаў сумесна з Фондам “Сустрэчы Усход-Захад” прапануе беларуска-германскія й украінска-германскія школьныя партнёрскія сувязі ды рыхтуе візіты для прадстаўнікоў беларускіх устаноў адукацыі.
Прадстаўнікі зацікаўленых беларускіх школ запрашаюцца да ўдзелу ў кантактным семінары ў Берліне 8 – 15 лістапада 2008 года.
Візіт будзе складацца з двух частак:
9 – 11 лістапада – семінары-сустрэчы для беларускіх і ўкраінскіх удзельнікаў,
12 – 14 лістапада – сустрэчы беларускіх груп (вучняў і настаўнікаў) з магчымымі партнёрамі з ФРГ (прадстаўнікамі германскіх школ), абмеркаванне супольных праектаў.
Усе выдаткі – за кошт арганізатараў.
Апошні тэрмін падачы заявак на ўдзел – да 10 траўня.
Падрабязная інфармацыя аб крытэрах адбору ўдзельнікаў, форма заяўкі і апісанне праграмы – на web-пляцоўках: www.kmk.org/pad/home.htm, http://www.stiftung-woeb.de/.
З пытаннямі, калі ласка, звяртайцеся да каардынатаркі Галіны Верамейчык.
Тэлефон/факс: + 375 17 200 31 82, тэлефоны: +375 29 408 07 17,  +375 29 151 9397
Электронная пошта: weremejtschik@ibb.by.

 
Конкурс дзіцячых малюнкаў на тэму гендэрнай роўнасці
 
Еўрапейская Камісія надае значную ўвагу падтрымцы захадаў, накіраваных на ўзмацненне гендэрнай роўнасці (у тым ліку ў паводзінах хлопцаў і дзяўчын) і фармаванню негатыўных адносін да насілля супраць дзяўчын і жанчын. Летась у якасці працягу праграмы інфармавання моладзі пра гендэрныя пытанні і з нагоды мінулагодняга Міжнароднага жаночага дня ды пяцідзесяцігоддзя Рымскіх дамоваў, Еўрапейская Камісія заснавала конкурс малюнкаў па бачанню дзецьмі – будучымі дарослымі – роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі. Зважаючы на поспех папярэдняга конкурсу і вялікую зацікаўленасць школьнікаў у гэтым мерапрыемстве, а таксама з нагоды сёлетняга Дня жанчын, Еўракамісія прыняла рашэнне аб правядзенні ў 2008 годзе новага творчага спаборніцтва на тэму роўнасці абодвух палоў. Удзел дзяцей у дадзеным мерапрыемстве стане сведчаннем таленту, энтузіязму ды замацавання панятку “гендэр” у свядомасці дзяцей ва ўзросце ад 8 да 10 гадоў.
 
Хто можа браць удзел у конкурсе?
 
  • Табе мусіць быць ад 8 да 10 гадоў.
  • Удзельнікі конкурсу мусяць жыць у адной з краін-удзельніц конкурсу, якія належаць да такіх рэгіёнаў: Афрыка, Азія, Карыбскі рэгіён, краіны-суседзі Еўрапейскага Саюзу, Лацінская Амерыка, Міжземнамор’е, Ціхаакіянскі рэгіён.
  • Ты мусіш хадзіць у школу ў Беларусі альбо Украіне.
  • Ты павінен/павінна прадставіць малюнак, які адлюстроўвае роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі, на аркушы паперы А4.
  • Калі жадаеш, ты можаш напісаць на сваім малюнку яго назву.
  • На іншым баку малюнка ты павінен/павінна напісаць свае імя і прозвішча, свой узрост, кантактны нумар тэлефону і хатні адрас, а таксама клас, адрас і нумар тэлефона сваёй школы. Малюнкі, які не змяшчаюць кантактнай інфармацыі пра аўтара (аўтарку), разглядацца не будуць.
  • Ты мусіш даслаць свой малюнак у прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ва Украіне і Беларусі на адрас: вул. Круглоуніверситетська, 10, м. Київ, 01024, Україна – з пазнакаю: “На конкурс дзіцячых малюнкаў”. Паклапаціся, каб твой малюнак дайшоў да 30 красавіка 2008 года! Малюнкі, якія прыйдуць пасля 30 красавіка, разглядацца не будуць.
  • Аўтары 10 найлепшых малюнкаў будуць узнагароджаны прызамі ад прадстаўніцтва Еўрапейскай Камісіі ва Украіне і Беларусі.
    2 найлепшых малюнкі ад кожнага рэгіёну, які бярэ ўдзел у конкурсе, будуць абраны дзецьмі з Еўрапейскага Саюза.
  • Двум пераможцам ад кожнага рэгіёну, якія бяруць удзел у конкурсе, будуць уручаны прызы агульным коштам 1000 еўра (2 прызы для кожнага рэгіёну).

  • За дадатковай інфармацыяй пра конкурс, калі ласка, звяртайцеся па тэлефоне ў Кіеве +44 279 85 75, альбо на электронны адрас: e.palivoda@fgl-energy.com, кантактная асоба – Алена Палівода.

Некаторыя правілы конкурсу
 
У конкурсе могуць браць удзел усе дзеці ва ўзросце ад 8 да 10 гадоў, якія пражываюць і ходзяць у школы у краінах-удзельніцах конкурсу ў наступных сямі рэгіёнах: Афрыка, Азія, Карыбскі рэгіён, дзяржавы-суседзі Еўрапейскага Саюза, Лацінская Амерыка, Міжземнамор’е, Ціхаакіянскі рэгіён, і маюць грамадзянства адной з гэтых краін.
Удзельнікам прапануецца зрабіць малюнак, адлюстроўваючы іх бачанне роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі, і па жаданні прыдумаць назву да малюнка.
Творчая работа павінна быць выканана на адным баку аркушу паперы фарматам не больш А4.
Назва малюнку не павінна перавышаць 5 радкоў і мусіць быць зроблена на тым самым баку паперы, дзе і малюнак.
На іншым баку малюнку неабходна напісаць імя, прозвішча і ўзрост дзіця, якое зрабіла малюнак, яго/яе кантактны нумар тэлефону і хатні адрас, а таксама клас, адрас і нумар тэлефона школы. Малюнкі, якія не змяшчаюць кантактнай інфармацыі пра аўтара, разглядацца не будуць.
Работы неабходна даслаць у прадстаўніцтва Еўрапейскай камісіі ва Украіне і Беларусі на адрас: Круглоуніверситетська, 10, м. Київ, 01024, Україна – з адзнакаю: “На конкурс дзіцячага малюнка”. Малюнкі, якія прыйдуць пасля 30 красавіка, разглядацца не будуць.
Журы, у склад якога увойдуць дзеці з Еўрапейскага Саюза, абярэ двух прызёраў ад кожнага рэгіёну, якія бяруць удзел у конкурсе.
Двум рэгіянальным пераможцам, якія бяруць удзел у творчым спаборніцтве, будуць уручаны прызы агульным коштам 1000 еўра.
Малюнкі пераможцаў будуць уключаны ў брашуру, што будзе распаўсюджана ў школах краін адпаведных рэгіёнаў і ў школах Еўрасаюза, вучні якіх бралі ўдзел у журы.
Удзельнікі пагаджаюцца з тым, што аўтарскае права на малюнкі належыць Еўрапейскай Камісіі.
Еўракамісія захоўвае ўсе дасланыя малюнкі. Удзельнікі не маюць права іх вернуць.
Арганізатары не нясуць адказнасці ў выпадку непрадбачаных абставін, якія вымагаюць адмены конкурсу ці ўнясення зменаў у яго.
Прадстаўленне малюнка азначае згоду ўдзельнікаў з умовамі творчага спаборніцтва. Скаргі на спосаб арганізацыі ці вынікі конкурсу прымацца не будуць. Рашэнне журы з’яўляецца канчатковым.
Асобнік гэтых правіл будзе дадзены усім школам і дзецям, якія жадаюць узяць удзел у творчым спаборніцтве.

 
Шаноўнае спадарства!
 
13 красавіка а дванаццатай гадзіне ў Віцебску распачне сваю працу педагагічны дыскусійны клуб па гендэрнай праблематыцы. Тэма першага абмеркавання – “Маскуліннасць і феміннасць. Неадназначнасць трактовак”. Плануецца, што далейшыя паседжанні будуць мець наступную накіраванасць: “Пол і гендэр: псіхалагічныя і сацыяльныя аспекты выхавання”, “Дэмакратыя пачынаецца ў сям’і. Гендэрнае радзіннае выхаванне” ды “Пашыраючы межы талерантнасці: гендэрная палітыка як методыка выхавання антысексізму”.
Клуб адкрыты для ўсіх настаўнікаў і выхавацеляў сярэдняга звяна адукацыі.
На кожным з пасяджэнняў найбольш актыўныя дыспутанты атрымаюць невялікія прызы. Апроч таго, для ўсіх удзельнікаў прадугледжаны бясплатны абед.
Пра месца першай сустрэчы і пра дэталі наступных дыскусійных спатканняў можна даведацца па тэлефонах: +375 29 666 37 54 (Velcom) ды +375 29 892 82 84 (МТС).


 
Абвесткі

Сябры сайта
Адукацыйныя і асветніцкія сайты [6]
Гендэрныя веды [2]
Гендэрныя грамадскія арганізацыі, праекты і праграмы [11]
Сайты сексуальных меншасцяў [5]
Сацыяльныя сайты [3]
Спонсарскія структуры [9]
Радыё [20]
Прэса [9]
Інфармацыйныя агенцтвы [4]
Іншыя рэсурсы [1]

Каляндар навінаў
«  Ноябрь 2024  »
ПнВтСрЧтПтСбВс
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930

Статыстыка


Гэты рэсурс дафінансоўваецца Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы “Polska Pomoc”.
Сайт выказвае выключна меркаванні сваіх аўтараў і не мае ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі польскага МЗС.
Copyright © 2008-2024 by gender-s.by. Designed by viator 2008 © all rights reserved.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у Інтэрнеце просім даваць прамую гіперспасылку на gender-s.by.
Ідэя сайта распрацавана Юрыем Сцяпанавым.