Найбольшы аўтарытэт для маладых палякаў маюць самыя блізкія людзі
У артыкуле “Хто для цябе з’яўляецца аўтарытэтам? Мая маці” штодзённая газета “Dziennik” напісала пра апошнія даследаванні навукоўцаў аб аўтарытэтах ў польскім моладзевым асяроддзі. Сёння самым галоўным чалавекам для маладых палякаў з’яўляецца маці, наступнымі ідуць дзяўчына альбо хлопец і бацька. Гэтыя дадзеныя выклікалі здзіўленне ў экспертаў, бо яшчэ некалькі гадоў таму найбольшай павагай сярод моладзі карысталіся зоркі з вокладак газет і тэлеэкранаў.
Гэтае даследаванне сярод вучняў сярэдніх і старшых класаў польскіх школаў было праведзена сацыёлагамі Сілезскага цэнтра сацыяльнай палітыкі. Вучоныя задалі моладзі наступнае пытанне: хто з’яўляецца для вас аўтарытэтам і да чыёй думкі вы найбольш прыслухоўваецеся ў штодзённым жыцці? Самую высокую ацэнку ў моладзі атрымала маці – 4,3 балы з пяці магчымых. На другім месцы апынуліся – дзяўчына/хлопец, потым ідуць бацька, сябры і сваякі. Затое найменшым аўтарытэтам сярод моладзі карыстаюцца настаўнікі (ацэнка 2,15 з 5). Эксперты лічаць, што гэта вельмі пазітыўная змена. Раней на моладзь у асноўным уплывалі дзеячы палітыкі ці прадстаўнікі шоу-бізнеса, пра якіх пастаянна гаварылася ў СМІ. Блізкія асобы не карысталіся даверам. Цяпер сітуацыя змянілася. Маладыя людзі шукаюць для сябе прыкладаў сярод сваіх родных. “Штодзённыя кантакты з бацькамі складваюцца па-рознаму: бывае лепш, бывае горш. Аднак чалавек падрастае і прыходзіць час, калі трэба прымаць першыя сур’ёзныя рашэнні ў жыцці, напрыклад, што рабіць пасля школы. У гэты момант я ўважліва назіраю за сваімі бацькамі, хачу зрабіць такі выбар, каб у будучыні мець цікавае і шчаслівае жыццё, як яны”, – тлумачыць газеце старшакласніца Агнешка з Гдыні (Паморскае ваяводства).
Аднак большасць польскіх юнакоў і дзяўчат па-рознаму ацэньвае аўтарытэт маці і бацькі. Пераважае тэндэнцыя, калі мама становіцца галоўным прыкладам для маладых людзей, бо звычайна яна вырашае ўсе штодзённыя праблемы, паказвае, як выходзіць з цяжкіх сітуацый, дае парады, дапамагае дзецям. Таты маюць меншы аўтарытэт. Сацыёлагі тлумачаць гэта такой з’явай, як “сіндром непрысутнага бацькі”. Тата – гэта чалавек, які працуе ўвесь дзень і зарабляе на жыццё сям’і, але адсутнічае ў доме і не можа пабудаваць блізкіх і даверлівых адносінаў з дзецьмі.