У Польшчы можна без праблем знайсці жанчыну, якая народзіць дзіця з эмбрыёна чужых людзей, атрыманага шляхам апладнення ў прабірцы. На гэта патрэбна каля 30000 €. (130 тысяч злотых). Фірма ў мястэчку Пясэчна (Мазавецкае ваяводства) прапануе некалькі дзесяткаў жыватоў для арэнды. Законы гэтага не забараняюць. Польшча яшчэ не ратыфікавала еўрапейскай біяэтычнай канвенцыі, якая забараняе такога тыпу здзелкі. Па гэтаму пытанні ў польскім заканадаўстве – прабел. Журналісты газеты “Dziennik” пераканаліся, што наняць сурагатную маці вельмі проста. Два візіты ў бюро “Elizabeth” у Пясэчна – і яны падпісалі дагавор. Выбралі сурагатную маці на падставе фотакаталога кандыдатак, дзе пазначаны іх узрост, прафесія і нават змешчаны здымкі іх уласных дзяцей. Уладальніца бюро “Elizabeth” праславілася ў польскіх СМІ некалькі гадоў таму назад, калі сама нарадзіла нашчадка бяздзетнаму сужонству. Яна тлумачыць, што ўвесь працэс праходзіць наступным чынам: сурагатная маці прымае эмбрыён і нараджае немаўля. Пасля родаў адракаецца ад мацярынскіх правоў, а бацька дзіцяці дазваляе сваёй жонцы ўсынавіць ці ўдачарыць малое. Усё пазначана ў дамове. Аднак юрысты, да якіх звярнуўся “Dziennik”, сказалі, што дагавор не мае сэнсу, бо калі жанчына пасля родаў не захоча аддаць малога, польскае заканадаўства на яе баку: яна з’яўляецца маці. Кліенты бюро “Elizabeth” пра гэта не ведаюць.
|