Вітаю вас, шаноўныя прыхільнікі польскага замежнага вяшчання!
Я шчыра ўдзячны за допісы, якія на працягу тыдня дастаўлены на віцебскую абаненцкую скрынку.
За першыя 20 дзён месяца разнастайную карэспандэнцыю прыслалі: Уладзімір Шавель (Менск), Міхась Маліноўскі (Баранавічы Берасцейскай вобласці), Марыя Палынская (Віцебск), Алесь Шустоўскі (Барысаў Менскай вобласці), Яніна Дзямешчанка (Віцебск), Віктар Васілевіч (Салігорск Менскай вобласці), Альдона Родзевіч (Шчучынскі раён Гарадзеншчыны), Міхаіл Кобрын (Баранавічы Берасцейскай вобласці), Эдуард Дзенісюк (Барысаў Менскай вобласці), Сяргей Балбасаў (Буда-Кашалёўскі раён Гомельшчыны), Яўгенія Цюркіна (Магілёў), Іван Раткевіч (Горадня), Міхаіл Шавель (Менск), Мікалай Волчык (Пружанскі раён Берасцейская вобласць).
З пачатку кастрычніка некаторыя з гэтых слухачоў адправілі па некалькі лістоў.
Допісы нашых прыхільнікаў будуць зачытвацца і каментавацца ў наступных аглядах карэспандэнцыі па серадах і суботах.
Апроч лістоў, былі і званкі. Мне тэлефанавілі Аляксандр Мазго з Віцебска, Сяргей Балбасаў з Гомельшчыны і Яўгенія Цюркіна з Магілёва. Усе трое цікавіліся наступным конкурсам рапартаў.
Нагадаю, у мінулай перадачы прагучаў анонс гэтага радыёспаборніцтва. Зараз я азнаёмлю вас, шаноўнае спадарства, з падрабязнымі ўмовамі новага конкурсу Беларускай рэдакцыі.
Пераход на зімовы час заўсёды суправаджаецца зменамі ў частотным раскладзе нашага вяшчання. Станцыя пачынае выкарыстоўваць іншыя хвалі і нават дыяпазоны. Таму для радыё важна інфармацыя наконт прыёму нашых перадач і рэтрансляцый. Вашы рапарты і заўвагі аб чутнасці будуць асабліва патрэбныя ў першыя тыдні пасля пераходу на зімовы расклад вяшчання.
Конкурс справаздач пачнецца з 1 лістапада. Ён працягнецца 5 тыдняў да 5 снежня ўключна. Спаборніцтва радыёаматараў будзе прысвечана юбілею Польскага радыё.
Слухачы павінны прыслаць справаздачы аб чутнасці на ўсіх сярэдне- і кароткахвалевых частотах. Рапарты могуць складацца на любой з усходнеславянскіх моў, па-польску ці па-ангельску. Тэксты справаздач павінны быць напісаны на адным баку аркуша.
У рапартах неабходна ўказваць толькі час UTC. Перадачу трэба праслухаць цалкам.
У справаздачы варта пісаць дакладную частату прыёму ў кілагерцах. Аўтаматычна не прымаюцца рапарты з пазначэннямі тыпу: "25 метраў”, "КХ” ці "сярэднехвалевы дыяпазон”.
У раздзеле "Змест праграмы” не дапускаецца пісаць словы "Паўтор перадачы”. Неабходна занатаваць усе рубрыкі і сюжэты выпуску.
Адзнакі за чутнасць павінны выстаўляцца па сістэме SINPO за цэлую перадачу. Аднак гэта не выключае дадатковых ацэнак за пятнаццаціхвілінныя адрэзкі праграмы.
Не дапускаецца адначасовае праслухоўванне праграм на розных частотах. Нават за адзінкавы выпадак такога паралельнага прыёму слухач пакіне шэрагі ўдзельнікаў конкурсу. Кампрамісаў тут не будзе, а скаргі не дапамогуць.
Пры падвядзенні вынікаў конкурсу будуць улічвацца акуратнасць, выразнасць, правільнасць напісання. Гэта важна пры спрэчных пытаннях. Напрыклад, калі ўзнікне такая сітуацыя: слухачы прыслалі аднолькавую колькасць рапартаў. Каму аддаць перавагу? Таму, хто лепей склаў справаздачу.
Пры вызначэнні пераможцаў істотным момантам будзе наяўнасць ці адсутнасць тэхнічных заўваг у рапартах, а таксама тое, ці далучаў аўтар справаздач лісты з аналізам прыёму за нейкі часавы прамежак: за дзень, тыдзень, дэкаду, месяц.
Рапарты за пяць конкурсных тыдняў можна дасылаць да 20 снежня ўключна. Справаздачы, якія прыйдуць пазней за згаданую дату, на радыёспаборніцтва не трапяць.
Рапарты прымаюцца толькі на віцебскую абаненцкую скрынку. Справаздачы, адпраўленыя на іншыя адрасы, у тым ліку на электронныя, а таксама высланыя праз наш рэдакцыйны сайт, не будуць удзельнічаць у спаборніцтве.
Падвядзенне вынікаў конкурсу будзе адбывацца з 21 снежня па 10 студзеня. Рэзультаты я абвяшчу 15 студзеня 2011 года. Вынікі конкурсу будуць канчатковымі і не могуць быць аспрэчаны.
Узнагароды для трох пераможцаў будуць адпраўлены ў студзені будучага года. У якасці прызоў прадугледжаны каштоўныя падарункі, у тым ліку прыёмнік з лічбавым наборам частаты.
Атрымальнікі ўзнагарод абавязаны праінфармаваць арганізатараў пра дастаўку падарункаў.
Зараз я каротка распавяду пра галоўныя рэзультаты гендэрных конкурсаў. Па выніках трох этапаў паездку на польскае марское ўзбярэжжа выйграў кобрынец Сяргей Магонаў. У фінал выйшаў і Уладзімір Шавель з Менска. Ён заняў другое – і апошняе – месца. І таксама набыў права на бясплатную экскурсію.
Іншыя вынікі гендэрных конкурсаў будуць агучаны да канца восені.
А сёння называю спіс пераможцаў чацвёртага гданьскага конкурсу.
У апошнія дні ўзнагароды высланы наступным удзельнікам тэставання:
Альдоне Родзевіч са Шчучынскага раёна на Гарадзеншчыне,
Міхаілу Шавелю з Менска,
Эдуарду Дзенісюку з Барысава Менскай вобласці,
Аляксандру Ганчарову з Чачэрскага раёна Гомельскай вобласці,
Святлане Шавель з Менска,
Віктару Васілевічу з Салігорска Менскай вобласці,
Уладзімеру Гудзэнку з Лухавіц Маскоўскай вобласці.
За гэты конкурс ўжо даўно адпраўлены прызы Сяргею Магонаву з Кобрына Берасцейскай вобласці, Валяр’яну Здановічу з Горадні, Яўгеніі Цюркінай з Магілёва, Максіму Бажку з Ліды, што на Гарадзеншчыне, Аляксандру Мазго з Віцебска, Міхаілу Кобрыну з Баранавіч Берасцейскай вобласці, Уладзіміру Шавелю з Менска, Алегу Панько з Берасця, Сяргею Балбасаву з Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці.
Хтосьці атрымаў выданні пра Гданьск, нехта – гаджэты, камусьці адпраўлены наборы паштовай прадукцыі… Адным словам, прызы самыя разнастайныя.
Шаноўныя радыёслухачы! Роўна праз тыдзень я абвяшчу новую, пятую, – і сёлета апошнюю – віктарыну пра Гданьск. Калі вы хочаце атрымаць бланк з пытаннямі тэста, то, калі ласка, пішыце на адрас: а/с 45, г. Віцебск, 210015, Беларусь.
Сюды ж трэба дасылаць адказы на чарговы гданьскі конкурс, а таксама іншую карэспандэнцыю, у тым ліку рапарты аб чутнасці і заяўкі ў "Канцэрт віншаванняў”.
Сваю карэспандэнцыю вы таксама можаце накіроўваць непасрэдна ў рэдакцыю. Адрас гучыць так: Беларуская служба Польскага радыё для замежжа, P. О. Box 46, 00-977 Warszawa, Польшча.
Нашы палескія слухачы могуць адпраўляць свае пісьмы на адрас: абаненцкая скрынка 28/78, г. Вінніца, 21027, Украіна.
З намі таксама можна вельмі аператыўна кантактаваць па электроннай пошце. Рэдакцыйны e-mail гучыць так:
by@polskieradio.pl.
Наша станцыя пастаянна прысутная ў Інтэрнеце. Таму, калі ласка, рэгулярна наведвайце наш рэдакцыйны сайт у Сеціве. Штодня тут можна знайсці самую разнастайную тэкставую ды гукавую інфармацыю, а таксама фотаздымкі пра падзеі і факты ў Польшчы, Беларусі, Еўропе ды свеце. Адрас старонкі ў Інтэрнеце:
www.radyjo.net.