“Honda Motor” абвінавацілі ў нянавісці да жанчын з-за надрукаванага ў Японіі кампаніяй “Дапаможніка для жанчын-кіроўцаў”. У ім папулярна і з ілюстрацыямі апісваюцца прыёмы ваджэння ў горадзе, варыянты бяспечнай паркоўкі і працэдура запраўкі аўтамабіля палівам на бензакалонцы.
Шэраг жаночых грамадскіх арганізацый тут жа абрынуліся на кампанію з абвінавачваннямі ў падзеле кіроўцаў па палавой прыкмеце, маўляў, фірма намякае, што жанчыны водзяць горш, чым мужчыны, і што дама за рулём уяўляе небяспеку для атачэння.
Асцерагаючыся разрастання скандалу і байкоту сваёй прадукцыі, “Хонда” пачала апраўдвацца перад прадстаўніцамі жаночай паловы грамадства. Адкідаючы ўсе абвінавачванні, супрацоўнікі фірмы навыперадкі тлумачаць, што “Honda Motor” зусім не падзяляе кіроўцаў па палавой прыкмеце, а жанчыны водзяць ні на каліва горш за мужчын. Выказваючыся пра дапаможнік, прадстаўнікі кампаніі гавораць, што, маўляў, проста ў паводзінах кабеты за рулём ёсць нейкая спецыфіка, на якой і паспрабавалі сфакусаваць увагу стваральнікі кнігі.