Выдатнага часу сутак, дарагія сябры! Сёння я агучу імёны атрымальніцы гран-пры ды іншых пераможцаў гендэрнага конкурсу. Але гэта будзе напрыканцы нашай перадачы. Зараз – увага! – прагучаць умовы новага конкурсу. Калі ласка, падрыхтуйце паперу, алоўкі ці асадкі, каб запісаць пытанні і заданні. Конкурс ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і недзяржаўнымі арганізацыямі Віцебска і Гданьска з нагоды 70-годдзя з пачатку ІІ сусветнай вайны. Ён будзе праходзіць у тры месячныя этапы. Першы з іх адбудзецца цягам чэрвеня. Другі этап пройдзе ў ліпені. Трэці – у жніўні. Пасля кожнага з этапаў 5 пераможцаў атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Гран-пры будзе радыёпрыёмнік з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. Чакаецца, што вынікі першага этапу будуць абвешчаныя па радыё 10 ліпеня. Пераможцы другога стануць вядомыя 7 жніўня. Прызёры апошняга этапу будуць названыя ў “Рэдакцыйнай пошце” 11 верасня. Апроч таго, прынамсі адзін удзельнік, які паспяхова справіцца з усімі трыццаццю пытаннямі і заданнямі конкурсу, за кошт арганізатараў паедзе ў Польшчу ўвосень 2009 года. Мяркуецца, што пераможца цягам некалькіх дзён наведае Варшаву і марское ўзбярэжжа. Усе ўзнагароды фундуюцца ў межах міжнароднага грамадскага праекта “Пераадольваючы бар’еры стэрэатыпаў: маладым беларусам пра польскі ўдзел у II сусветнай вайне”.
Вось пытанні першага конкурснага этапу:
- Калі пачалася і завяршылася Другая сусветная вайна?
- Якія тры краіны здзейснілі акт агрэсіі ў дачыненні да Польшчы ў верасні 1939 года?
- На якія дзяржаўныя ўтварэнні ажыццявілі напад германскія войскі 1 верасня 1939 года?
- Пералічыце назвы ўсіх 9 армій і прынамсі адной аперацыйнай групы, якія абаранялі Польшчу ў верасні 1939 года.
- Чым вядомае Вестэрплятэ?
- Назавіце імя вядомага беларускага пісьменніка, які ў складзе марской пяхоты Войска Польскага ў 1939 годзе абараняў Гдыню.
- Дзе і колькі часу адбывалася найбуйнейшая бітва вераснёўскай кампаніі?
- Якая польская крэпасць працяглы час абаранялася ў верасні 1939 года?
- Распавядзіце пра польскую абарону Варшавы, Львова і Горадні.
- Колькі польскіх грамадзян загінулі, былі паранены і ўзяты ў палон падчас ваенных аперацый вераснёўскай кампаніі?
Каб Ваша праца хутчэй трапіла на конкурс, калі ласка, дасылайце свае адказы на беларускую абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа. Яе адрас я агучу крыху пазней. А цяпер пра адказы, прысланыя на гендэрны конкурс. Першай працу, якая адпавядае ўсім патрабаванням, прыслала Яніна Дзямешчанка з Віцебска. Яна атрымлівае гран-пры конкурсу. Выдатныя адказы паступілі ад віцяблянак Марыі Палынскай і Аксаны Краўцовай, мянчаніна Міхаіла Шавеля, гарадзенца Валяр’яна Здановіча і чальцоў віцебскага літаратурна-творчага клуба “Прадслава”. Добрая праца прыйшла ад Васіля Завадскага з Маладзечна Менскай вобласці. Згаданыя аўтары атрымаюць разнастайныя каштоўныя прызы.
Міхась Маліноўскі і Аляксандр Паўлоўскі з Баранавіч Берасцейскай вобласці, Міхаіл Бярозкін і Альдона Родзевіч са Шчучынскага раёна Гарадзенскай вобласці, Сяргей Магонаў з Кобрына Берасцейскай вобласці, Валеры Ганчарэнка з Віцебска, Уладзімер Баброўнік з Гомеля, Іван Раткевіч з Горадні, а таксама Яўгенія Цюркіна з Магілёва прыслалі верныя, але не вельмі разгорнутыя адказы. Ім будуць высланы аднолькавыя цікавыя ўзнагароды. Прыгожыя суцяшальныя прызы заслужылі Леанард Аўкштэль з Пінска Берасцейскай вобласці ды Данута Крупіца з Ліды Гарадзенскай вобласці, якія прыслалі працы, што не адпавядаюць варункам гендэрнага конкурсу. Першы аўтар склаў спіс, у якім менш за пятнаццаць прозвішчаў. Другая праца зроблена паводле конкурсных патрабаванняў, аднак выслана з Ліды 1 чэрвеня і трапіла ў Віцебск запозна, калі вынікі радыёгульні ўжо былі падведзены.
Шаноўнае спадарства! Я сардэчна дзякую ўсім аўтарам конкурсных прац. І чакаю да канца чэрвеня адказаў на першы этап новага конкурсу. Два тыдні назад я абяцаў агучыць меркаванне Алеся Шустоўскага з Барысава Менскай вобласці пра колькасць савецкіх ахвяраў у гады Другой сусветнай вайны. Аднак зараз часу малавата, таму буду гаварыць на гэты конт у наступную суботу. Чакаю ад вас, дарагія слухачы, новай карэспандэнцыі на самыя розныя тэмы. Калі ласка, пішыце на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас старонкі ў Інтэрнеце: www.radyjo.net.
|