Шчыра вітаю вас, шаноўныя слухачы! Як я і абяцаў у мінулай перадачы, распавяду пра ўзнагароду для Мікалая Волчыка з Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці. Нагадаю, наш слухач прыслаў ліст у адказ на конкурс расейскамоўнай службы польскага замежнага вяшчання. На жаль, цікавая праца нашага прыхільніка не трапіла ў тэрмін. У якасці выключэння, за ўдзел у конкурсе “Рэдакцыйная пошта” Беларускай службы Польскага радыё для замежжа дорыць нашаму адданаму слухачу штодзённік на будучы год. Ён ужо высланы спадару Волчыку. Спадзяемся, што наш слухач напіша на віцебскую абаненцкую скрынку ліст з пацверджаннем дастаўкі падарунка. Між іншым, было б добра, калі б такія ж допісы прыйшлі ад тых людзей, што атрымалі прызы ў двух сёлетніх конкурсах: на моўныя тэмы і пра гендэр. Дарэчы, пагаворым пра апошні. Віцяблянка Наталля Шніпава прыслала працу, напрыканцы якой напісала, што гендэрны конкурс пашырыў яе веды. На думку нашай прыхільніцы, ён дапамог “задумацца пра ролю бацькі ў маім жыцці, пераасэнсаваць свае адносіны да мужчын, высветліць стэрэатыпы свайго мышлення”. Спадарыня Шніпава працягвае: “Я ўдзячна арганізатарам конкурсу за... магчымасць... даведацца новае пра сябе. Вынікі такой унутранай працы абавязкова паўплываюць на маё атачэнне, палепшыўшы якасць жыцця”. Я ў сваю чаргу сардэчна дзякую Наталлі Шніпавай за гэтыя словы і, у цэлым, за цікавую працу, урыўкі з якой прагучаць у наступных перадачах. А зараз я прачытаю кавалак з конкурснага ліста Міхаіла Шавеля з Менска. Нагадаю, наш слухач выйграў галоўную ўзнагароду – радыёмагнітафон. Вось што спадар Шавель напісаў пра святкаванне Дня жанчын у Беларусі: “Напярэдадні яго на прадпрыемствах і ва ўстановах праходзілі ўрачыстыя сходы працоўных. Там мясцовыя начальнікі выступалі з дакладамі, славілі мудрую камуністычную партыю, яе празорлівых кіраўнікоў. Крыху гаварылі пра поспехі сваіх калектываў, хвалілі перадавікоў сацыялістычнага спаборніцтва, уручалі ім сціплыя падарункі, ганаровыя граматы. А потым кіраўнікі арганізацый і ўстаноў разам з актывістамі і актывісткамі ішлі банкетаваць, дзе былі і чарка, і шкварка. Гэтая традыцыя на Беларусі захавалася і зараз. Тут Міжнародны дзень жанчын 8 сакавіка адзначаюць, як і ў савецкія часы: з урачыстымі пасяджэннямі, хвалебнымі дакладамі і канцэртамі мастацкай самадзейнасці”. Працяг творчай працы нашага вернага слухача можна будзе пачуць праз тыдзень. Паважаныя сябры! Чакаю вашых новых лістоў на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае лісты на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце: www.radyjo.net.