Сардэчна вітаю вас, шаноўныя слухачы!
Сёння я працягваю чытаць і каментаваць апошнюю карэспандэнцыю. На чарзе допісы ад Сяргея Балбасава, рапарты ад Мікалая Волчыка і Яўгеніі Цюркінай.
Наш прыхільнік Сяргей Балбасаў з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці ў сваім лісце запытаўся, дзе можна знайсці ангельскамоўнае выданне “Сусветны радыё- і тэледаведнік”.
Адказваю. Некалі я асабіста карыстаўся двума выпускамі гэтага выдання. Сапраўдная біблія для DX-іста! Пададзена мноства інфармацыі, у тым ліку падрабязныя расклады замежнага вяшчання ўсіх краін свету. Здаецца, калісьці “Нямецкая хваля” рассылала “Сусветны радыё- і тэледаведнік” сваім маніторам. Наша станцыя ніколі гэтым не займалася.
Тымчасам праз Інтэрнет можна набыць розныя выпускі гэтага выдання. Напрыклад, “Сусветны радыё- і тэледаведнік” на будучы год каштуе крыху болей за 23 долары. У Сеціве часам таксама размяшчаюцца некаторыя раздзелы выдання. У прыватнасці, на адным з расейскіх радыёаматарскіх сайтаў я бачыў матэрыялы даведніка за травень 2008 года ў PDF-фармаце.
У сваім лісце Сяргей Балбасаў паскардзіўся, што я не выслаў QSL-карткі на велізарную колькасць перадач. Прашу прабачэння ў нашага вельмі актыўнага і адказнага слухача: вінаваты. Паступова стану выпраўляцца. Усе правільна складзеныя рапарты з першага студзеня буду пацвярджаць.
Дарэчы, Сяргей Балбасаў, Мікалай Волчык з Пружанскага раёна Берасцейшчыны і Яўгенія Цюркіна з Магілёва прыслалі справаздачы аб прыёме. Чутнасць ва ўсіх трох слухачоў добрая або выдатная.
Яўгенія Цюркіна рапартуе даволі нестандартна: якасць гучання кожнага матэрыяла ацэньваецца паводле пяцібальнай сістэмы. Напрыклад, навіны і агляд польскага друку 22 лістапада а 14.30 UTC на частаце 7180 кілагерц атрымалі па “пяцёрцы”. Такую ж ацэнку заслужыла і рэшта матэрыялаў, у тым ліку “Рэдакцыйная пошта”.
Выдатна складае рапарты Мікалай Волчык. Да таго ж, ён часта слухае нашы трансляцыі на дзвюх частотах адначасова. Пры нагодзе наш сябра каментуе прыём. Напрыклад, у апошнім рапарце ён напісаў: “Надакучлівая перашкода на 7180 кГц ад кітайскага перадатчыка!”.
Дарэчы, спадар Волчык ловіць нас на двух прыёмніках. Адметна, што ён выкарыстоўвае ў якасці антэны правадную радыёсетку. Цікава, як гэта выглядае і наколькі паляпшаецца чутнасць? Просім спадара Волчыка адгукнуцца на гэты конт.
Сяргей Балбасаў складае падрабязныя тэхнічныя справаздачы аб прыёме. Аднак інфармацыі пра змест перадач у рапартах няма. Таму маю просьбу: калі ласка, не забывайцеся падаваць, што вы пачулі ў эфіры.
Прыём у апошнія месяцы ацэньваецца нашымі слухачамі дастаткова рэгулярна і якасна. У сувязі з гэтым у мяне ўзнікае пытанне: а ці не арганізаваць нам сетку манітораў, якія б адсочвалі чутнасць нашых праграм у розных рэгіёнах Беларусі? Чакаю вашых меркаванняў!
Ну а цяпер, як той казаў, рэкламная пауза. Тэксты гэтага і многіх іншых выпускаў “Рэдакцыйнай пошты” можна пачытаць на сайце “Крок да роўнасці”:
www.gender.do.am.
Дарагія сябры! З нецярпеннем чакаю вашых новых допісаў на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.