Шчыра вітаю вас, паважаныя слухачы!
У апошні час на віцебскую скрынку Польскага радыё для замежжа штодня ад нашых слухачоў паступае па аднаму-два лісты. У прыватнасці, цягам тыдня прыйшлі допісы ад Сяргея Балбасава з Гомельшчыны, Мікалая Буснюка з Магілёўскай вобласці, Васіля Завадскага з Меншчыны, Міхаіла Шавеля з беларускай сталіцы, Аляксандра Мазго з Віцебска, Яўгеніі Цюркінай з Магілёва, Бярнарда Пакульніцкага з Менскай вобласці.
Гэтым разам я толькі пачну агляд апошняй карэспандэнцыі. Ён прагучыць напрыканцы “Рэдакцыйнай пошты”. Больш шырокі агляд нядаўніх лістоў будзе гучаць у найбліжэйшых двух-трох перадачах.
Сёння ж я сканцэнтруюся на адной з творчых прац, прысланых на гендэрны конкурс.
Яе аўтарка – Наталля Шніпава з Віцебска. Яна піша пра чаканні грамадства ад мужчын. Ім трэба быць і паспяховымі ў кар’еры, і любячымі мужамі, і добрымі бацькамі. Цытую:
“На іх плячах ляжыць адказнасць за шмат што, і яны заўсёды павінны: Айчыне, сем’ям, бацькам, жанчыне. Павінны дагаджаць нам, кахаць нас, захапляцца, рабіць камплементы, здабываць грошы і тут жа аддаваць увесь свой заробак. Мусяць здагадвацца, на што мы пакрыўдзіліся, заўсёды ўгадваць нашы жаданні, асыпаць нас падарункамі, заўжды быць удзячнымі за агульных дзяцей, насіць нас на руках, рабіць усё, каб мы былі як за каменнаю гарою і шмат чаго іншага.
Догмы і стэрэатыпы грамадства ўплываюць на фармаванне каштоўнасці самога жыцця мужчын. Яны павінны цяжка зарабляць “хлеб у поце твару свайго”. Плакаць і скардзіцца ім забаронена з малалецтва. “Мужчыны не плачуць!” А як не плакаць, калі ты ўпаў і разбіў да крыві калена, локаць, нос… Табе больна і крыўдна, калі не справядліва… Табе шкада да слёз любімага сабачку, коціка, птушачку, калі яны хварэюць, або губляюцца, або гінуць... Але плакаць нельга, можна толькі ўсё цярпець, сцяўшы зубы. З гадамі пастаяннае напружанне і нявыказаныя эмоцыі даюцца ў знакі ў выглядзе хвароб, скарачаюць працягласць жыцця.
З дзяцінства хлопчыкаў прывучаюць да малой вартасці іх уласнага жыцця, якое яны павінны ахвяраваць, ня думаючы, за Радзіму, за сваю сям’ю, за будучыя пакаленні. Яны першымі ідуць бараніць Бацькаўшчыну і ўдзельнічаюць у ваенных дзеяннях. Іх жа жыцці выратоўваюць у апошнюю чаргу: спачатку параненых, жанчын, дзяцей, старых”.
На думку нашай прыхільніцы, становішча гэтак званага “моцнага полу” зараз такое, што ўжо трэба гучна заяўляць пра дыскрымінацыю. Неабходна змяняць сітуацыю. Спадарыня Шніпава прапанавала наступнае:
“Выпраўленне сітуацыі магчыма ў пераасэнсаванні адносін да мужчын, разбурэнні стэрэатыпаў грамадства. Увядзенне і замацаванне ў сямейнай традыцыі святкавання Сусветнага дня мужчын паспрыяе стварэнню новых і роўных адносін”.
Гэта быў урывак з творчай працы, прысланай віцяблянкай Наталляй Шніпавай на гендэрны конкурс.
Зачытаны тэкст ды цытаты з лістоў іншых нашых слухачоў можна пабачыць на сайце “Крок да роўнасці”:
www.gender.do.am.
А цяпер вяртаюся да апошняй карэспандэнцыі.
Мікалай Буснюк са Шклова, што на Магілёўшчыне, прыслаў адказ на анкету, якую я высылаю ўсім нашым актыўным слухачам.
Васіль Завадскі з Маладзечна ў Менскай вобласці напісаў, што атрымаў кароткахвалевы прыёмнік за перамогу ў гендэрным конкурсе. Апроч таго, наш слухач дзякуе за бірульку для мабільнага тэлефона. Спадар Завадскі адзначыў, што прыемна атрымліваць падарунак у “такія радасныя дні, як наступаючыя вялікія святы – Каляды і Новы год”.
Наш слухач прыслаў таксама рапарт на пяць перадач. Гэта фактычна маніторынг прыёму з 12 па 16 снежня ў дыяпазоне 49 метраў. Васіль Завадскі ахарактарызаваў чутнасць на частаце 6035 кілагерц а 14.30 UTC (ці а 16.30 паводле менскага часу) як “добрую з падстройкай”.
Апроч кароткага ліста і рапарта, наш прыхільнік з Маладзечна адправіў заяўку ў “Канцэрт віншаванняў”.
Сардэчна дзякую ўсім тым, хто напісаў у нашу рэдакцыю!
Дарагія сябры! З нецярпеннем чакаю вашых новых лістоў на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.