Добры дзень, шаноўныя сябры! Прыемна ўсведамляць, што складаны ваенна-гістарычны конкурс выклікаў немалое зацікаўленне нашых прыхільнікаў. Прыйшло шмат адказаў. Першымі на конкурс прыслалі выдатныя працы жыхары Гарадзеншчыны: Зміцер Краснапеўцаў з Мастоў, Данута Крупіца з Ліды і Альдона Родзевіч са Шчучынскага раёна. Некаторыя слухачы напісалі лісты, у якіх няверныя адзін-два адказы. Як правіла, гэта – першае, другое ці трэцяе пытанні. На жаль, прыйшлі таксама працы, дзе мноства выказванняў няправільныя. Аднак яшчэ ёсць час, каб выправіць свае памылкі.
А зараз нагадаю пытанні і заданні першага конкурснага этапу:
1. Калі пачалася і завяршылася Другая сусветная вайна? 2. Якія тры краіны здзейснілі акт агрэсіі ў дачыненні да Польшчы ў верасні 1939 года? 3. На якія дзяржаўныя ўтварэнні ажыццявілі напад германскія войскі 1 верасня 1939 года? 4. Пералічыце назвы ўсіх 9 армій і прынамсі адной аперацыйнай групы, якія абаранялі Польшчу ў верасні 1939 года. 5. Чым вядомае Вестэрплятэ? 6. Назавіце імя вядомага беларускага пісьменніка, які ў складзе марской пяхоты Войска Польскага ў 1939 годзе абараняў Гдыню. 7. Дзе і колькі часу адбывалася найбуйнейшая бітва вераснёўскай кампаніі? 8. Якая польская крэпасць працяглы час абаранялася ў верасні 1939 года? 9. Распавядзіце пра польскую абарону Варшавы, Львова і Горадні. 10. Колькі польскіх грамадзян загінулі, былі паранены і ўзяты ў палон падчас ваенных аперацый вераснёўскай кампаніі?
Гэтыя пытанні і заданні можна знайсці на нашым радыйным сайце www.radyjo.net, а таксама на старонках www.gender.do.am, www.schoolgender.do.am і www.eurouniver.info. Калі ласка, высылайце адказы не пазней за 30 чэрвеня, бо будзе ўлічвацца дата паштовага штэмпеля. Каб Ваша праца хутчэй трапіла на конкурс, прашу адпраўляць свае адказы на беларускую абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа. Яе адрас: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Наступны этап конкурсу пачнецца 1 ліпеня. У гэты дзень на рэдакцыйным сайце www.radyjo.net з’явіцца абвестка з пытаннямі і заданнямі. Віктар Карлоўскі з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці прыслаў ліст, у якім агульнымі абрысамі намаляваў лёс уласнай сям’і, што не пажадала падпарадкавацца калектывізацыі. Паводле аўтара допісу, праблемы працягваюцца і зараз. Аднак наўрад ці наша радыёстанцыя дапаможа вырашыць пытанні, звязаныя з цяжкасцямі сям’і спадара Карлоўскага. Падрабязны рапарт аб чутнасці прыслаў наш даўні сябра Васіль Завадскі. У Маладзечне на Меншчыне, дзе нас слухае аўтар справаздачы, добры прыём вячэрняй перадачы на хвалі 31 метр. Чутнасць а 16.30 паводле менскага часу на частаце 9440 кілагерц выдатная. Гэта вынікае з рапарта жыхара Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці Мікалая Волчыка. Сардэчна дзякую за адказы на конкурс, рапарты аб чутнасці ды іншыя матэрыялы, якія прыйшлі на абаненцкую скрынку. Паважаныя сябры! Беларускую рэдакцыю цікавяць вашыя заяўкі ў “Канцэрт віншаванняў” і лісты на самыя розныя тэмы. Калі ласка, пішыце на наступны адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Свае лісты вы можаце таксама накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl. Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас старонкі ў Інтэрнеце: www.radyjo.net.
|