Польскае міністэрства аховы здароўя рыхтуе пастанову, згодна з якой гомасексуалістам, а таксама мужчынам, якія часам наведваюць прастытутак, будзе забаронена здаваць кроў. Ініцыятыва пастановы зыходзіць ад Нацыянальнага цэнтра крыві.
Праект пастановы нарабіў шуму ў асяроддзі гомасексуалістаў, якія публічна выступілі з заявай пра дыскрымінацыю сексуальных меншасцяў. Яны заявілі, што працягнуць здаваць кроў, а пра арыентацыю будуць маўчаць. Роберт Бедрань, адзін з арганізатараў грамадскай “Кампаніі супраць гамафобіі”, на пытанне, ці стане ён адзначаць у анкеце сваю арыентацыю, адказвае: “Канечне, я не буду казаць праўды пра арыентацыю, бо калі на шалях жыццё якога-небудзь чалавека і дрэннае права, то я буду вымушаны парушыць закон”.
Аднак праект мае шмат прыхільнікаў, у тым ліку сярод лекараў. Яны нагадваюць, што гомасексуалісты і наведвальнікі бардэляў – гэта групы рызыкі. Пацыенты могуць атрымаць ад іх разам з крывёю вірус ВІЧ альбо гепатыты В і С. Геяў бароніць славуты сексолаг, прафесар Збігнеў Леў-Старовіч: “Зараз ужо не мае сэнсу казаць пра гомасексуалістаў, як пра групу павышанай рызыкі, бо сучасныя сродкі дазваляюць надзейна сябе засцерагчы”.
Наталля Шніпава па матэрыялах польскіх СМІ
|