Крок да роўнасці | Krok ku równości
Шаг к равенству | Step towards equality

Воскресенье, 22.12.2024, 14:37

Вітаю Вас Гость | RSS
Галоўная | Гендэрная бібліятэчка | Рэгістрацыя | Уваход
Меню сайта

Катэгорыі каталога
Прэса аб праграме [78]

Наша апытанне
Выкладанне асноў гендэралогіі ў беларускіх школах…
Усяго адказаў: 57

Галоўная » Артыкулы » Прэса аб праграме » Прэса аб праграме

“Рэдакцыйная пошта”

 
Добрага часу сутак для ўсіх прыхільнікаў нашага радыё!
Я сардэчна дзякую аўтарам карэспандэнцыі, якая прыйшла на працягу апошніх дзён на радыйную скрынку ў Віцебску. Нядаўнюю пошту складаюць лісты, паштоўка, рапарты аб чутнасці, заяўкі ў "Канцэрт віншаванняў” і адказы на гендэрныя конкурсы. Дзякую аўтарам электронных пасланняў, якія прыходзяць на мае розныя адрасы. Апроч таго, я шчыра ўдзячны Сяргею Балбасаву з Гомельшчыны і Віктару Кавалёву з Магілёва за тэлефонны абмен думкамі!
Дарэчы, апошні названы прыхільнік прыслаў вялікі e-mail. Сёння я пазнаёмлю вас з некаторымі часткамі гэтага электроннага ліста. Віктар Кавалёў піша (я цытую пасля дробных стылістычных зменаў):
"Пачну з таго, што сёння знайшоў на сайце Беларускай рэдакцыі і скапіяваў усе архівы "Рэдакцыйнай пошты”, пачынаючы з 2 студзеня 2010 года. Гэта зрабіў з той мэтай, каб пачытаць усе выпускі. Бо хацеў бы мець, так бы мовіць, уяўленне пра тое, аб чым зараз ідзе гутарка ў тваёй перадачы. Я ўжо казаў, што на доўгі час адышоў ад праслухоўвання Беларускай рэдакцыі Польскага радыё. І, паўтараюся, каб мець уяўленне аб сённяшніх перадачах, хацеў бы перачытаць тую ж "…пошту” і "Рэдакцыйную дыскусію”. І таму да цябе пакуль што першае пытанне: можа ў цябе дома засталіся архівы "Рэдакцыйнай пошты” і "…дыскусіі” хаця б у тым жа тэкставым напісанні? Калі ёсць – дашлі, калі ласка, да мяне. Калі іх няма, то буду тады ўжо паціху капіяваць з архіваў на сайце”.
Адкажу на запыт паважанага DX-іста. У мяне няма ніякіх тэкставых запісаў "Рэдакцыйнай дыскусіі”. Гэта не мая перадача. Яе тэкставыя версіі можна знайсці на радыйным сайце. Выслаць усе выпускі маёй "Рэдакцыйнай пошты” даволі складана. Іх амаль 90. Значная частка з гэтых перадач размешчана на сайце www.gender.do.am. 20 апошніх выпускаў я адпраўлю па электроннай пошце.
Віктар Кавалёў працягвае:
"У мяне радыё не адзінае хобі. Ужо 10 год спяваю ў мужчынскім ансамблі. У рэпертуары народныя, эстрадныя й іншыя песні. З-за таго, што наш ансамбль адзіны такога складу на ўсёй Беларускай чыгунцы (усе з чыгункі, усе працуем, прафесіяналаў сярод нас няма, у рэпертуары песні на тэму чыгункі), дык нас добра ведаюць ня толькі дома, у Магілёве, але і па Беларусі. Былі мы ў Берасці, Менску, Гомелі, Салігорску, Слуцку, Асіповічах, Крычаве, Оршы, выступалі на "Дажынках” у Бабруйску. (…)
Пра другое маё хобі (музыку), як і пра першае (радыё), можна казаць доўга і цікава, але не ўсё адразу, таму на сёння хопіць”.
Я буду чакаць новых лістоў ад аднаго з найбольш дасведчаных радыёаматараў Беларусі. Менавіта такія актыўныя асобы, як Віктар Кавалёў, спрыяюць развіццю беларускага DX-руху, пашыраюць ягоныя міжнародныя сувязі, умацоўваюць аўтарытэт нашых аматараў далёкага прыёму.
Між іншым, дзякуючы аднаму зь іх – Сяргею Балбасаву з Гомельшчыны – сфармавана сённяшняя "Пара слоў для DX-ісістаў”. Наш слухач падрыхтаваў для калег наступную інфармацыю. У летнім вяшчальным сезоне рускамоўная рэдакцыя Міжнароднага радыё Тайваня будзе трансляваць свае перадачы на Далёкі Ўсход з 11.00 да 12.00 UTC на частаце 11985 кілагерц. З 14.00 на 15225 кГц пойдзе гадзінная праграма для Сібіры. На Еўропу Тайбэй будзе вяшчаць з 17.00 да 18.00 Сусветнага скаардынаванага часу на – увага! – дзвюх частотах: 11705 і 11795. Раней вечаровая праграма перадавалася толькі на адной хвалі. Спадар Балбасаў мяркуе, што МРТ дадало другую частату, бо баіцца, што на 11705 кілагерцах будуць адчувацца перашкоды ад беларускамоўных перадач Ватыканскага радыё.
Шаноўныя слухачы! Запрашаю ўсіх вас маніторыць у летні час эфір Беларускай рэдакцыі. Да канца вясны вы можаце прысылаць свае справаздачы на конкурс рапартаў аб чутнасці. Яны павінны быць складзены паводле сістэмы SINPO з пазначэннем часу UTC. Колькасць рапартаў неабмежаваная. Для ўдзелу ў конкурсе трэба адманіторыць усе нашы каротка- і сярэднехвалевыя частоты. Пераможцу чакае галоўны прыз – радыёпрыёмнік.
Міхаіл Кобрын з Берасцейскай вобласці прыслаў ліст па электроннай пошце. Для яго была поўнай і прыемнай нечаканасьцю перамога ў конкурсе, прысвечаным Кашубскаму краю. Наш слухач абяцае, што і далей будзе ўдзельнічаць у радыёгульнях, у прыватнасці, прысвечаных гендэрнай праблематыцы. Далей спадар Кобрын піша: "На жаль, у мяне зламаўся радыёпрыёмнік, і я пакуль не магу даслаць рапарт аб прыёме вашых радыёперадач, гэта я зраблю пазьней. Я чытаю матэрыялы ў Інтэрнэце на сайце Беларускай службы Польскага радые. Дзякуй Вам за гістарычную міні-рубрыку. Прыемна чытаць яе матэрыялы”.
Менавіта дзякуючы прапанове гэтага нашага слухача і ўзнікла гістарычная міні-рубрыка. У ёй каротка асвятляюцца некаторыя пытанні, звязаныя з даўніной краіны на Вісле. Пакуль яна прысвечана ўсеагульным з’ездам Польскага гістарычнага таварыства. Нагадаю, гэта найбольшае ў дзяржаве аб’яднанне даследчыкаў даўніны.
У 1974 годзе ў Торуні адбыўся форум пад лозунгам "У крыніц сучаснасці – гісторыя грамадства і культуры”. Праз пяць гадоў адбыўся дванаццаты, катавіцкі, з’езд. Ягоная назва гучала "Чалавек – праца – асяроддзе”. У 1985 годзе ў Познані абмяркоўвалі тэму "Гісторыя і соцыум”.
Пра наступны з’езд, калі ласка, слухайце роўна праз тыдзень.
Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа і міжнародная грамадская праграма "Крок да роўнасці” распачалі новую серыю гендэрных конкурсаў. Яны будуць праходзіць увесну, летам і ўвосень 2010 года.
Пераможцы кожнага з этапаў атрымаюць разнастайныя падарункі. Напрыклад, мабільныя тэлефоны і радыёпрыёмнікі з лічбавым наборам частаты.
Канешне, будуць і выніковыя галоўныя ўзнагароды. Гэта паездка ў Польшчу дзесьці напярэдадні Калядаў. Яе змогуць выйграць прынамсі два пераможцы. Гран-пры атрымаюць толькі тыя асобы, якія будуць удзельнічаць ва ўсіх гендэрных радыёгульнях. Прэтэндэнты на галоўныя ўзнагароды павінны не толькі прыслаць паспяховыя працы, але і давесці, што яны з’яўляюцца слухачамі Польскага радыё для замежжа. Напрыклад, можна адгукнуцца на форму або змест праграм Беларускай рэдакцыі альбо скласці справаздачу аб чутнасці хаця б адной перадачы на кароткіх ці сярэдніх хвалях.
Цыкл гендэрных радыёгульняў складаецца з віктарыны, конкурсу і дыскусійнага абмеркавання.
Яны ладзяцца ў межах праекта "Крок да роўнасці: гендэрная асвета як важны элемент у працэсе стварэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Падарункі фінансуе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў Польшчы.
Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць пытанні і заданні віктарыны. Гатовыя? Пачынаю дыктаваць!
1. Ці з’яўляецца 8 Сакавіка святочным днём у Польшчы?
2. Што такое "Маніфа”?
3. Прывядзіце прыклад трох польскіх грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца гендэрнай праблематыкай.
4. Назавіце палітычную партыю, якая канцэнтруецца на змаганні за правы полек.
5. Польскі ўрад мае ўпаўнаважаную па пытаннях раўнапраўных адносін да жанчын і мужчын. Назавіце імя і прозвішча чалавека, які зараз выконвае гэтую функцыю.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на віктарыну да 9 траўня 2010 года ўключна. І выключна на абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так: by@polskieradio.pl.
Категория: Прэса аб праграме | Добавил: viator (27.03.2010) | Автор: Юрый Сцяпанаў
Просмотров: 686 | Рейтинг: 0.0/0 |
Всего комментариев: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма Уваходу


Пошук

Сябры сайта
Адукацыйныя і асветніцкія сайты [6]
Гендэрныя веды [2]
Гендэрныя грамадскія арганізацыі, праекты і праграмы [11]
Сайты сексуальных меншасцяў [5]
Сацыяльныя сайты [3]
Спонсарскія структуры [9]
Радыё [20]
Прэса [9]
Інфармацыйныя агенцтвы [4]
Іншыя рэсурсы [1]

Статыстыка


Гэты рэсурс дафінансоўваецца Міністэрствам замежных справаў Рэспублікі Польшча ў межах праграмы “Polska Pomoc”.
Сайт выказвае выключна меркаванні сваіх аўтараў і не мае ніякага дачынення да афіцыйнай пазіцыі польскага МЗС.
Copyright © 2008-2024 by gender.do.am. Designed by viator 2008 © all rights reserved.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у друку спасылка на крыніцу інфармацыі абавязковая.
Пры выкарыстанні матэрыялаў у Інтэрнеце просім даваць прамую гіперспасылку на gender.do.am.
Ідэя сайта распрацавана Юрыем Сцяпанавым.