Шведскі ўрад выдаткоўвае 210 мільёнаў крон (каля 21 мільёна €) на барацьбу з гандлем людзьмі, так званым трафікінгам, і сацыяльную дапамогу яго ахвярам. 16 ліпеня міністр па пытаннях інтэграцыі і гендэрнага раўнапраўя Швецыі Ніамка Сабуні прадставіла “План па процідзеянню прастытуцыі і гандлю людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі”. Дакумент уключае 36 захадаў: ад павелічэння падтрымкі ахвярам і адукацыі медыцынскіх работнікаў да больш жорсткага заканадаўства ў дачыненні да злачынцаў і павелічэнне фінансавых рэсурсаў паліцыі. Прадстаўлены план прадугледжвае права паліцыі карыстацца ў расследаванні спраў па гандлі людзьмі падслухоўваннем, а таксама правакацыйнымі мерамі. Акрамя гэтага, шведскі ўрад плануе пашырыць міжнароднае супрацоўніцтва.
“Мы павінны больш супрацоўнічаць з краінамі Балтыйскага рэгіёна ў тым, што тычыцца рэабілітацыі жанчын і дзяцей, якія сталі ахвярамі гандлю людзьмі, а таксама неабходна рабіць усё магчымае, каб зрабіць іх вяртанне дадому як мага больш бяспечным. Шмат з тых, хто вяртаецца, не атрымліваюць неабходнай падтрымкі”, – адзначыла на прэс-канферэнцыі Ніамка Сабуні.
Бернардыта Нунез, супрацоўніца жаночай арганізацыі “Тэрафэм”, лічыць, што план па процідзеянні гандлю людзьмі ўключае ў сябе многа эфектыўных захадаў, але ў ім не хапае права замежных грамадзянак, ахвяр трафікінгу, на атрыманне дазволу на сталае жыхарства ў Швецыі пасля таго, як яны выступілі ў судзе ў якасці сведак: “Спачатку гэтых жанчын прымушаюць займацца прастытуцыяй, потым шведская дзяржава выкарыстоўвае іх у якасці сведак, каб яны давалі паказанні супраць злачынцаў, але не дае ім магчымасці атрымаць дазвол на сталае жыхарства, які азначаў бы для іх неабходную ахову. Шмат з гэтых жанчын баяцца вяртацца дамоў”.
Згодна са справаздачамі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і Міжнароднай арганізацыі па міграцыі, штогод каля паўмільёна чалавек прадаюцца ў дзяржавы Заходняй Еўропы, большасць з іх выкарыстоўваюцца ў секс-бізнесе. Самыя распаўсюджаныя краіны паходжання жанчын – Албанія, Балгарыя, Малдова, Румынія, Расія й Украіна. Сярод дзяржаў прызначэння ў гандляроў людзьмі найвялікшай папулярнасцю карыстаюцца Аўстрыя, Бельгія, Нямеччына, Грэцыя, Італія, Нідэрланды, Іспанія і Вялікабрытанія. Каля 3% жанчын, якія сталі ахвярамі трафікінга, ведаюць пра тое, што іх “праца” будзе ўключаць сексуальныя паслугі. Каля 8 адсоткаў ахвяр злачынцы захопліваюць гвалтоўна. Амаль 90% жанчын трапляюць у сексуальнае рабства, калі ім прапаноўваюць звычайную працу ў замежжы – цераз знаёмых альбо праз абвесткі. Пераважная большасць з іх жывуць на радзіме ў цяжкіх сацыяльна-эканамічных умовах і бачаць працу за мяжой як шанец пачаць лепшае жыццё.
|