Маршал сейма Браніслаў Камароўскі, які зараз выконвае абавязкі прэзідэнта краіны, падпісаў папраўкі ў Закон "Аб супрацьдзеянні гвалту ў сям’і”. У выніку забараняюцца цялесныя пакаранні дзяцей, узмацняецца юрыдычная і медыцынская абарона ахвяр насілля і асаблівы націск кладзецца на прафілактыку. Кіраўнік ніжняй палаты парламента спадзяецца, што новае рашэнне паспрыяе барацьбе з негатыўнымі з’явамі ў польскім грамадстве. Браніслаў Камароўскі перакананы, што праблема хатняга гвалту тычыцца 80% жанчын. "Назва закону не да канца адпавядае яго зместу, бо такія выпадкі назіраюцца не толькі ў класічных сем’ях, але і ў іншых саюзах, дзе дзеці і жанчыны вельмі часта становяцца ахвярамі”, – сказаў Камароўскі пасля падпісання паправак. Ён лічыць, што заканадаўчыя змены з’яўляюцца сігналам аб тым, што польская дзяржава бачыць і разумее правы жанчын. На думку Камароўскага, закон павінен вырашаць цяжкія праблемы "ў галіне інтымнага і прыватнага жыцця, дзе і здараюцца драмы жанчын і дзяцей”. "Неабходна супрацьстаяць такім выпадкам”, – адзначыў спікер сейма.
|