У чарговых гарадах Польшчы паяўляюцца “вокны жыцця”. Што гэта такое? Гэта ідэя прыдуманая Каталіцкай царквой. “Акно жыцця” – месца, дзе жанчына можа бяспечна і поўнасцю ананімна пакінуць нованароджанае дзіця, калі не хоча альбо не можа яго выхаваць. Першы “прыёмны пункт” адчыніўся тры гады таму ў кракаўскіх манашак-назарытанак. Да канца года па ўсёй краіне узнікне 20 такіх месцаў. “Акно жыцця” павінна хаця б часткова прадухіліць няшчасце дзіцяці і маці, у якіх не склаўся лёс. Мама, якая пакідае малыша, застаецца ананімнай і ніхто не спрабуе яе знайсці. “Акно жыцця” бяспечнае: яно абаграваецца і мае вентыляцыю. Пасля таго, як яго адчыняць, уключаецца сігналізацыя, якая выклікае манашак. Малое неадкладна вязуць у шпіталь у дзіцячае аддзяленне, дзе яно праходзіць комплекснае абследаванне. Пра далейшы лёс немаўляці вырашае суд і ўстановы па ўсынаўленні/удачарэнні. Дзеці вельмі хутка знаходзяць новых бацькоў. У Варшаве у Доме манашак-францішканак сям’і Марыі “акно жыцця” дзейнічае з леташняга 6 снежня. Першае дзіця, якое было ў ім пакінутае, – хлопчык Зыгмунт, ужо мае новую сям’ю. А 5 лютага ў акно трапіла дзяўчынка, разам з якой знойдзены аркуш з пазначаным днём народзін – 31 студзеня. Сястра Барбара падкрэслівае, што жанчыны, якія не могуць выхаваць сваё дзіця, без боязі могуць пакінуць яго ў “акне жыцця”:
“Мы рады, што маці, якая прынесла сюды дзіця, адважылася і прыйшла. Гэта бяспечнае месца і вядома, што пра дзіцятка добра паклапоцяцца. Мы рады, што маці не пакінула яго ў якімсьці іншым месцы. Мы молімся за гэтую жанчыну і за дзіця, каб яно як мага хутчэй знайшло сям’ю”.
Засноўваць чарговыя “вокны жыцця” заахвочвае старшыня Дабрачыннай камісіі Епіскапата Польшчы біскуп Гжэгаж Бальцэрэк: “Гэтае месца, мэта якога выратаванне малых, – можа быць таксама вялікім дарам для бацькоў, якія не могуць мець уласных дзяцей”. Такія “вокны” працяглы час дзейнічаюць у Кракаве, Варшаве, Чанстахове і Калішы. З 2006 года ў іх знойдзена 13 дзяцей. 25 сакавіка “вокны жыцця” адчыненыя ў Плоцку, Катавіцэ і Элку. Паводле звестак паліцыі, за апошнія 5 гадоў у Плоцку знойдзены двое пакінутых немаўлят. Адно з іх, на жаль, было мёртвае. Таму і з’явілася думка, каб у 130- тысячным горадзе адчыніць “акно жыцця”. Мясцовы біскуп Пётр Лібэра падкрэслівае, што ідэю падтрымалі не толькі манашкі, але і муніцыпалітэт, паліцыя, юрысты ды лекары. Дабрачынная каталіцкая арганізацыя “Caritas Polska” вядзе шырокую інфармацыйную кампанію пра “акно жыцця”. Улёткі, у якіх паведамляецца пра магчымасць аддаць дзіця ў складанай жыццёвай сітуацыі, распаўсюджваюцца ў парафіях, дамах для бяздомных і ў інстытуцыях сацыяльнай дапамогі. Кампанія рэалізуе таксама дадатковую мэту – змяніць адносіны да ўсынаўлення/удачарэння і да жанчын, якія аддаюць сваё дзіця. Гэта ў Польшчы па-ранейшаму – тэма табу. Апроч таго, “Caritas” і каталіцкая царква імкнуцца пераканаць у тым, што чым рабіць аборт, лепш аддаць дзіця ў “акно жыцця”.
|