23-гадовы Саед Первез Камбакш, які навучаецца ва універсітэце Балха (горада ў аднайменнай правінцыі на поўначы Афганістана) і працуе ў адной з мясцовых газет, запампаваў матэрыял, дзе крытыкаваліся звычаі некаторых мусульманскіх краін, а менавіта – жорсткае абыходжанне з жанчынамі. Сваёй знаходкай Камбакш падзяліўся з іншымі студэнтамі і выкладчыкамі ВНУ. Маладога чалавека арыштавалі і абвінавацілі ў тым, што цікаўны студэнт не толькі запампаваў злапомны файл, але і пачаў яго распаўсюджваць.
Афганскія ўлады вінавацяць яго ў блюзнерстве. Па меркаванні ісламскіх фундаменталістаў, падобнае абыходжанне з жанчынамі абапіраецца на Каран. Шарыяцкі суд (рэлігійны орган, які карае за парушэнне законаў ісламу) вырашыў пазбавіць Саеда жыцця. ,Яго справа нават не разглядалася ў грамадзянскім працэсе. Афганскі сенат пакінуў абвінаваўчы прысуд у сіле, нягледзячы на пратэст ААН, праваабарончых арганізацый і заходніх дыпламатаў. Перагледзець рашэнне суда зараз можа толькі прэзідэнт Афганістана.
Улады ўжо папярэдзілі мясцовых журналістаў, што яны таксама будуць арыштаваныя, калі адважацца публічна бараніць свайго таварыша. Тым не менш, пратэст нарадзіўся за межамі краіны. Заходнія журналісты збіраюць подпісы ў абарону студэнта. Газета “The Independent” арганізавала кампанію ў падтрымку Камбакша, заклікаючы чытачоў звяртацца ў міністэрства замежных спраў Вялікабрытаніі і патрабаваць у яго цвёрдых перамоў з урадам Афганістана.
Але нават калі студэнт будзе вызвалены, яму будзе цяжка жыць далей у сваёй краіне і пазбегчы пакарання з боку ісламскіх фундаменталістаў.
|