12 ліпеня варшаўская “Газэта выборча” паведаміла, што ўпершыню ў гісторыі Францыі ўлады адмовілі ў мясцовым грамадзянстве па культурна-рэлігійных прычынах.
32-гадовая мараканка, якая мае трох дзяцей і мужа-француза, некалькі гадоў намагаецца атрымаць французскі пашпарт. Першы раз улады адхілілі яе кандыдатуру, тлумачачы, што жанчына зусім не інтэгруецца ў французскае грамадства. Мараканка стала судзіцца, але вярхоўны адміністрацыйны суд краіны адхіліў яе петыцыю. Суддзі падкрэслілі, што рэлігійныя й культурныя погляды, якія мае грамадзянка Марока, моцна супярэчаць рэспубліканскім каштоўнасцям, у прыватнасці, прынцыпу раўнапраўя мужчын і жанчын.
Жанчына носіць бурку – строй, які поўнасцю закрывае цела, пакідаючы бачнымі толькі вочы, вызнае радыкальную версію ісламу – ханафізм, не ведае прынцыпу свецкай дзяржавы, які дзейнічае ў Францыі, не мае паняцця аб праве галасаваць, а таксама поўнасцю падпарадкаваная свайму мужу і яго сям’і.
Як паведамляюць ўлады, калі грамадзянка Марока зменіць свае погляды, яна зможа зноў падаваць дакументы на французскае грамадзянства.
|