“З сябрамі я не сплю!” - Мужчынскі погляд Аляксандра Пукшанскага - Каментары - Гендэрная бібліятэчка - Крок да роўнасці | Krok ku równości | Шаг к равенству

Крок да роўнасці | Krok ku równości
Шаг к равенству | Step towards equality

Среда, 07.12.2016, 21:14

Вітаю Вас Гость | RSS
Галоўная | Гендэрная бібліятэчка | Рэгістрацыя | Уваход
Меню сайта

Катэгорыі каталога
Мужчынскі погляд Аляксандра Пукшанскага [9]

Наша апытанне
Выкладанне асноў гендэралогіі ў беларускіх школах…
Усяго адказаў: 55

Галоўная » Артыкулы » Каментары » Мужчынскі погляд Аляксандра Пукшанскага

“З сябрамі я не сплю!”
Гэта, на маю думку, тыповы адказ жанчыны на намёкі даўняга знаёмага сустрэцца, каб потым працягнуць размову ў "больш зручных умовах”, пікантных…
Не трэба вышукваць вынікі сацыялагічных апытанняў (калі такія, канешне, праводзіліся па тэме стасункаў паміж сябрамі), каб канстатаваць, што амаль 100 адсоткаў мужыкоў не супраць інтыму з дамамі, якіх ведаюць даўно: у прыватнасці, жылі па-суседзку, вучыліся разам, працавалі ў тым жа самым месцы і гэтак далей…
А ў жанчынаў – наадварот! Праверана на ўласным вопыце. "Мы ж з табой вучыліся!” – кінула равесніца, якая, дарэчы, ніколі ў шлюб не ўступала і дзяцей не мае. "Так, ты мне прыемны, але ж прабач…” – працягвала яна адказваць на мае даволі правакацыйныя пытанні.
А што тут такога! Ён і яна даўно ведаюць адзін другую, разумеюць з паўслова, жартуюць…
Толькі, прашу, не падумайце, шаноўныя чытачы, што мне не хапае сексу, быццам бы не стае "колькасці”, "якасці”. Між іншым, пры нагодзе: бадай, і не ўспомню, каб нехта з маіх прыяцеляў смела засведчыў, што поўнасцю задаволены полавым жыццём. Упэўнены, што нармальнаму мужыку, у якога няма праблем з патэнцыяй, не можа хапаць інтыму. Ну, мажліва, калі валодае гарэмам…
А, можа, таму многія шлюбы хутка распадаюцца, што муж і жонка не былі сябрамі? А вы наогул вы верыце ў магчымасць сяброўства паміж хлопцам і дзяўчынай?
Асабіста я раней у гэта верыў, калі пісаў вершы, лёгка мог закахацца, адным словам, быў рамантыкам. Тады насамрэч, успамінаецца, сябраваў з дзяўчынай.
З гадамі, безумоўна, досвед прывёў да перагляду прыярытэтаў. Цяпер, калі жанчына адмаўляе ў сексе і прапаноўвае сябраваць, мне такая схемка зусім недаспадобы.
Дарэчы, яшчэ пра адзін бок праблемы. Калі ёсць час і рабіць нічога карыснага ці дрэннага зусім не хочацца, наведваю папулярны сайт знаёмстваў. Вывучаю анкеты. Некаторыя вельмі ўважліва перачытваю. Напрыклад, дзяўчына прапаноўвае мужчынам сябраваць, секс выключаецца. На фотаздымку прыгажуня. І што, думаеце, шмат сяброў у яе з’явілася? Не упэўнены. Тымчасам праглядаў яе анкеты – некалькі тысяч. Сама прызналася пры перапісцы са мной, што амаль усе мужчыны прапаноўваюць ёй сустрэцца, каб пайсці далей сяброўства… Траціць час на ліставанне з ёй не стаў. Хай сябруе са сваім каханым, які ў яе ёсць, што адзначыла ў чарговым допісе...
А, можа, я ўсё ж памыляюся? І насамрэч сяброўскія адносіны паміж ім і ёй існуюць і норма для многіх? Хутчэй за ўсё, у такім выпадку сябруюць калегі па рабоце ці суседзі.
Заўважу, што многія мужчыны прынцыпова не заводзяць раманы на працы, бо ўпэўненыя, што такія ўзаеміны часта перашкаджаюць і раману, і рабоце. Як жанчыны, так і мужчыны вельмі любяць дзяліцца з калегамі сваімі інтымнымі пытаннямі. Дык ці будзе прыемна хадзіць на працу, дзе амаль усе ведаюць пра твае шуры-муры з супрацоўніцай суседняга аддзела? Ну, канешне ж, не!
Маці маіх дзяцей аднойчы ў запале выказала, што з такім чалавекам, як я, ніколі б не змагла пасябраваць. Ды і навошта! Сам такі ж у дачыненні да яе. Нарадзіла двух сыноў – і добра. Цяпер замест кахання (якога з яе боку ніколі і не было) ды сяброўства наш саюз замацоўвае нешта большае – шчырае супольнае жаданне вырасціць двух сыноў дастойнымі людзьмі. І не важна ў якой краіне яны будуць жыць, чым займацца, галоўнае, каб не парушалі законы, як мага меней грашылі, каб будучыя жонкі іх паважалі…
А магчыма, нехта з іх жэніцца на сяброўцы? Буду вельмі рады, бо каханне, як вядома, праходзіць, а сяброўства – гэта больш трывалыя сувязі, якія з гадамі, як добры каньяк, змяняюцца да лепшага.
Яшчэ наконт дружбы паміж ім і ёй. Наўрад ці Паэт (з вялікай літары!) мог бы натхніцца сяброўствам з жанчынай і стварыць шэдэўр на ўсе часы. Менавіта адчуванне закаханасці, на мой погляд, і ёсць рухавіком цывілізацыі. Часы мяняюцца, тэхніка ўсё складаней, а каханне (як і сяброўства!) – тая ж вечная каштоўнасць.
Хаця зараз ёсць і альтэрнатыва. Можна заняцца і віртуальным сексам. На тым жа сайце знаёмстваў ёсць адпаведныя прапановы ад жанчын. Зацікавіла, напісаў. Нейкая маладая на іншым канцы Сеціва просіць: "Напішы так, быццам бы я залежу ад цябе. Напрыклад, я сірата з прытулку, а ты ўзяў мяне дамоў…”. Не ведаю як вас, а мяне такое не ўзбудзіць ніколі. Выходзіць, сядзі на адлегласці ў сотні кіламетраў, напружвай мазгі, як лепш ёй напісаць пра "сірату з прытулку”, а спадарычні будзе смешна! Так, дарэчы, і атрымалася падчас нашай невялікай перапіскі. Паненцы проста маркотна было, што зразумеў адразу. Дык хай сумуе разам з сябрам, з якім не жадае спаць, ці сама з сабой.
Каб вы не зрабілі высновы, што піша гэтыя радкі нейкі праблемны мужык, парадую напрыканцы пернічкам.
Памятаецца, ездзілі з калегай з іншага горада на семінар у Польшчу праз Украіну. На кіеўскім вакзале мая спадарожніца выйшла на перон і затрымалася там амаль да адпраўкі нашага цягніка. Потым у купэ нашым растлумачыла, што гутарыла з мужчынам, з якім пазнаёмілася праз інтэрнет на адным з сацыяльных сайтаў. І неяк здзівіла мяне – песіміста з аптымістычнымі поглядамі (і такое бывае) – сваімі словамі пра тое, што перапісваюцца яны не першы год, а вось убачыліся толькі сёння.
Сяброўства паміж мужчынам і жанчынай ёсць, аказваецца! Магчыма, на чысціню іх стасункаў паўплывала вялікая адлегласць? Ёсць над чым паразважаць! Ці ж не так?
 
Аляксандр Пукшанскі, віцебскі журналіст
Категория: Мужчынскі погляд Аляксандра Пукшанскага | Добавил: viator (28.12.2010)
Просмотров: 427 | Рейтинг: 0.0/0 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма Уваходу


Пошук

Сябры сайта
Адукацыйныя і асветніцкія сайты [6]
Гендэрныя веды [2]
Гендэрныя грамадскія арганізацыі, праекты і праграмы [11]
Сайты сексуальных меншасцяў [5]
Сацыяльныя сайты [3]
Спонсарскія структуры [9]
Радыё [20]
Прэса [9]
Інфармацыйныя агенцтвы [4]
Іншыя рэсурсы [1]

Статыстыка


Гэты рэсурс дафінансоўваецца Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы “Polska Pomoc”.
Сайт выказвае выключна меркаванні сваіх аўтараў і не мае ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі польскага МЗС.
Copyright © 2008-2016 by gender.do.am. Designed by viator 2008 © all rights reserved.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у Інтэрнеце просім даваць прамую гіперспасылку на gender.do.am.
Ідэя сайта распрацавана Юрыем Сцяпанавым.