Павялічэнне пенсійнага ўзросту для жанчын, скарачэнне дэкрэтнага адпачынку, а таксама ўвядзенне платнай вышэйшай адукацыі – такія рэвалюцыйныя змены могуць выратаваць Польшчу ад катастрофы на рынку працы. Комплексны план дзеянняў падрыхтавала група экспертаў па заказу Міністэрства працы. Адмыслоўцы зазначаюць, што на польскім працоўным рынку ніколі не паўторыцца добрая леташняя сітуацыя, калі працавалі 16 мільёнаў чалавек. Праз паўтара дзесяцігоддзя працаваць будзе на адзін мільён менш, а праз 40 гадоў – менш ажно на 4 мільёны. Гэта вынік старэння грамадства. У 2060 годзе палякаў будзе на 1/6 менш, чым сёння. Такія прагнозы даў Інстытут структурных даследаванняў у рапарце "Працаўладкаванне ў Польшчы. Праца ў цыкле жыцця”. Каб гэты адмоўны сцэнар не ажыццявіўся, краіне патрэбныя хуткія і рашучыя крокі. "Змены павінны быць поўнымі, ахопліваць дзеянні на рынку працы, адукацыю і сямейную палітыку”, – зазначаюць аўтары рапарта.
|