Да таго ж нашых слухачоў цікавіў не толькі гендэрны конкурс. Яны пісалі на самыя розныя тэмы. Трэба было агучваць гэтыя меркаванні нашых прыхільнікаў. А час “Рэдакцыйнай пошты” даволі абмежаваны. Усё не змесціш!
Сапраўды, слова “гендэрны” можна было б патлумачыць. Не кожны ведае, што ж гэта такое. Але хацелася б, каб нашыя слухачы самі паспрабавалі адшукаць адказ на складанае пытанне. Гэта ж конкурс!
Дарэчы, слова “гендэр” адносіцца да сацыяльнага жыцця грамадства і мае мноства азначэнняў. Паводле польскамоўнага слоўніка запазычаных выразаў яно значыць наступнае: “zespół zachowań, norm i wartości przypisanych przez kulturę do każdej z płci; płeć kulturowa”. Па-беларуску гэта можна перакласці так: “комплекс паводзінаў, норм і каштоўнасцяў, якія прыпісваюцца культурай кожнаму з палоў; культурны пол”.
Такім чынам, бачым, што гендэр з’яўляецца прадуктам нашага існавання ў грамадстве. Ён дыктуецца пэўнымі стэрэатыпамі, што існуюць у соцыуме.
Аднак гендэрныя ролі мужчын і жанчын паступова мяняюцца з цягам часу. Яны могуць быць рознымі нават у жыцці канкрэтнага чалавека.
Гендэрныя ролі палоў не падобныя ў адрозных грамадствах. Дастаткова прыгадаць, як сябе паводзіць амерыканка і саудаўка. Першая імкнецца быць роўнай мужчыну. Другая знаходзіцца ў паняволеным стане. Яна мусіць насіць паранджу. Ёй нават не дазваляюць самастойна, без суправаджэння мужчыны, выходзіць на вуліцу.
Гендэр – гэта цікавая галіна сучасных сацыялагічных ведаў. Да таго ж вельмі складаная. Яна патрабуе шмат часу на вывучэнне.
У нас жа на чарзе яшчэ адзін ліст! Што ў ім напісана?
Мікалай Волчык з Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці прыслаў ліст у адказ на конкурс расейскамоўнай службы польскага замежнага вяшчання. На жаль, допіс не трапіў у час. Кіраўнічка Расейскай рэдакцыі Наталля Варашыльская ўжо абвясціла спіс тых, хто прыслаў працы з адказамі.
Аднак не трэба адчайвацца. Цікавая конкурсная праца нашага прыхільніка будзе ацэнена. Як? Слухайце ў наступным выпуску “Рэдакцыйнай пошты”.
Шаноўныя сябры! Чакаю вашых новых лістоў на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае лісты на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.