Пра жаночую сексуальнасць казаць нялёгка, асабліва з тэатральных падмосткаў. Тым не менш, чатыры гданьскія акторкі – Малгажата Брайнэр, Таміра Кавалік, Іаанна Крэфт-Бака і Аліна Ліпніцка – робяць гэтае выдатна. Спалучаючы гумар з сур’ёзнасцю разглядаемых тэм, яны стварылі праўдзівы і адначасова незвычайна рознакаляровы вобраз гэтага элемента чалавечай прыроды.
Аднак не варта думаць, што “Маналогі вагіны” (“The Vagina Monologues”) маюць выключна сексуальны (пад)тэкст. Амерыканская драматург-феміністка Эв Энслер імкліва (усяго за 1 гадзіну 15 хвілін!) вядзе гледача праз рэальныя лёсы мноства самых розных жанчын. Вось яны (сам-на-сам або з кімсьці) упершыню пазнаюць асалоду, а вось ужо мусяць падпарадкавацца вытанчанай спакусе ці супрацьстаяць напору гвалтаўнікоў... Грамадства ж атачае жанчыну-вагіну забабонамі, патрабаваннямі, умоўнасцямі. Нормамі. Табу. Нават у мове. Спаконвечнае славянскае слова, “апаганенае” хрысціянствам, прамаўляецца адной з гераінь з замілаваннем. У гэты момант разгортваецца бліскучы ланцужок таямніц-асацыяцый, якія – для асобна ўзятай кабеты – узвышаюць непрыстойную назву жаночага “месцейка”... Пастаноўка ў тэатры “Узбярэжжа” (“Wybrzeże”) адметна не толькі незвычайнай тэматыкай і смелай лексікай, але й амаль цалкам “дамскім” творчым падыходам: пераклад п’есы, рэжысуру, сцэнаграфію і харэаграфію зрабілі жанкі. Адпаведна: Ханна Шчэркоўска, Альдона Фігура, Малгажата Шыдлоўска і Катажына Хмялеўска.
Юрый Сцяпанаў, фота аўтара
|