Выдатнага часу сутак, дарагія радыёслухачы! Сённяшнюю пошту я пачынаю з абвяшчэння вынікаў першага тура ваенна-гістарычнага конкурсу. Ён парадаваў мноствам лістоў і расчараваў нешматлікімі цалкам вернымі працамі. Аднак яшчэ наперадзе два этапы і велізарная колькасць шанцаў заваяваць цікавыя ўзнагароды. А хто перамог у першым туры? Гран-пры – радыёпрыёмнік – заваяваў Дзмітры Краснапеўцаў з Гарадзеншчыны. Ён адным з першых прыслаў выдатна падрыхтаваныя лаканічныя, але вельмі змястоўныя, адказы. Іншыя тры ўдзельніцы і адзін удзельнік – Аксана Краўцова з Віцебска, Альдона Родзевіч, Данута Крупіца і Валяр’ян Здановіч з Гарадзенскай вобласці – склалі цікавыя грунтоўныя працы. Яны атрымаюць аднолькавыя каштоўныя падарункі. Віншую пераможцаў! Нямала слухачоў правільна адказалі на падаўляючую большасць пытанняў і заданняў. Часам на 9 з 10. Аднак былі і працы, дзе колькасць верных адказаў была вельмі малой. Галоўныя памылкі сустракаліся ў першым, другім ды трэцім пунктах. Зрэдчас трапляліся недакладнасці ў пятым, шостым і сёмым пытаннях. Зараз я назаву верныя адказы на гэтыя праблемныя пункты. Шаноўнае спадарства! Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года і завяршылася 2 верасня 1945 года. Акт агрэсіі на Польшчу здзейснілі Нямеччына, Славаччына і СССР. 1 верасня 1939 года германскія войскі ажыццявілі напад на два дзяржаўныя ўтварэнні: Рэспубліку Польшча і вольны горад Данцыг. Вядомы беларускі пісьменнік Янка Брыль у складзе марской пяхоты Войска Польскага ў 1939 годзе абараняў Гдыню. Найбуйнейшая бітва вераснёўскай кампаніі адбывалася на рацэ Бзура з 9 па 18 верасня. Канчаткова супраціўленне польскіх частак было падаўлена ў гэтым раёне да 22 верасня. 3 10 па 29 верасня 1939 года абаранялася польская крэпасць Модлін. Я сардэчна дзякую ўсім удзельнікам першага этапа конкурсу. Запрашаю нашых прыхільнікаў адказваць на чарговы тур. Вось ягоныя пытанні і заданні:
- Як называлася дзяржаўнае ўтварэнне, якое заснавалі гітлераўскія захопнікі на польскай тэрыторыі, не далучанай да “трэцяга рэйху”?
- Назавіце не менш за тры канцэнтрацыйных лагеры, арганізаваных германскімі акупантамі на тэрыторыі колішняй ІІ Рэчы Паспалітай.
- Якую палітыку вялі германскія акупацыйныя ўлады ў дачыненні да жыдоўскага насельніцтва польскіх земляў?
- Сімвалам гераізму польскага народа стаў Максіміліян Кольбе. Чаму?
- Раскажыце, чым вядомая Катынь у гісторыі Другой сусветнай вайны.
- Дзе размяшчаўся польскі эміграцыйны ўрад падчас Другой сусветнай вайны?
- Які ўдзел узялі палякі ў змаганні антыгітлераўскіх сіл у Нарвегіі?
- Назавіце месцы баявой славы польскіх салдат у Афрыцы.
- Чым вядомае Монтэ-Касіна ў гісторыі Другой сусветнай вайны?
- Якія краіны вызваляла 1 танкавая дывізія пад камандаваннем польскага генерала Станіслава Мачэка?
Нагадаю, што конкурс ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і недзяржаўнымі арганізацыямі Віцебска і Гданьска з нагоды 70-годдзя з пачатку ІІ сусветнай вайны. Ён праходзіць у тры месячныя этапы. Першы зь іх адбыўся ў чэрвені. Другі этап пройдзе ў ліпені. Трэці – у жніўні. Пасля кожнага з этапаў 5 пераможцаў атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Гран-пры будзе радыёпрыёмнік з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. Пераможцы другога стануць вядомыя 7 жніўня. Прызёры апошняга этапу будуць названыя ў “Рэдакцыйнай пошце” 12 верасня. Апроч таго, прынамсі адзін удзельнік, які паспяхова справіцца з усімі трыццаццю пытаннямі і заданнямі конкурсу, за кошт арганізатараў паедзе ў Польшчу ўвосень 2009 года. Мяркуецца, што пераможца цягам некалькіх дзён наведае Варшаву і марское ўзбярэжжа. Калі ласка, прысылайце адказы на конкурс на адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Маю гонар праінфармаваць, што ўзнагароды за гендэрны конкурс ужо пачалі рассылацца. Частка нашых прыхільнікаў іх ужо атрымалі. Тыдзень назад я абяцаў, што працягну чытанне выказванняў на гендэрныя тэмы слухача з Берасцейскай вобласці Вячаслава Сухарэбскага. Але, на жаль, часу не хапае, і таму агучу меркаванне нашага прыхільніка праз тыдзень.
|