Шчыра вітаю вас, дарагія слухачы!
На пачатку хачу падзякаваць тым нашым прыхільнікам, якія цягам апошніх тыдняў павіншавалі Беларускую рэдакцыю Польскага радыё з Калядамі і Новым годам. У прыватнасці, нам прыслалі свае віншаванні на паштоўках і ў лістах Валяр’ян Здановіч з Горадні, Аляксандр Смольскі і Мікалай Волчык з Берасцейшчыны, Яўгенія Цюркіна з Магілёва.
Словы ўдзячнасці я таксама адрасую тым нашым слухачам, якія прыслалі пацверджанні аб атрыманні падарункаў за перамогу ў гендэрным конкурсе. Прызёр Міхаіл Шавель з Менска напісаў: “З вялікай радасцю паведамляю, што пасылку з радыёпрыёмнікам “Grundig” атрымаў своечасова, у канцы лістапада.
Я вельмі ўдзячны табе і Беларускай рэдакцыі Польскага радыё за цудоўны падарунак. Мая мара – выйграць у конкурсе радыёпрыёмнік – збылася. ...7 лістапада я адзначаў свой дзень нараджэння – мне споўнілася 74 гады. А на 75 годзе жыцця я атрымаў з Віцебска і Варшавы такі цудоўны падарунак!!!”.
Пры нагодзе хацеў бы растлумачыць, што гэтыя прызы куплены ў Польшчы, але не з’яўляюцца прэзентамі персанальна ад мяне ці ад Беларускай рэдакцыі нашага радыё. І высылаліся яны не з Варшавы, а з Віцебска. Радыёпрыёмнікі атрыманы ад міжнароднай гендэрнай праграмы “Крок да роўнасці”. Яе сайт гучыць так:
www.gender.do.am. На ім можна знайсці тэксты многіх выпускаў “Рэдакцыйнай пошты” Беларускай рэдакцыі Польскага радыё для замежжа. Так што, калі прапусцілі нейкі з папярэдніх аглядаў карэспандэнцыі, зазірайце. Тэксты перадач размешчаны ў раздзеле “Прэса пра нас”. Калі ласка, заглядайце, чытайце!
Мікалай Волчык з Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці таксама пацвердзіў, што мае падарунак. Відаць, маецца на ўвазе высланы мною штодзённік на будучы год за ўдзел нашага слухача ў конкурсе расейскамоўнага вяшчання нашай станцыі. Гэта своеасаблівы суцяшальны прыз для вернага сябра Польскага радыё для замежжа, бо ліст спадара Волчыка не трапіў у час да нашых калег.
Сардэчна дзякую ўсім тым, хто ўжо напісаў у нашу рэдакцыю!
Шаноўныя сябры! З нецярпеннем чакаю вашых новых лістоў на самыя розныя тэмы.
Калі ласка, пішыце на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.