Добры дзень, шаноўныя радыёслухачы!
На пачатку хачу падзякаваць усім нашым прыхільнікам, якія цягам апошніх тыдняў прыслалі разнастайныя допісы на віцебскую паштовую скрынку.
Сёння крыху часу будзе прысвечана чутнасці нашай станцыі. Я ведаю, многіх з вас гэта тэма вельмі хвалюе. Шмат хто звяртаецца да яе ў сваіх справаздачах аб прыёме, а некаторыя слухачы прысылаюць адмысловыя лісты на гэты конт. Я шчыра ўдзячны за вашы рапарты і допісы пра чутнасць.
Аляксандар Мазго з Віцебска маніторыў наш кароткахвалевы эфір на пачатку ліпеня. Вось некаторыя вынікі праслухоўвання праблемнай частаты 11955 кілагерц. 1 ліпеня з 13.30 да 14.10 UTC чутнасць паводле сістэмы SINPO была на 43543. 6 ліпеня з 13.30 да 13.50 прыём выглядаў так: 23532. У абодвух выпадках назіраліся моцныя перашкоды ад рускамоўнай трансляцыі "Голасу Турцыі”. 6 ліпеня сігнал нашай станцыі перыядычна знікаў і аднаўляўся.
Праз тыдзень я працягну гаварыць пра чутнасць ва ўсходняй частцы Беларусі. Прагучыць аналіз прыёму на Гомельшчыне.
На трэцюю гданьскую віктарыну прыйшоў чарговы ліст. Яго прыслаў віцяблянін Андрэй Гуркоўскі. Апроч аднаго, адказы правільныя.
Напамінаю, што цяперашні конкурс пра Гданьск выглядае так, як і два папярэднія: з пададзеных варыянтаў неабходна выбраць верны.
Калі ласка, паспрабуйце свае сілы:
1. Гданьск называюць горадам…
a. …на рацэ Матлава. b. …на рацэ Вісла.
2. У Данцыгу нарадзіўся адзін з нобелеўскіх лаўрэатаў у галіне літаратуры. Значная частка ягонай творчасці прысвечана гэтаму гораду. У прыватнасці, ён напісаў "Данцыгскую трылогію”. Гэтага пісьменніка, скульптара, мастака, графіка завуць…
a. …Гюнтэр Грас. b. …Пауль Шэербарт.
3. Гданьскі аэрапорт імя Леха Валенсы штогод абслугоўвае амаль два мільёны пасажыраў. Ён размешчаны…
a. ...у Касокуве. b. …у Рэмбехуве.
4. Гданьская футбольная каманда называецца…
a. ..."Lechia”. b. …"Baltia”.
5. Афіцыйная Інтэрнет-старонка горада Гданьска – гэта…
a. …www.gdansk.pl. b.
www.dawnygdansk.pl.
Усе тыя, хто правільна адкажа, атрымаюць узнагароды. Конкурсныя лісты трэба прысылаць на віцебскую абаненцкую скрынку да 4 жніўня 2010 года ўключна. Адрас прагучыць напрыканцы перадачы.
Працу на дыскусійнае гендэрнае абмеркаванне прыслаў Сяргей Балбасаў з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці. Яго допіс будзе неўзабаве агучаны ў адным з выпускаў праграмы "Рэдакцыйная дыскусія”.
Нагадваю, што слухачы дэбатуюць наконт гендэрных парытэтаў у палітыцы. Зараз у Польшчы актыўна абмяркоўваецца гэтая тэма. Полькі менш актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. У прыватнасці, яны слабей прадстаўлены ў парламенце. Частка палітыкаў і грамадскіх дзеячаў прапанавала ўвесці на выбарах парытэтны ўдзел абодвух полаў. Гаворка ідзе пра тое, каб жанчыны й мужчыны балатаваліся ў пэўных суадносінах. Напрыклад, 50 на 50. Паводле прыхільнікаў гэтай ідэі, такая практыка павінна быць замацавана ў законе, каб выбарчыя спісы той ці іншай партыі або групы давалі роўныя шанцы мужчынам і жанчынам. Ёсць шмат апанентаў гэтай прапанове. Некаторыя з іх кажуць, што парытэт у выбарчых кампаніях можа быць фікцыяй. Яшчэ хтосьці гаворыць, што здольная жанчына сама праб’е сабе дарогу ў палітычнае жыццё.
А што вы, паважаныя радыёслухачы, думаеце на гэты конт? Як вы лічыце, ці варта пераходзіць да парытэтаў у палітыцы? Ці трэба іх замацоўваць на ўзроўні закону? Якія плюсы й мінусы можа мець такое рашэнне? Ці магчымая альтэрнатыва парытэтам у палітыцы?
Пры напісанні працы вам могуць дапамагчы журналісцкія матэрыялы ў эфіры нашага радыё, а таксама публікацыі на адмысловых web-старонках
www.gender.do.am і
www.schoolgender.do.am.
Пераможцаў дыскусійнага абмеркавання чакаюць разнастайныя прэзенты. Сярод іх будуць мабільны тэлефон і радыёпрыёмнік з лічбавым наборам частаты.
Такія ж падарункі падрыхтаваны і для прызёраў трэцяга гендэрнага конкурсу.
Каб паўдзельнічаць у ім, трэба прывесці не менш за два прыклады дыскрымінацыі па полавай прыкмеце ў сучаснай Беларусі. Неабходна грунтоўна апісаць гэтыя выпадкі, даказаўшы несправядлівы характар адносін да жанчын ці мужчын. Памер гендэрнай працы не павінен перавышаць тры старонкі А4. Калі ласка, запісвайце ці друкуйце тэкст на адным баку аркуша.
Пры выбары пераможцаў будуць улічвацца арыгінальнасць працы, яснасць выкладання матэрыялу, гендэрная карэктнасць выказванняў. Апошняе азначае, што трэба пазбягаць сексісцкіх штампаў кшталту "моцны пол”, "прыгожая палова чалавецтва”, "жаночая логіка”.
Вам дапамогуць напісаць працу па гендэрнай дыскрымінацыі матэрыялы на web-старонцы
www.gender.do.am. У першую чаргу раю шукаць інфармацыю на сайце ў раздзелах "Навіны” і "Гендэрная бібліятэчка”.
Поўнасцю ці часткова вашы выказванні прагучаць на хвалях Польскага радыё для замежжа ў рубрыцы "Рэдакцыйная пошта”.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на творчы конкурс да 17 верасня 2010 года, а на дыскусію – да 30 верасня.
Пасля правядзення цыкла гендэрных конкурсаў прынамсі два пераможцы атрымаюць выніковыя галоўныя ўзнагароды. Гэта паездка ў Польшчу ў другой палове 2010 года.
Гендэрныя конкурсы ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі спансіруе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на гданьскую віктарыну і гендэрныя конкурсы на абаненцкую скрынку Польскага радыё для замежжа: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.
Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя версіі "Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не паспелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце. Сардэчна запрашаю!