Сардэчна вітаю прыхільнікаў нашага радыё! Ад усёй душы дзякую аўтарам карэспандэнцыі, якая прыйшла цягам мінулага тыдня на віцебскую абаненцкую скрынку. Асаблівую падзяку за пастаянную тэлефонную сувязь шлю Сяргею Балбасаву з Гомельшчыны! Гэты слухач таксама прыслаў ліст з рэакцыяй на маю мінулую перадачу. Давайце паслухаем: "…некалькі слоў на сюжэт "Рэдакцыйнай пошты” ад 27 лютага. Юрась Сцяпанаў зачытваў меркаванні Алеся Шустоўскага пра пазыўныя Польскага радыё. Асабіста я лічу, што музычны ўступ, альбо пазыўныя, змяняць не мае сэнсу. Падкрэсліваю: гэта маё асабістае меркаванне. Іншыя слухачы маюць права на свае версіі”. Канец цытавання. Натуральна, астатнія прыхільнікі нашага радыё могуць прытрымлівацца адрознай думкі. Калі вы, дарагія слухачы, пажадаеце яе агучыць, то сардэчна прашу выказвацца. Пішыце на віцебскую скрынку Польскага радыё для замежжа. Яе адрас прагучыць напрыканцы рубрыкі. Цяпер "Пара слоў для DX-істаў”. Амаль тыдзень назад, 28 лютага, Руская рэдакцыя Міжнароднага радыё Тайваня спыніла трансляцыю на частаце 6120 кілагерц з 17.00 да 18.00 UTC. МРТ перайшло на 9840 кГц. Новая змена будзе дзейнічаць некалькі тыдняў: да завяршэння бягучага зімовага сезону вяшчання. Пераходжу да спартыўнага раздзела. Дагэтуль вы пачулі назвы чатырнаццаці клубаў, якія летась трапілі ў спіс прэм’ер-лігі польскага мужчынскага футбола. У мінулым годзе дзве каманды скаціліся ў першую лігу. Такім чынам, на пятнаццатым месцы апынуўся клуб "KGHM Zagłębie” з Любіна. Горад, які прадстаўляе каманда, знаходзіцца ў паўднёва-заходняй Польшчы, у Ніжнесілезскім ваяводстве. Любін звязаны са здабычай і перапрацоўкай меднай руды. Тут знаходзіцца найбольшае ў Еўропе радовішча гэтага карыснага выкапня. Стратэгічны спонсар каманды – акцыянернае таварыства "KGHM Polska Miedź”. Яно займаецца здабычай і выплаўкай медзі і срэбра, а таксама вытворчасцю золата, паладыя, плаціны ды іншых металаў. Таму не трэба здзіўляцца, што каманда мае назоў "Zagłębie”. Ён перакладаецца як "басейн”. Натуральна, у геалагічным сэнсе. Тыпу "zagłębie węglowe” – "вугальны басейн”. Зараз гістарычная міні-рубрыка. Фактычна першы з’езд польскіх даследчыкаў даўніны адбыўся з нагоды 400-годдзя з дня смерці вядомага гісторыка Яна Длугаша. Фармальна мерапрыемства называлася "ўрачысты сход”. Яно прайшло ў Кракаве ў 1880 годзе. Праз дзесяць год адбылася імпрэза, якая сапраўды мела статус з’езда гісторыкаў. Яна праходзіла ў Львове і была прысвечана метадычным пытанням і выдавецкай справе. У 1900 годзе прайшоў чарговы з’езд у Кракаве. Ён тычыўся значэння гісторыі літаратуры і мастацтва, а таксама закранаў праблематыку археалогіі і этнаграфіі. Пасля вялікага перапынку, у 1925 годзе, у Познані прайшоў наступны з’езд. Польскія даследчыкі даўніны абмяркоўвалі ролю гісторыі палітыкі, права і эканомікі. Пра далейшыя з’езды можна будзе паслухаць 13 сакавіка. Відаць, нашы прыхільнікі ўжо заўважылі, што ў апошнія гады Беларуская рэдакцыя амаль няспынна праводзіць розныя радыёгульні. Напрыклад, нядаўна закончыўся кашубскі конкурс. Ягоныя вынікі стануць вядомыя праз тыдзень. Неўзабаве пачнецца чарговая віктарына пра польскае Памор’е. Чакаецца, што ў новым вяшчальным сезоне будзе зладжана спаборніцтва радыёаматараў. А сёння напярэдадні і з нагоды 8 Сакавіка я пачынаю новую серыю гендэрных конкурсаў. Яны будуць праходзіць цягам некалькіх месяцаў. Пераможцаў чакаюць разнастайныя падарункі. Напрыклад, мабільныя тэлефоны і радыёпрыёмнікі з лічбавым наборам частаты. Канешне, будуць і галоўныя ўзнагароды. Гэта паездка ў Польшчу дзесьці напярэдадні Калядаў. Яе змогуць выйграць прынамсі два пераможцы. Гран-пры змогуць атрымаць толькі тыя асобы, якія будуць удзельнічаць ва ўсіх гендэрных радыёгульнях. Прэтэндэнты на галоўныя ўзнагароды павінны не толькі прыслаць паспяховыя працы, але і давесці, што з’яўляюцца слухачамі нашага радыё. Напрыклад, адгукнуцца на форму або змест нашых праграм альбо скласці рапарт аб чутнасці хаця б адной перадачы на кароткіх ці сярэдніх хвалях.
Цыкл гендэрных радыёгульняў будзе ўключаць віктарыну, конкурс і дыскусійнае абмеркаванне. Як і папярэднія, гэтыя гендэрныя радыёгульні ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі фінансуе праграма "Польская дапамога” Міністэрства замежных спраў РП. Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць конкурсную абвестку. Гатовыя? Пачынаем! 1. Ці 8 Сакавіка з’яўляецца святочным днём у Польшчы? 2. Што такое "Маніфа”? 3. Прывядзіце прыклад трох польскіх грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца гендэрнай праблематыкай. 4. Назавіце палітычную партыю, якая канцэнтруецца на змаганні за правы полек. 5. Польскі ўрад мае ўпаўнаважаную па пытаннях раўнапраўных адносін да жанчын і мужчын. Назавіце імя і прозвішча чалавека, які зараз выконвае гэтую функцыю. Адказы на гэтыя пытанні можна знайсці ў журналісцкіх матэрыялах у эфіры нашага радыё, на рэдакцыйным сайце www.radyjo.net, а таксама на старонцы www.gender.do.am. Калі ласка, прысылайце свае адказы да 9 траўня ўключна. І выключна на віцебскую абаненцкую скрынку нашага радыё. Яе адрас прагучыць праз некалькі секунд. Шаноўныя радыёслухачы! Я чакаю адказаў на конкурс, справаздач пра чутнасць, заявак у "Канцэрт віншаванняў” па адрасу: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас. Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
|