Сям’я – найвялікшая каштоўнасць для 99% польскага грамадства. Такі вынік сацыялагічнага апытання, якое правёў Цэнтр думкі й навучання імя Яна-Паўла ІІ.
Рэзультаты даследавання Польскаму радыё для замежжа прадставіў доктар сацыялагічных навук Томаш Жукоўскі. Ён звярнуў увагу на тое, што сямейнае жыццё па-ранейшаму застаецца каштоўнасцю ў польскім грамадстве, што адрознівае палякаў ад іншых нацыянальнасцяў, для якіх прыярытэтам з’яўляюцца правы індывідууму: “Можна сказаць, што палякі абіраюць і практыкуюць мадэль сям’і, якую можна назваць партнёрскай. Але гэтае партнёрства заключаецца ў тым, што ролі партнёраў не да канца такія самыя. Ад мужчыны патрабуецца, каб ён сканцэнтраваўся на здабыцці матэрыяльных сродкаў. А ад жанчыны, якая таксама працуе, каб, акрамя гэтага, свой час прысвяціла сямейным справам”.
Томаш Жукоўскі зазначае, што прывязанасць да сям’і праяўляецца вельмі моцна ў моладзевым асяроддзі: “Такая тэндэнцыя назіралася ўжо некалькі гадоў таму, калі пачалі гаварыць аб кансерватыўнай моладзі. Некаторыя нават спадзяваліся кансерватыўнага бунту. Факт фактам, але польскія маладзёны выражаюць большую прывязанасць да сям’і, чым іх старэйшыя браты, якім ужо больш за 30 гадоў”.
Сацыялагічныя даследаванні даводзяць, што ў польскім грамадстве паменшылася прыхільнае стаўленне да абортаў. “Пераважна жыхары Польшчы з’яўляюцца прыхільнікамі абароны жыцця, пры гэтым згаджаюцца на пэўныя выключэнні, напрыклад, цяжарнасць у выніку згвалтавання ці інцэсту, – сказаў сп. Жукоўскі. –Неабходна звярнуць увагу на тое, што цягам апошніх гадоў погляды палякаў змяніліся: перасунуліся ў бок абароны жыцця. Яшчэ ў дзевяностых гадах значная частка палякаў, а часам і большая частка, выказваліся за права легальнага выканання абортаў. Цяпер пераважная большасць выказваецца супраць. І гэта вялікая змена поглядаў”.
Гэтая з’ява можа быць вынікам навучання папы рымскага Яна-Паўла ІІ. Паводле сацыёлага, меркаванні пантыфіка паўплывалі і на адносіны палякаў да смяротнага пакарання: “У Польшчы назіраецца вельмі цікавая з’ява, бо ў гэтую справу вельмі выразна ўключыўся адзін з сучасных польскіх аўтарытэтаў. І палякі гэта заўважылі. Таму ў Польшчы ёсць своеасаблівы феномен, калі людзі розных поглядаў выказваюцца супраць выкарыстання смяротнага пакарання”.
З даследаванняў таксама вынікае, што ў польскім соцыуме ўсё больш павялічваецца прыхільнае стаўленне да разводаў.