"Вясна абуджаецца, а мы разам з ёй, – кажа Магда Навацка, арганізатарка акцыі "Жанчыны на ровары”. – Трактары нас ужо не цікавяць. Мы хочам на двух колах прапагандаваць сваю жаночасць і здаровы лад жыцця, а пры нагодзе добра адпачыць”. Вясенні роварны праезд адбыўся 7 сакавіка. Жанчыны праехалі на веласіпедах па Варшаве. Па дарозе затрымаліся ля помніка Агнешкі Асецкай, вядомай у Польшчы паэткі, аўтаркі тэкстаў песень. Амаль адначасова пачалася мірная дэманстрацыя на карысць правоў чалавека. Тысячы полек, маладых і старых, тых, што працуюць, і тых, што не працуюць, выйшлі з нагоды 8 Сакавіка на ХІ варшаўскую дэманстрацыю "Manifa”, або "Вялікі марш салідарнасці жанчын”. Яе зладзілі прадстаўніцы арганізацыі "Пагадненне жанчын 8 сакавіка”.
Дэманстрацыя праходзіла пад лозунгам "Салідарныя ў крызісе, салідарныя ў барацьбе”. "Гэта не праўда, што эканамічны крызіс нас не закрануў, як кажуць палітыкі. Шмат жанчын вельмі балюча яго адчувае. У стогадовы юбілей свята жанчын 8 Сакавіка, якое нарадзілася з барацьбы за права на годную працу, мы вяртаемся да эканамічных праблем: нашых заробкаў, кар’ернага росту, групавых скарачэнняў”, – кажа арганізатарка Катажына Браткоўска. У сталіцу на "Маніфу” прыехалі прадстаўніцы чатырох прафсаюзаў. Блакітнымі сцягамі махалі медсёстры і акушэркі, якія дамагаюцца абяцаных павышэнняў заробкаў. Яны раздавалі белыя стужкі. Гэта – сімвал салідарнасці з медсёстрамі са шпіталя ў Лодзі, якія ў снежні арганізавалі страйк. Дырэкцыя звольніла іх і накіравала справу ў суд, а той прызнаў іх вінаватымі і прысудзіў штраф да 4 тысяч злотых (да 1 тысячы €) кожнай. На маніфестацыі можна было ўбачыць сцягі прафсаюзу настаўнікаў, які змагаецца за роўны адукацыйны статус для дзяцей. Умовай гэтага з’яўляецца агульны доступ да садкоў і ясляў, бо кожнае другое дзіця ў Польшчы не ходзіць у дашкольную дзіцячую ўстанову. Таксама выказвалася пажаданне, каб міністэрства нацыянальнай адукацыі перагледзела змест школьных падручнікаў, бо там па-ранейшаму паказваюць ролю жанчыны стэрэатыпна, як асобу, што адно толькі развешвае фіранкі. Найбольш шуму рабілі маладыя дзяўчыны ў касках з ініцыятывы "Дзяўчаты ў політэхнічныя ВНУ!” Яны заклікалі дзяўчат больш актыўна асвойваць "мужчынскія прафесіі”. Працаўніцы з гіпермаркета "Tesco” выступілі са сваімі крыўдамі. "Хопіць здзеку, – казала прадстаўніца "Tesco”. – Колькасць персаналу ў крамах гэтай сеткі кіраўніцтва штогод скарачае, яна ўжо ў тры разы меншая, чым два гады таму. І жанчыны, якія працуюць, напрыклад, на касе, маюць усё большую і большую нагрузку. Кіраўніцтва робіць з нас нявольніц, якія працуюць уначы, калі святла для эканоміі ў гандлёвым зале запальваюць менш, а ацяпленне таксама змяншаюць. Па 12 гадзін без аніякіх прэміяў”. Па дапамогу звяртаюцца таксама жанчыны, якія працуюць у сетцы "Biedronka” і "Carrefour”. Ганаровы госць маніфестацыі – былая першая ледзі Іаланта Кваснеўска – працытавала словы Хілары Клінтан: "Няма правоў чалавека без правоў жанчын, няма правоў жанчын без правоў чалавека”. Дэманстрацыя ўпісваецца ў новы фестываль "Рэвалюцыя жанчын”, які будзе доўжыцца да 21 сакавіка. У яго праграме – дыскусіі, фартэпіянны канцэрт, спаборніцтвы па футболе. Прыхільнікі і прыхільніцы больш спакойных мерапрыемстваў дачакаліся панядзелку. У Дзень жанчын можна было, напрыклад, прайсціся з экскурсіяй па слядах варшаўскіх русалак. У цэнтры польскай сталіцы іх больш за 40. Як падкрэсліваюць арганізатары, гэта добрая нагода, каб расказаць пра спосаб адлюстравання жанчын у архітэктуры і пра месцы, звязаныя з вядомымі варшавянкамі.
|