Калі хтосьці хоча атрымаць анкеты, абвестку пра конкурс, бланкі рапартаў і заявак ў “Канцэрт віншаванняў”, то, калі ласка, дасылайце просьбу аб гэтым на віцебскую абаненцкую скрынку. Яе адрас я назаву пазней.
Яўгенія Цюркіна піша ў сваім лісце: “Цяпер часта чую запіс “Рэдакцыйнай пошты” ў Вашым выкананні. Гэта прыемна. Запіс у Вашым выкананні чысты і выразны. Нядрэнна, што паўтараюцца адрасы радыё ў перадачы”.
Сардэчна дзякую за добрыя словы пра якасць гучання! Трэба адзначыць, што ў вялікай ступені гэтая пазітыўная ацэнка тычыцца тэхнічных супрацоўнікаў, якія дапамагаюць рыхтаваць выпускі “Рэдакцыйнай пошты”. Менавіта дзякуючы ім якасць запісу дасягае найвышэйшай планкі.
Спадарыня Цюркіна дзякуе за слоўнік, які рэдакцыя павінна неўзабаве прыслаць. Тут наша слухачка мае на ўвазе прыз за ўдзел у лінгвістычным конкурсе, вынікі якога былі абвешчаны пару тыдняў назад. Гэта ўзнагарода, так бы мовіць, знайшла сваю гераіню: Яўгенія Цюркіна выслала сваю працу, але доўгі час не чула яе ў эфіры, хвалявалася. Яна піша: “Добра, што мой ліст знайшоўся. Я, канешне, была надзею згубіла, але Бог пачуў! Я яго – гэты слоўнік – падару ўнучцы”.
У сваім лісце слухачка з Магілёва таксама адгукаецца на гендэрны конкурс. Яўгенія Цюркіна піша, што Міжнародны дзень мужчын існуе. Яна называе пэўнае свята ў якасці першай версіі свайго адказу. Не скажу, што ўсё, што спадарыня Цюркіна напісала, няправільна, але ёсць і недакладнасць. Яе можна выправіць. Ды і сама слухачка прызнаецца, што пакуль знаходзіцца ў пошуку. Яна дадае напрыканцы ліста: “...буду яшчэ працаваць над гэтай віктарынай”.
Раю іншым слухачам таксама паспрабаваць свае сілы ў гендэрным конкурсе.
Нагадаю, што ён ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і выканаўцамі міжнароднага праекта “Крок да роўнасці”. З умовамі ўдзелу ў конкурсе можна азнаёміцца ў раздзеле “Абвесткі” на сайце
www.gender.do.am. Паўтару адрас Інтэрнет-старонкі:
www.gender.do.am.
Прысылаць свае конкурсныя працы ды лісты на іншыя тэмы можна на некалькі адрасоў.
Лепш за ўсё накіроўваць допісы на паштовую скрынку ў РБ. Падпісвайце каперту вось так: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Непасрэдна ў рэдакцыю ваша карэспандэнцыя трапіць, калі вы вышлеце яе ў РП: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае допісы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.