Сардэчна вітаю ўсіх слухачоў нашага радыё!
Ад усёй душы дзякую аўтарам карэспандэнцыі, якая прыйшла на працягу апошніх дзён на віцебскую абаненцкую скрынку. Удзячны Сяргею Балбасаву з Гомельшчыны за тэлефонны абмен думкамі!
Зараз гістарычная міні-рубрыка. Нагадаю, што яна адчынена па просьбе нашага слухача з Берасцейшчыны Міхаіла Кобрына.
Мінулы раз я завяршыў свой аповед пра з’езды польскіх гісторыкаў, кажучы пра форум 1925 года ў Кракаве. З гэтага моманту даследчыкі даўніны вырашылі збірацца рэгулярна, кожныя пяць год. Наступная агульнанацыянальная сустрэча адбылася ў Варшаве ў 1930 годзе. Яна была прысвечана сотым угодкам лістападаўскага паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай. У 1935 годзе віленскі з’езд абмяркоўваў польска-летувіскія адносіны. Вайна перарвала рэгулярнасць форумаў Польскага гістарычнага таварыства. Чарговы ягоны з’езд адбыўся ва Уроцлаве ў 1948 годзе. Месца было абрана невыпадкова: сустрэча даследчыкаў тычылася гістарычных падзей на польскіх заходніх землях. У змрочныя сталінскія часы з’езды не праводзіліся. Адліга дала магчымасць правесці форум Польскага гістарычнага таварыства ў 1958 годзе. Тады ў Кракаве даследчыкі даўніны пастараліся кампенсаваць навуковы заняпад перыяду дыктату і забаронаў. Яны абмеркавалі разнастайныя гістарычныя пытанні ў 9 храналагічных і тэматычных секцыях.
Гэты кракаўскі з’езд аднавіў традыцыю рэгулярных форумаў. З таго часу Польскае гістарычнае таварыства кожныя пяць гадоў ладзіць агульнанацыянальныя сустрэчы. Пра гэтыя з’езды я распавяду ў наступных перадачах.
Працягваю нашу праграму "Парай слоў для DX-ісістаў”. Вядома, што неўзабаве мноства краін, у тым ліку Польшча і Беларусь, пяройдзе на летні час. У гэты ж момант зменяць свае расклады шматлікія замежныя вяшчанні. Усім будзе цікава: як прымаюцца іх перадачы? Натуральна, што не выключэнне і наша станцыя. Таму запрашаю ўсіх вас, дарагія слухачы, маніторыць наш эфір пасля пераходу на летні час. Да канца вясны вы можаце прысылаць свае справаздачы на конкурс рапартаў аб чутнасці. Яны павінны быць складзены паводле сістэмы SINPO з пазначэннем часу UTC. Колькасць рапартаў неабмежаваная. Для ўдзелу ў конкурсе трэба адманіторыць усе нашы каротка- і сярэднехвалевыя частоты. Жадаю чыстага прыёму! Ну і, канешне ж, выйграць галоўны прыз – радыёпрыёмнік.
Дарэчы, пра чутнасць у гэтым сезоне. Наш верны слухач з вёскі Зіновічы Пружанскага раёна Берасцейскай вобласці Мікалай Волчык піша:
"Спадар Сцяпанаў, урэшце радыё "Палонія” на 11905 кілагерцах працуе з выдатнай якасцю: моцны сігнал, няма перашкод і заміранняў. Зрэшты, карыстаюся толькі гэтай частатой, а іншыя гадзіны сутак не выкарыстоўваю: ёсць прыхільнасць да іншых радыёстанцый. Пэўна, што прырода рухаецца да вясны, іанасфера супакойваецца, і прасторавая хваля 11905 кГц добра трапляе на антэны”.
Гэта цытата напісаная нейкі час таму, але спадзяюся, што якасць прыёму не пагоршылася. Яшчэ дадам, што я таксама люблю гэтую частату. 11905 кГц – выдатны выбар!
Відаць, з маім меркаваннем можа не пагадзіцца Міхаіл Шавель з Менска. У снежні першыя паўгадзіны перадачы ішлі добра, а потым пачынаўся трэск і шум, сігнал знікаў. У выніку наш сябра не паслухаў некалькі выпускаў "Рэдакцыйнай пошты”. У 2010 годзе справа пайшла лепей. Цытую: "Калі ўключаю свой прымач на 11905 кГц, чутнасць на працягу ўсёй перадачы добрая”. Спадар Шавель канстатуе, што крыху горшы прыём вячэрняй кароткахвалевай трансляцыі а 19.30 паводле Менска. Не скардзіцца наш слухач на 1557 кілагерц. Цытую: "На поўначы Менска, дзе я жыву, добра чуваць перадачы Польскага радыё і на сярэдніх хвалях… ад 20 да 21 гадзіны…”.
Сёння падвядзем вынікі кашубскага конкурсу. Узнагароды выйгралі наступныя слухачы: Сяргей Магонаў, Міхаіл Кобрын і Алег Панько з Берасцейшчыны, Яўгенія Цюркіна з Магілёва, Міхаіл Шавель, Святлана Шавель і Уладзімер Шавель з Менска, а таксама Аляксандр Драздоў. Апошні ўдзельнік конкурсу не пазначыў свой адрас. Прашу Аляксандра Драздова прыслаць свае паштовыя каардынаты. Суцяшальныя прызы будуць высланыя Сяргею Балбасаву з Гомельшчыны і віцебскаму клубу "Прадслава”.
Віктарына закончылася, пачалася другая. Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа і міжнародная грамадская праграма "Крок да роўнасці” распачалі новую серыю гендэрных конкурсаў. Яны будуць праходзіць увесну, летам і ўвосень 2010 года.
Пераможцаў кожнага з этапаў чакаюць разнастайныя падарункі. Напрыклад, мабільныя тэлефоны і радыёпрыёмнікі з лічбавым наборам частаты.
Канешне, будуць і выніковыя галоўныя ўзнагароды. Гэта паездка ў Польшчу дзесьці напярэдадні Калядаў. Яе змогуць выйграць прынамсі два пераможцы. Гран-пры атрымаюць толькі тыя асобы, якія будуць удзельнічаць ва ўсіх гендэрных радыёгульнях. Прэтэндэнты на галоўныя ўзнагароды павінны не толькі прыслаць паспяховыя працы, але і давесці, што яны з’яўляюцца слухачамі Польскага радыё для замежжа. Напрыклад, можна адгукнуцца на форму або змест праграм Беларускай рэдакцыі альбо скласці справаздачу аб чутнасці хаця б адной перадачы на кароткіх ці сярэдніх хвалях.
Цыкл гендэрных радыёгульняў будзе ўключаць віктарыну, конкурс і дыскусійнае абмеркаванне.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы паміж слухачамі ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі фінансуе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць конкурсную абвестку. Гатовыя? Пачынаю дыктаваць!
1. Ці 8 Сакавіка з’яўляецца святочным днём у Польшчы?
2. Што такое "Маніфа”?
3. Прывядзіце прыклад трох польскіх грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца гендэрнай праблематыкай.
4. Назавіце палітычную партыю, якая канцэнтруецца на змаганні за правы полек.
5. Польскі ўрад мае ўпаўнаважаную па пытаннях раўнапраўных адносін да жанчын і мужчын. Назавіце імя і прозвішча чалавека, які зараз выконвае гэтую функцыю.
Адказы на гэтыя пытанні і заданні можна знайсці ў журналісцкіх матэрыялах у эфіры Польскага радыё для замежжа, на рэдакцыйным сайце
www.radyjo.net, а таксама на web-старонцы
www.gender.do.am.
Лісты на гендэрныя гульні можна пісаць на беларускай, польскай, украінскай ці рускай мовах.
Інфармацыя пра дастаўку карэспандэнцыі ад удзельнікаў радыёконкурсаў будзе пададзена на хвалях Беларускай службы Польскага радыё для замежжа ў перадачы "Рэдакцыйная пошта”. Апроч таго, яе апублікуюць на сайтах
www.radyjo.net і
www.gender.do.am.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на віктарыну да 9 траўня 2010 года ўключна. І выключна на абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.