Шчыра вітаю ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!
У апошні час прыйшлі допісы ад Сяргея Магонава з Кобрына Берасцейскай вобласці, Яўгеніі Цюркінай з Магілёва, Алеся Шустоўскага з Барысава Менскай вобласці, Сяргея Балбасава з вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці, Алега Панько з Берасця, Васіля Завадскага з Маладзечна Менскай вобласці. З Горадні пошта даставіла ліст ад слухача пад псеўданімам "Б. Карповіч”.
Частка новых пісьмаў будзе агучана і прааналізавана ў межах гэтай рубрыкі, рэшта – у "Рэдакцыйнай дыскусіі”. Так што сачыце за нашым эфірам!
Сёння будуць абвесткі пра конкурсы і пашыраны DX-агляд. Я таксама працягну гістарычны міні-раздзел і пакуль завяршу спартыўны цыкл. Нагадаю, гэтыя тэматычныя часткі ініцыяваныя па просьбе заходнебеларускіх слухачоў Міхаіла Кобрына і Фелікса Варвашэвіча.
Тыдзень назад я распавёў пра з’езды польскіх гісторыкаў у міжваенныя і першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі: у 25, 30, 35, 48 і 58 гадах. У 1963 годзе ў Варшаве адбыўся чарговы форум даследчыкаў даўніны. Ён быў прысвечаны гісторыі культуры сярэднявечнай Польшчы, студзеньскаму паўстанню 1863 года і Польскай Народнай Рэспубліцы. У 1969 годзе люблінскі з’езд абмяркоўваў падзеі, звязаныя з адраджэннем незалежнасці, а таксама тэмы, датычныя стварэння ПНР.
Працяг тэмы слухайце ў наступную суботу.
Мой аповед пра польскую футбольную прэм’ер-лігу завяршае згадка пра каманду "Odra Wodzisław”. У гэтай польскай назве два геаграфічных найменні: ракі Одра і горада Вадзіслаў-Шлёнскі. Гідронім у нас больш вядомы ў нямецкай версіі – Одэр. Вадзіслаў-Шлёнскі – населены пункт у Сілезскім ваяводстве, на мяжы з Чэхіяй. Ён мае ўсяго 50 тысяч жыхароў, але вядомы сваімі шматлікімі клубамі па розных відах спорту. Самы папулярны з іх – "MKS "Odra” Wodzisław Śląski”. Менавіта яму і належыць знакамітая футбольная каманда. "Odra Wodzisław” знаходзіцца ў польскай прэм’ер-лізе з 1996 года. Аднак летась яна з’ехала на апошні, шаснаццаты, радок у спісе, што азначала яе часовае вяртанне на ўзровень 1 лігі.
Новы футбольны сезон ўжо пачаўся. Але сёлета прэм’ер-ліга, ці па-польску "Ekstraklasa”, нешта пакуль больш расчароўвае, чым радуе.
Зараз я пераходжу да радыёаматарскай рубрыкі. Яна называецца "Пара слоў для DX-ісістаў”. Праўда, сёння яна будзе больш разгорнутай, чым заўсёды. Я думаю, вы здагадваецеся чаму: з 28 сакавіка мяняюцца частоты падаўляючай большасці радыёвяшчанняў для замежжа, і трэба як мага хутчэй паведаміць пра гэта. Новыя расклады будуць дзейнічаць да 30 кастрычніка.
Структура вяшчання Беларускай рэдакцыі Польскага радыё для замежжа не мяняецца: колькасць і працягласць выхадаў у эфір застаюцца тымі ж, што і зараз. А 13.30 і 16.30 паводле UTC можна прыняць праграмы на кароткіх хвалях. Першая, гадзінная, перадача будзе прымацца на частотах 11955 і 15480 кілагерц. Вечаровы 30-хвілінны выпуск пойдзе на 11760 кГц. А 17.00 і 21.00 паводле Сусветнага скаардынаванага часу будуць гадзінныя рэтрансляцыі на сярэдніх хвалях. Гэта частоты 1557 і 612 кГц.
Запрашаю ўсіх вас, дарагія слухачы, маніторыць наш эфір пасля пераходу на летні час. Да канца вясны вы можаце прысылаць свае справаздачы на конкурс рапартаў аб чутнасці. Яны павінны быць складзены паводле сістэмы SINPO з пазначэннем часу UTC. Колькасць рапартаў неабмежаваная. Для ўдзелу ў конкурсе трэба адманіторыць усе нашы каротка- і сярэднехвалевыя частоты. Жадаю чыстага прыёму! Ну і, канешне ж, выйграць галоўны прыз – радыёпрыёмнік.
Яшчэ адна DX-навіна.
Радыё "Японія” ў напрамку Еўропы будзе перадаваць расейскамоўную праграму з 4 гадзін 30 хвілін паводле сусветнага часу на частаце 6130 кілагерц. Трансляцыя ў накірунку Далёкага Усходу будзе весціся з 11 гадзін 30 хвілін паводле UTC на частаце 6185 кілагерц. Дарэчы, з 29 сакавіка з панядзелка па пятніцу Токіо будзе прапаноўваць 14-хвілінныя інфармацыйныя выпускі з больш падрабязнымі навінамі, галоўным чынам, з Японіі і розных краін Азіі, а таксама каментар найважнейшых падзей.
Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа і міжнародная грамадская праграма "Крок да роўнасці” распачалі новую серыю гендэрных конкурсаў. Яны будуць праходзіць увесну, летам і ўвосень 2010 года.
Пераможцаў кожнага з этапаў чакаюць разнастайныя падарункі. Напрыклад, мабільныя тэлефоны і радыёпрыёмнікі з лічбавым наборам частаты.
Канешне, будуць і выніковыя галоўныя ўзнагароды. Гэта паездка ў Польшчу дзесьці напярэдадні Калядаў. Яе змогуць выйграць прынамсі два пераможцы. Гран-пры атрымаюць толькі тыя асобы, якія будуць удзельнічаць ва ўсіх гендэрных радыёгульнях. Прэтэндэнты на галоўныя ўзнагароды павінны не толькі прыслаць паспяховыя працы, але і давесці, што яны з’яўляюцца слухачамі Польскага радыё для замежжа. Напрыклад, можна адгукнуцца на форму або змест праграм Беларускай рэдакцыі альбо скласці справаздачу аб чутнасці хаця б адной перадачы на кароткіх ці сярэдніх хвалях.
Цыкл гендэрных радыёгульняў будзе ўключаць віктарыну, конкурс і дыскусійнае абмеркаванне.
Інтэлектуальныя спаборніцтвы паміж слухачамі ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі фінансуе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць конкурсную абвестку. Гатовыя? Пачынаю дыктаваць!
1. Ці з’яўляецца 8 Сакавіка святочным днём у Польшчы?
2. Што такое "Маніфа”?
3. Прывядзіце прыклад трох польскіх грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца гендэрнай праблематыкай.
4. Назавіце палітычную партыю, якая канцэнтруецца на змаганні за правы полек.
5. Польскі ўрад мае ўпаўнаважаную па пытаннях раўнапраўных адносін да жанчын і мужчын. Назавіце імя і прозвішча чалавека, які зараз выконвае гэтую функцыю.
Адказы на гэтыя пытанні і заданні можна знайсці ў журналісцкіх матэрыялах у эфіры Польскага радыё для замежжа, на рэдакцыйным сайце
www.radyjo.net, а таксама на web-старонцы
www.gender.do.am.
Лісты на гендэрныя гульні можна пісаць на беларускай, польскай, украінскай ці рускай мовах.
Інфармацыя пра дастаўку карэспандэнцыі ад удзельнікаў радыёконкурсаў будзе пададзена на хвалях Беларускай службы Польскага радыё для замежжа ў перадачы "Рэдакцыйная пошта”. Апроч таго, яе апублікуюць на сайтах
www.radyjo.net і
www.gender.do.am.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на віктарыну да 9 траўня 2010 года ўключна. І выключна на абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.