Сардэчна вітаю вас, шаноўныя слухачы!
У гэтай перадачы я працягну зачытваць урыўкі з працы, прысланай на гендэрны конкурс Міхаілам Шавелем з беларускай сталіцы. Нагадаю, што гэты слухач выйграў галоўную ўзнагароду – радыёмагнітафон.
У мінулай перадачы я зачытваў кавалак пра адзначэнне Дня жанчын у Беларусі.
Сёння прагучыць матэрыял, датычны свята мужчын.
У сваёй працы Міхаіл Шавель напісаў:
“...пра Міжнародны дзень мужчын з беларусаў мала хто ведае. І першую суботу лістапада амаль ніхто не адзначае. Але чамусьці яшчэ з савецкіх часоў стала звычкай святкаваць дзень мужчын 23 лютага”.
Далей наш менскі сябра апісвае адзначэнне гэтай даты:
“Да святаў у савецкія часы рыхтаваліся заўзята. У школах, напрыклад, на рэпетыцыі мастацкай самадзейнасці сілком зганялі ўсіх настаўнікаў. І пасля напружанай педагагічнай працы многім з іх было не да песень. Некаторыя ледзь на нагах трымаліся і часам спявалі не па тэксту. Так, у Ляхавіцкай сярэдняй школе, што на Берасцейшчыне, некаторыя педагогі на рэпетыцыі ў адной з патрыятычных песень замест “смерть фашистским псам” галасілі “смерть советским псам”. Калі праслухалі магнітафонны запіс, дык за галовы ўзяліся. А дырэктар са страху пабялеў, як палатно, і некалькі хвілін стаяў разгублены.
Потым гэты крамольны запіс хуценька сцёрлі. І разгубленыя харысты-настаўнікі пайшлі дамоў.
Добра, што ніхто не пастукаў “куды трэба” – у КДБ, напрыклад. Тады, у семідзесятыя гады, здорава распраўляліся з антысаветчыкамі. І калі б андропаўскі КДБ даведаўся пра “крамолу” ляхавіцкіх настаўнікаў, многім з іх давялося б спяваць іншыя песні і далёка ад роднай школы, у невядомых мясцінах”.
Пра іншыя дзіўныя выпадкі з нагоды свят я пачытаю ў наступнай перадачы, роўна праз тыдзень.
Дарагія сябры! З нецярпеннем чакаю вашых новых допісаў на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.