За гэты час партал
www.dzietki.org стаўся адной з найбольш папулярных у Беларусі Інтэрнет-пляцовак сямейнай тэматыкі, бо слоган “Расцем беларусамі!” актуальны для значнай колькасці наведвальнікаў Сеціва.
За два гады існавання сайта на ім з’явілася шмат сямейных гісторыяў, якія пачыналіся з паведамлення “Здаецца, я цяжарная” і працягваюцца пастамі пра пошук беларускамоўнай нянькі ці садочка, альбо стартавалі стварэннем тэмы “Як даведацца памер пальца дзяўчыны?” і працягваюцца аповедамі пра шлюб і пошукі недарагой кватэры. На форуме дзейнічаюць віртуальныя бацькоўскія камітэты беларускіх садкоў. Штодзённыя клопаты абмяркоўваюць сем’і з Менска і Горадні, Маладзечна і Магілёва, Прагі і Таронта, Варшавы і Нью-Ёрка. Нехта паспеў нарадзіць другое, трэцяе ці нават чацвёртае дзіцё, чыесьці малыя пайшлі ў школу і хутка пачнуць чытаць думкі сваіх бацькоў у Інтэрнеце, камусьці патрэбна дапамога ў пошуку працы… Форум “Нашых дзетак” – люстэрка жыцця. Ягоныя ўдзельнікі перажываюць, раюцца, сварацца і мірацца, шукаюць аптымальнае рашэнне складаных жыццёвых праблемаў ды гадуюць сваіх маленькіх беларусаў, уладкоўваючы сваю Вялікую Бацькаўшчыну.
У падарунак актыўным карыстальнікам сямейны партал стварыў сістэму сямейных дзённікаў. Можна запрашаць адзін аднаго ў госці, выплёскваць ўражанні, падтрымліваць у сумную хвіліну ці з радаснай нагоды.
Актыўна развіваецца “Кніжны куток”. Тут ёсць калыханкі, загадкі-рыфмаванкі, забаўлянкі, заклічкі і прыгаворы, лічылкі, “Абэцэда”, ілюстраваныя “Лясныя гісторыі”, вершы, казкі, песні, аўтарскія творы “дзеткаўскіх” бацькоў і беларуская класіка, а таксама пераклады сусветных скарбаў дзіцячай літаратуры.
Рэгулярна папаўняецца аўдыё-бібліятэка, дзякуючы прыпавесцям, апавяданням і казкам, якія чытае Міхал Залескі з дзеткамі.
З’явіўся раздзел “Дыяфільмы”: “Пра дзяўчынку, якая дрэнна ела”, “Адкуль я ўзяўся?”, “Прыгоды Піфа”, “Мышаня і аловак”, “Кот у ботах”, “Мыйдадзір” даступныя для сямейнага прагляду па-беларуску.
Самай папулярнай застаецца старонка з “Беларускім іменнікам”. У Top-10 таксама ўваходзіць флеш-мульт “Курачка Рабка”, “Адукацыйныя гульні”, “Флеш-размалёўкі”, артыкулы пра гісторыю і сучаснасць беларускай мовы, а таксама пра білінгвізм у дзетак.
На партале працуе руска-беларускі і беларуска-рускі “Жывы слоўнік”, які, дзякуючы намаганням “дзеткаўцаў”, папаўняецца сучаснай лексікай.
Унікальная “фішка” – “Мапа сямейнага адпачынку” –
www.dzietki.org/forum/map/. Куды пайсці з дзіцём? Можна выбраць музеі, тэатры, кавярні, заапарк, гарадскія скверы… Не знайшлі свайго ўлюбёнага куточка? Дадайце ягонае апісанне на мапу!
Афіша “Нашых дзетак” штодня прапануе не менш за дзесяць спосабаў сямейнага адпачынку.
З вясны “Нашых дзетак” можна знайсці таксама па адрасе:
www.dzietki.by.