Урад Швецыі выступіў з ініцыятывай выплачваць грошы бацькам, якія ня хочуць аддаваць сваіх малых у дзіцячыя садкі. За вызваленне месца ў дзіцячым садку, згодна з прапановай кабінета міністраў, сям’я зможа атрымліваць да 3000 крон (прыкладна 300€) у месяц. Падаткі з гэтых грошай вылічваць не будуць, а само новаўвядзенне, выкананне якога ляжыць на мясцовых уладах, можа набыць законную сілу пачынаючы з сёлетняга ліпеня.
Такі хуткі графік выклікае шмат крытыкі. Пытанняў вакол рэформы вельмі шмат: колькі яна будзе каштаваць, ці ёсць у муніцыпалітэтаў дастатковыя адміністратыўныя рэсурсы, каб весці ўлік дзяцей і бацькоў, якія адмаўляюцца ад месцаў у камунальных садках і, дарэчы, колькі іх будзе тых дзяцей і бацькоў? Пакуль што адказаў на гэтыя пытанні няма, і шмат самакіраванняў ужо сёння заяўляюць, што не здолеюць працаваць у новых умовах з 1 ліпеня.
Галоўны эканаміст аб’яднання шведскіх ленаў і муніцыпалітэтаў Клас Ульсан папярэджвае, што шматлікія камуны не паспеюць перайсці на новыя ўмовы працы: “З тых муніцыпалітэтаў, якія ўвогуле пажадаюць далучыцца да гэтай рэформы, а іх будзе шмат, не меней за сотню, нават болей, я мяркую. Дык вось шмат з гэтых муніцыпалітэтаў не паспее падрыхтавацца да рэформы, каб пачаць працаваць у новых умовах з 1 ліпеня, гэта будзе значна пазней”.