Выдатнага часу сутак, дарагія сябры! На самым пачатку хачу падзякаваць усім тым, хто напісаў у нашу рэдакцыю. Допісы прышлі з цэлай Беларусі. Слухачка Данута Крупіца з Ліды, што ў Гарадзенскай вобласці, прыслала паштоўку, у якой павіншавала нас са святам Вялікадня і пажадала творчых поспехаў, шчасця ды здароўя. Апроч таго, наша прыхільніца падзякавала за падарунак – “Беларуска-польскі і польска-беларускі слоўнік для дзяцей”. Нашмат раней супрацоўніц Беларускай рэдакцыі павіншаваў з 8 Сакавіка наш даўні сябра з Віцебска Андрэй Гуркоўскі. Ён таксама склаў 10 справаздач пра ўзровень прыёму ў снежні 2008 года і цягам трох першых сёлетніх месяцаў. Васіль Завадскі з Маладзечна Менскай вобласці прыслаў рапарт за мінулы вяшчальны сезон і заяўку ў “Канцэрт віншаванняў”. Справаздача складалася на тры перадачы. На жаль, спадар Завадскі не пазначыў хвалю ў рапарце аб праграме, якая прагучала 19 лютага а 16.30 паводле беларускага часу. Мікалай Волчык з вёскі Зіновічы Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці прыслаў нам першую ў новым вяшчальным сезоне справаздачу пра чутнасць. Напрыканцы сакавіка і ў пачатку гэтага месяца наш слухач прыняў некалькі перадач, а на пяць з іх склаў рапарты. Выглядае на тое, што ў Заходняй Беларусі чутнасць выпуску а 16.30 паводле Менска някепская. Агульная ацэнка прыёму на 31 і 25 метрах не апускаецца ніжэй за “чацвёрку”. Чакаю ад Мікалая Волчыка і ўвогуле ад усіх вас, шаноўныя радыёаматары, рапартаў пра чутнасць у новым вяшчальным сезоне.
Нагадаю, што зараз мы працуем а 16.30 менскага часу на частотах 9440 і 11975 кілагерц. Гэта кароткахвалёвыя дыяпазоны 31 і 25 метраў. А 19.30 Польскае радыё для замежжа выходзіць на частаце 9670 кілагерц. Гэта дыяпазон 31 метра.
Наш віцебскі прыхільнік Валеры Ганчарэнка падзякаваў за дзіцячы слоўнік і сардэчна павіншаваў з Вялікаднём. У сваім лісце наш верны сябра піша: “З вялікім жаданнем прагну стаць удзельнікам гендэрнай праграмы. Тым больш, моцным штуршком у гэтым накірунку з’яўляецца прыз – прымач “Grundig” – мара любога радыёаматара! Аб такім апараце я думаў з часоў былога Саюза... Яшчэ Уладзімір Высоцкі у сваіх спевах увекавечыў... гэты радыёпрымач: “У него приёмник “Grundig”...” На жаль, у мяне ёсць толькі жаданне яго атрымаць, але, спадзяюся, што яно ў суме з вашай магчымасцю здзейсніць вялікі цуд у набыцці гэтага апарата”. Слухач напісаў адказы на конкурс, але іх колькасць крыху меншая, чым патрэбна паводле правілаў нашай радыёгульні. Апроч таго, у працы пераважаюць полькі. Пра беларусак сказана мала, а пра грамадзянак іншых краін, на мой погляд, увогуле нічога. Наколькі мне ведама, Валеры Аляксандравіч слухае перадачы з Варшавы на сярэдніх хвалях. Чутнасць у гэтым дыяпазоне бывае вельмі рознай. Часам – надзвычай дрэннай. Відаць, спадар Ганчарэнка не пачуў цалкам умовы нашага радыёспаборніцтва. Я раю нашаму прыхільніку паспрабаваць зноў напісаць адказы на гендэрны конкурс. Але перш-наперш трэба ўважліва азнаёміцца з яго ўмовамі. Зараз я зноўку агучу варункі конкурсу. Назавіце самаменш па пяць прозвішчаў славутых беларусак, вядомых полек і знакамітых жанчын з любых іншых краін. Абгрунтуйце свой выбар. Шаноўныя сябры! Свае прапановы выбітных жанчын дасылайце не пазней за 31 траўня 2009 года. У чэрвені будуць падведзеныя вынікі. Пераможцы атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Калі хтосьці не паспеў запісаць конкурснае заданне, не хвалюйцеся. Яго тэкст можна знайсці на двух сайтах: www.schoolgender.do.am i www.gender.do.am. Гэта – Інтэрнет-старонкі міжнароднай гендэрнай праграмы “Крок да роўнасці”, якая фундуе конкурсныя ўзнагароды. Шаноўныя сябры! З нецярпеннем чакаю вашых адказаў на конкурс, а таксама лістоў на самыя розныя тэмы. Калі ласка, пішыце на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Польскае радыё для замежжа пастаянна прысутнае ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Кожны дзень тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас web-старонкі ў Інтэрнеце: www.radyjo.net.
|