Добрага часу сутак, паважаныя сябры! Сёння ў “Рэдакцыйнай пошце” чакаецца важны момант: абвяшчэнне ўмоў другога этапу ваенна-гістарычнага конкурсу. Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць ягоныя пытанні і заданні. Пакуль вы гэтае робіце, пяройдзем да карэспандэнцыі ад аднаго з нашых даўніх сяброў. Вячаслаў Сухарэбскі, слухач з вёскі Русіны Баранавіцкага раёна Берасцейскай вобласці, прыслаў водгук на гендэрныя матэрыялы, якія з’яўляліся ў апошні час у “Рэдакцыйнай пошце”. Гэта цікавы і неадназначны ліст, за што я вельмі ўдзячны яго аўтару. Тыдзень назад вы маглі пачуць мае каментары некаторых выказванняў нашага сябра. Сёння я працягну абмяркоўваць допіс спадара Сухарэбскага. Наш слухач кажа, што чым раней жанчына стане маці, тым болей шанцаў для здаровага патомства. Каментую. Зараз у высокаразвітых краінах свету, у тым ліку ў Польшчы і Беларусі, узрост першых родаў значна павялічыўся. Галоўным чынам, гэта звязана з большай, чым раней, уключанасцю жанчын у сацыяльна-эканамічнае жыццё. Спачатку адукацыя, потым – кар’ерны рост. І толькі затым – усвядомленае рашэнне пра нараджэнне дзіцяці. Апроч таго, на здароўе дзяцей сур’ёзна ўплывае ўзровень развіцця медыцынскага абслугоўвання. Напрыклад, не зважаючы на позні ўзрост першародзячых, смяротнасць немаўлятаў у Еўропе, Паўночнай Амерыцы ці Аўстраліі ў дзесяткі разоў меншая, чым у падаўляючай большасці афрыканскіх рэспублік, дзе памірае ў сярэднім кожнае дзесятае малое. На аднаго лекара ў гэтых дзяржавах прыходзіцца прыкладна ў трыццаць разоў больш жыхароў, чым у самых багатых краінах. Спадар Сухарэбскі лічыць, што “розніца ва ўзросце дзяцей не павінна перавышаць двух гадоў”. Мне здаецца, што хай лепей дзіця падрасце, каб даць хоць нейкі адпачынак маме, фізічна і псіхалагічна стомленай ад родаў і нагляду за малым. Уявіце сабе сітуацыю, калі ёсць дзіцёнак, за якім яшчэ трэба ўважліва сачыць, а тут з’яўляецца немаўля, якое неабходна пастаянна пільнаваць. Дарэчы, не варта забывацца і пра тое, што цяжарнасць – гэта таксама велізарны выклік для жанчыны. Спалучаць яе з выхаваннем зусім малога незвычайна цяжка. Вячаслаў Сухарэбскі працягвае: “...а дзяцей ў сям’і павінна быць як мінімум трое”. Я перакананы, што важная не колькасць, а якасць. Лепей добра выхаваць аднаго-двух дзяцей, чым напладзіць вялікае патомства і не спраўляцца з ім. Між іншым, колькасць малых у сям’і моцна залежыць ад магчымасцяў і патрэбаў. Ці варта нараджаць дзяцей, не звяртаючы ўвагу на матэрыяльнае становішча? Сумняваюся. Дарэчы, раней, калі не было пенсій, дзеці даглядалі пажылых бацькоў. Зараз у развітых краінах старасць фінансавана забяспечана. Матэрыяльная дапамога дзяцей не патрэбна. Натуральна, што і колькасць патомства знізілася. І апошняе ў гэтым пункце. Вялікі няспынны рост насельніцтва можа прывесці да грандыёзных цяжкасцей, якія мы назіраем у асобных краінах. У першую чаргу, я тут прыгадваю Бангладэш. У ёй жыве ў 14 разоў больш людзей, чым у Беларусі, хаця плошча краіны менш за памеры РБ у 1,4 разы. З-за перанаселенасці ў Бангладэш велізарныя эканамічныя, сацыяльныя і экалагічныя праблемы. Нам гэта трэба? Працяг чытання і каментавання ліста спадара Сухарэбскага роўна праз тыдзень.
А цяпер – увага! – новыя пытанні і заданні ваенна-гістарычнага конкурсу:
1. Як называлася дзяржаўнае ўтварэнне, якое заснавалі гітлераўскія захопнікі на польскай тэрыторыі, не далучанай да “трэцяга рэйху”? 2. Назавіце ня менш за тры канцэнтрацыйных лагеры, арганізаваных германскімі акупантамі на тэрыторыі колішняй ІІ Рэчы Паспалітай. 3. Якую палітыку вялі германскія акупацыйныя ўлады ў дачыненні да жыдоўскага насельніцтва польскіх зямель? 4. Сімвалам гераізму польскага народа стаў Максіміліян Кольбе. Чаму? 5. Раскажыце, чым вядомая Катынь у гісторыі Другой сусветнай вайны. 6. Дзе размяшчаўся польскі эміграцыйны ўрад падчас Другой сусветнай вайны? 7. Які ўдзел узялі палякі ў змаганні антыгітлераўскіх сіл у Нарвегіі? 8. Назавіце месцы баявой славы польскіх салдат у Афрыцы. 9. Чым вядомае Монтэ-Касіна ў гісторыі Другой сусветнай вайны? 10. Якія краіны вызваляла 1 танкавая дывізія пад камандаваннем польскага генерала Станіслава Мачэка?
Нагадаю, што конкурс ладзіцца Беларускай рэдакцыяй Польскага радыё для замежжа і недзяржаўнымі арганізацыямі Віцебска і Гданьска з нагоды 70-годдзя з пачатку ІІ сусветнай вайны. Ён праходзіць у тры месячныя этапы. Першы з іх адбыўся у чэрвені. Другі этап пройдзе ў ліпені. Трэці – у жніўні. Пасля кожнага з этапаў 5 пераможцаў атрымаюць цікавыя ўзнагароды. Гран-пры будзе радыёпрыёмнік з рознымі дыяпазонамі, у тым ліку з кароткімі хвалямі. Чакаецца, што вынікі першага этапу будуць абвешчаныя па радыё 10 ліпеня. Пераможцы другога стануць вядомыя 7 жніўня. Прызёры апошняга этапу будуць названыя ў “Рэдакцыйнай пошце” 11 верасня. Апроч таго, прынамсі адзін удзельнік, які паспяхова справіцца з усімі трыццаццю пытаннямі і заданнямі конкурсу, за кошт арганізатараў паедзе ў Польшчу ўвосень 2009 года. Мяркуецца, што пераможца цягам некалькіх дзён наведае Варшаву і марское ўзбярэжжа. Калі ласка, прысылайце адказы на конкурс на адрас Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
|