Ад усёй душы вітаю вас, паважаныя слухачы!
Пошта працягвае прыбываць. І гэта мяне вельмі цешыць! Нашы з вамі кантакты мацнеюць.
Расце таксама цікавасць да гендэрнага конкурсу. Каб яна была яшчэ большай, я зараз паўтару ўмовы ўдзелу. Такім чынам: увага!
Назавіце самаменш па пяць прозвішчаў славутых беларусак, вядомых полек і знакамітых жанчын з любых іншых краін. Абгрунтуйце свой выбар. Шаноўныя сябры! Свае прапановы выбітных жанчын дасылайце не пазней за 31 траўня 2009 года. У чэрвені будуць падведзеныя вынікі. Пераможцы атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Між іншым, ужо падрыхтаваны гран-пры конкурсу. Гэта – каштоўная рэч. А, дакладней, радыёпрыёмнік “Grundig” з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. За такую высакаякасную апаратуру варта пазмагацца!
А што яна сабой ўяўляе? “Grundig Yacht Boy 50” – а менавіта ён будзе галоўнай узнагародай – адзін з найбольш сучасных прыймачоў. Ён дазваляе са стопрацэнтнай гарантыяй настройвацца на тую ці іншую хвалю. Карыстальнік бачыць на экране дакладную частату ў лічбах. “Grundig Yacht Boy 50” мае дзевяць дыяпазонаў, у тым ліку сем – для кароткіх хваляў. Ёсць таксама FM і СХ. Прыймач здатны запамінаць у кожным дыяпазоне апошнюю станцыю, якую вы праслухалі. Апроч таго, радыёпрыёмнік мае ўбудаваныя гадзіннік і будзільнік. Ёсць яшчэ некалькі функцый, але пра іх пагаворым пры першым-лепшым зручным моманце. Зараз папросту няма часу. Дадам толькі, што апарат невялікі па памерах. Ён прыдатны для пераноскі і сілкуецца ад батарэек.
Калі хтосьці не паспеў запісаць конкурснае заданне, не перажывайце. Яго тэкст можна знайсці ў раздзеле “Абвесткі” на двух сайтах:
www.schoolgender.do.am i
www.gender.do.am. Гэта – Інтэрнет-старонкі міжнароднай гендэрнай праграмы “Крок да роўнасці”, якая фундуе конкурсныя ўзнагароды. Дарэчы, на
www.gender.do.am таксама змешчаны тэкставыя версіі некалькіх апошніх перадач.
Шаноўныя сябры! З нецярпеннем чакаю вашых адказаў на конкурс.
Я вельмі прашу вас, дарагія радыёслухачы, выкарыстоўваць у сваіх працах гендэрна карэктныя словы. Напрыклад, у дачыненні да жанчыны лепей гаварыць і пісаць “настаўніца”, “пісьменніца”, “вынаходніца”, “дзяячка”, “канцлерка” замест “настаўнік”, “пісьменнік”, “вынаходнік”, “дзеяч”, “канцлер”.
Вось папрасіў аб гэтым і думаю: а ці не варта падыскутаваць на гэты конт? Можа феміністы абодвух палоў не маюць рацыі? Калі ў вас, паважанае спадарства, ёсць жаданне абмеркаваць мужчынскія і жаночыя формы назваў прафесій, заняткаў, хобі і таму падобнага, то – калі ласка! Я магу распачаць нашы радыёдэбаты. Чакаю водгукаў. Гэта можа быць падтрымка ці, наадварот, крытыка маёй ідэі. Але толькі не трэба зацягваць з лістамі: я чакаю вашых водгукаў да канца траўня.
Спадзяюся таксама, што вы будзеце выказвацца на іншыя тэмы.
Калі ласка, пішыце на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.