Выдатнага часу сутак, дарагія сябры!
Нягледзячы на лета, ад вас прыйшло вельмі шмат пошты. Я ўдзячны ўсім нашым слухачам, якія кантактуюць з намі.
Уладзімер Шавель з Менска напісаў:
"У пачатку свайго пісьма я вырашыў падзякаваць вам за падарункі, якія я атрымаў па пошце. Мне, маёй жонцы Алене, а асабліва дачцэ Арынцы вельмі спадабаліся кнігі, якія вы даслалі. Вельмі прыгожыя ілюстрацыі, цікавы тэкст. Як быццам пабываў у Гданьску, пахадзіў па яго маляўнічых вуліцах, пабачыў і паразмаўляў з мясцовымі жыхарамі.
За прыёмнік "Grundig” асаблівы дзякуй. Цяпер у мяне і ў маіх блізкіх з’явілася выдатная магчымасць слухаць цікавыя перадачы, навіны на дабраякаснай беларускай мове.
Прыёмнік прыгожы, лёгкі.
Я цяпер вельмі часта ім карыстаюся. Але ж і ў Інтэрнет заглядаю пастаянна”. Канец цытавання.
Нагадаю, Уладзімір Шавель – адзін з паспяховых удзельнікаў нашых конкурсаў. Падаўляючая большасць шматлікіх пераможцаў інфармуе нас пра атрыманне прызоў. Аднак ёсць асобныя слухачы, якія яшчэ не зрабілі гэтага…
Шаноўныя сябры! Наш абавязак – выслаць выйграныя вамі ўзнагароды. А вы – у сваю чаргу – пастарайцеся паведаміць нам пра атрыманне ці неатрыманне прызоў.
З Баранавіч Берасцейскай вобласці Міхась Маліноўскі прыслаў чарговы ліст на гендэрны конкурс. Наш даўні прыхільнік выказаўся наконт дыскрымінацыі жанчын і мужчын у Беларусі. На думку аўтара, нічога падобнага ў сінявокай няма.
Упершыню сутыкаюся з такой думкай. Хаця і не здзіўляюся: гендэрныя тэмы дастаткова складаныя. Не кожны чалавек іх разумее і ўсведамляе.
Каб асэнсаваць гендэрныя пытанні, трэба быць чуллівым на праваабарончую праблематыку, цікавіцца ёю, імкнуцца бараніць свае правы. Менавіта з гэтых пазіцый раю сыходзіць, рыхтуючыся да дыскусійнага абмеркавання і творчага конкурсу.
Зараз я больш падрабязна распавяду пра гэтыя радыёгульні.
Пачну з дыскусійнага абмеркавання. Радыёслухачы выказваюцца наконт гендэрных парытэтаў у палітыцы. Зараз у Польшчы актыўна абмяркоўваецца гэтая тэма. Полькі менш актыўна ўдзельнічаюць у палітычным жыцці краіны. У прыватнасці, яны слабей прадстаўлены ў парламенце. Частка палітыкаў і грамадскіх дзеячаў прапанавала ўвесці на выбарах парытэтны ўдзел абодвух полаў. Гаворка ідзе пра тое, каб жанчыны й мужчыны балатаваліся ў пэўных суадносінах. Напрыклад, 50 на 50. Паводле прыхільнікаў гэтай ідэі, такая практыка павінна быць замацавана ў законе, каб выбарчыя спісы той ці іншай партыі або групы давалі роўныя шанцы мужчынам і жанчынам. Ёсць шмат апанентаў гэтай прапанове. Некаторыя з іх кажуць, што парытэт у выбарчых кампаніях можа быць фікцыяй. Яшчэ хтосьці гаворыць, што здольная жанчына сама праб’е сабе дарогу ў палітычнае жыццё.
А што вы, паважаныя радыёслухачы, думаеце на гэты конт? Як вы лічыце, ці варта пераходзіць да парытэтаў у палітыцы? Ці трэба іх замацоўваць на ўзроўні закону? Якія плюсы й мінусы можа мець такое рашэнне? Ці магчымая альтэрнатыва парытэтам у палітыцы?
Пры напісанні працы вам могуць дапамагчы журналісцкія матэрыялы ў эфіры нашага радыё, а таксама публікацыі на адмысловых web-старонках
www.gender.do.am і
www.schoolgender.do.am.
Прызёраў дыскусійнага абмеркавання чакаюць разнастайныя прэзенты. Сярод іх будуць мабільны тэлефон і радыёпрыёмнік з лічбавым наборам частаты.
Такія ж падарункі падрыхтаваны і для пераможцаў трэцяга гендэрнага конкурсу.
Каб паўдзельнічаць у ім, трэба прывесці не менш за два прыклады дыскрымінацыі па полавай прыкмеце ў сучаснай Беларусі. Неабходна грунтоўна апісаць гэтыя выпадкі, даказаўшы несправядлівы характар адносін да жанчын ці мужчын. Памер гендэрнай працы не павінен перавышаць тры старонкі А4. Вельмі вас прашу запісваць ці друкаваць тэкст на адным баку аркуша.
Пры выбары пераможцаў будуць улічвацца арыгінальнасць працы, яснасць выкладання матэрыялу, гендэрная карэктнасць выказванняў. Апошняе азначае, што трэба пазбягаць сексісцкіх штампаў кшталту "моцны пол”, "прыгожая палова чалавецтва”, "жаночая логіка”.
Вам дапамогуць напісаць працу па гендэрнай дыскрымінацыі матэрыялы на web-старонцы
www.gender.do.am. У першую чаргу прапаную шукаць інфармацыю на сайце ў раздзелах "Навіны” і "Гендэрная бібліятэчка”.
Поўнасцю ці часткова вашы выказванні прагучаць на хвалях Польскага радыё для замежжа ў рубрыцы "Рэдакцыйная пошта”.
Калі ласка, прысылайце свае адказы на творчы конкурс да 17 верасня, а на дыскусію – да 30 верасня 2010 года.
Пасля правядзення цыкла гендэрных конкурсаў прынамсі два прызёры атрымаюць выніковыя гран-пры. Гэта паездка ў Польшчу ў другой палове бягучага года.
Гендэрныя конкурсы ладзяцца пры ўдзеле Адукацыйнага таварыства "Wiedza Powszechna” з Гданьска. Падарункі спансіруе праграма "Polska Pomoc” Міністэрства замежных спраў РП.
Паважаныя радыёслухачы! Я чакаю адказаў на гендэрныя конкурсы, справаздач пра чутнасць, заявак у "Канцэрт віншаванняў” ды іншых допісаў па адрасу: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Зразумела, што сюды можна таксама прысылаць лісты на самыя разнастайныя тэмы, якія цікавяць вас.
Сваю карэспандэнцыю вы можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча. Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна. З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.
Дарэчы, на ёй выкладваюцца тэкставыя версіі "Рэдакцыйнай пошты”. Так што, калі вы не паспелі паслухаць агляд карэспандэнцыі, можаце прачытаць яго на радыйным сайце. Сардэчна запрашаю!