Шчыра вітаю ўсіх сяброў нашага радыёвяшчання! Цягам красавіка ў Віцебск дастаўлена некалькі дзесяткаў лістоў. Разнастайную пошту прыслалі ці перадалі Алег Панько (Берасце), Міхась Маліноўскі (Баранавічы, Берасцейская вобласць), Сяргей Магонаў (Кобрын, Берасцейская вобласць), Мікалай Волчык (Пружанскі раён, Берасцейская вобласць), Яніна Дзямешчанка, Аксана Краўцова (Віцебск), Данута Крупіца, Пётр Крупіца, Анатоль Кулеш (Ліда, Гарадзенская вобласць), Язэп Палубятка (Масты, Гарадзенская вобласць), Сяргей Балбасаў (Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць), Віктар Кавалёў, Яўгенія Цюркіна (Магілёў), Ганна Купцэвіч, Уладзімір Шавель (Менск), Алесь Шустоўскі (Барысаў, Менская вобласць), Васіль Завадскі (Маладзечна, Менская вобласць). Мне таксама званілі магіляўчанін Віктар Кавалёў і віцяблянка Ніна Каўпак. SMS-паведамленні і тэлефанаванні паступалі ад Сяргея Балбасава з Гомельшчыны і ад Яўгеніі Цюркінай з Магілёва. Сардэчна дзякую за пошту, званкі і SMS! Пераходжу да міні-рубрык. Я пачынаю з гістарычнай. Нагадаю, што па просьбе слухача я распавядаю пра з’езды найбольшай ў Польшчы арганізацыі даследчыкаў даўніны – Польскага гістарычнага таварыства. Семнаццаты форум гэтай арганізацыі адбыўся ў Кракаве ў 2004 годзе. Ён меў назву "Вялікія і малыя айчыны”. Роўна праз тыдзень слухайце матэрыял пра наступны – пакуль што апошні – з’езд Польскага гістарычнага таварыства. Сёння ў міні-рубрыцы "Пара слоў для DX-ісістаў” пра Ватыканскае радыё. Двойчы ў суткі яно вяшчае на беларускай мове. Ватыкан транслюе прэм’ерную перадачу на 1611, 9585 і 11715 кілагерцах а 17.00 UTC. Раніцай а 3.20 ідзе паўтор на частотах 1260, 6185 і 7335 кГц. Трэба ўлічваць, што прыём у Беларусі гарантаваны толькі на кароткіх хвалях. СХ-трансляцыі накіраваны на адносна невялікую зону вакол Рыма. Шаноўныя слухачы! Запрашаю ўсіх вас маніторыць эфір Беларускай рэдакцыі. Да канца вясны вы можаце прысылаць свае справаздачы на конкурс рапартаў аб чутнасці. Яны павінны быць складзены паводле сістэмы SINPO з пазначэннем часу UTC. Без гэтага рапарт не можа быць прыняты на конкурс. Колькасць справаздач неабмежаваная. Для ўдзелу ў конкурсе трэба адманіторыць усе нашы каротка- і сярэднехвалевыя частоты. Пераможцу чакае галоўны прыз – радыёпрыёмнік. Наш пастаянны слухач Сяргей Балбасаў з вёскі Старая Буда Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці прыслаў на гэты конкурс мноства рапартаў, а таксама лісты з аналізам прыёму. У апошнім з іх наш прыхільнік звяртаецца да чутнасці ў другой палове красавіка. Ён апісаў прыём на ўсіх сярэдніх і кароткіх хвалях, на якіх мы вядзем свае перадачы. Паслухайма: "Частата 612 кілагерц гучыць на тры балы. Улічваючы тую асаблівасць, што магутнасць перадатчыка зніжана напалову, то чутнасць у гэтай сітуацыі я лічу адносна добрай для Гомельшчыны. Частата 1557 кілагерц праходзіць даволі добра. Так, 16, 19, 23, 26 красавіка сігнал ішоў на цвёрдыя "чацвёркі”. Вядома, не абыходзілася без невялікіх шумоў і заміранняў, але яны былі дапушчальнага ўзроўню. Нядрэнна чуваць і паўгадзінную вячэрнюю трансляцыю, якая перадаецца на 11760 кілагерцах. Здараюцца слабыя перашкоды, шумы і заміранні, але ў цэлым чутнасць добрая. Самай праблемнай з усіх задзейнічаных частот, на мой погляд, з’яўляецца 11955. Амаль што адзінаю перашкодаю тут служыць "Голас Турцыі” на расейскай мове, які вяшчае на 11965. Да 13.55 UTC Варшаву пачуць амаль што немагчыма, настолькі бываюць сур’ёзныя перашкоды. А вось 17 і 23 красавіка, наадварот, перашкоды ад турэцкай хвалі былі невялікага ўзроўню. І аб частаце 15480. Тут прыём вагаецца ад чатырох да пяці балаў. Калі ў першай палове красавіка былі яшчэ праблемы з чутнасцю, то ў другой іх не стала, што не можа не радаваць”. Беларуская рэдакцыя Польскага радыё для замежжа і міжнародная грамадская праграма "Крок да роўнасці” распачалі новую серыю гендэрных конкурсаў. Яны будуць праходзіць увесну, летам і ўвосень 2010 года. Пераможцы кожнага з этапаў атрымаюць разнастайныя падарункі. Напрыклад, мабільныя тэлефоны і радыёпрыёмнікі з лічбавым наборам частаты. Канешне, будуць і выніковыя галоўныя ўзнагароды. Гэта паездка ў Польшчу дзесьці напярэдадні Калядаў. Яе змогуць выйграць прынамсі два пераможцы. Гран-пры атрымаюць толькі тыя асобы, якія будуць удзельнічаць ва ўсіх гендэрных радыёгульнях. Прэтэндэнты на галоўныя ўзнагароды павінны не толькі прыслаць паспяховыя працы, але і давесці, што яны з’яўляюцца слухачамі Польскага радыё для замежжа. Напрыклад, можна адгукнуцца на форму або змест праграм Беларускай рэдакцыі альбо скласці справаздачу аб чутнасці хаця б адной перадачы на кароткіх ці сярэдніх хвалях. Цыкл гендэрных радыёгульняў складаецца з віктарыны, конкурсу і дыскусійнага абмеркавання. Яны ладзяцца ў межах праекта "Крок да роўнасці: гендэрная асвета як важны элемент у працэсе стварэння грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”. Падарункі фінансуе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў Польшчы. Калі ласка, падрыхтуйцеся, каб занатаваць пытанні і заданні віктарыны. Гатовыя? Пачынаю дыктаваць! 1. Ці з’яўляецца 8 Сакавіка святочным днём у Польшчы? 2. Што такое "Маніфа”? 3. Прывядзіце прыклад трох польскіх грамадскіх аб’яднанняў, якія займаюцца гендэрнай праблематыкай. 4. Назавіце палітычную партыю, якая канцэнтруецца на змаганні за правы полек. 5. Польскі ўрад мае ўпаўнаважаную па пытаннях раўнапраўных адносін да жанчын і мужчын. Назавіце імя і прозвішча чалавека, які зараз выконвае гэтую функцыю. Калі ласка, прысылайце свае адказы да 13 чэрвеня 2010 года ўключна. Дата завяршэння віктарыны перанесена ў сувязі з сумнымі падзеямі 10 красавіка. Высылайце працы выключна на абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь. Сюды ж таксама адпраўляйце лісты на чарговы конкурс пра Гданьск. Вось пытанні новай віктарыны ды варыянты адказаў на іх: 1. Гданьск разам з двума гарадамі ўтварае Траеграддзе. У гэтую агламерацыю ўваходзяць… a. …Гданьск, Сопат і Гдыня. b. …Гданьск, Рэда і Румя. 2. Калісьці Гданьск і навакольныя землі ўтваралі вольны горад Данцыг. У гісторыі гэта было… a. …адзін раз. b. …двойчы. 3. У свеце вядомы два алкагольныя напоі, вынайдзеныя ў Гданьску. Адным з іх была традыцыйная настойка на зёлках і карэннях. Асаблівую прывабнасць ёй надавалі некалькі лісткоў тонкай залатой фольгі, якія плавалі ў кожнай пляшцы. Гданьскай гарэлцы прыпісваліся лекавыя і ледзь не цудатворныя ўласцівасці. У паэме "Пан Тадэвуш” яе згадвае Адам Міцкевіч:
Суддзя шкатулку ў гонар той аблавы Дастаў, адкрыў, i пляшак блiснулi галовы. Ён выняў самы большы буталь адмысловы (Багаты падарунак ад ксяндза Рабака). Гарэлка з Гданьска, дарагая для паляка. "Няхай жыве!— сказаў Суддзя з паднятай чашай, – Наш горад Гданьск, зноў быць яму ва ўладзе нашай!” I па чарзе ўсiм налiваў лiкёр срабрысты. Пакуль дно залатым не заблiшчала лiстам.
Міцкевіч меў на ўвазе напой пад назвай… a. …"Goldwasser”. b. …"Крамбамбуля”. 4. Пад лозунгам "Свабода культуры, культура свабоды” Гданьск змагаецца за званне еўрапейскай культурнай сталіцы… a. …2012 года. b. …2016 года. 5. На тэрыторыі Гданьска пачынаецца цікавы геаграфічны аб’ект: a. Балтыйская каса. b. Хельская каса. Усе тыя, хто правільна адкажа, атрымаюць узнагароды. Конкурсныя лісты трэба прысылаць да 13 чэрвеня 2010 года ўключна. Правільныя варыянты папярэдняга конкурсу пра Гданьск будуць абвешчаныя ў наступнай перадачы. Правільна адказаць на разнастайныя конкурсы вам дапаможа наш рэдакцыйны сайт www.radyjo.net. Заходзьце на яго: чытайце тэксты, глядзіце здымкі, слухайце нашы перадачы!
|