Галоўная » 2008»Июль»27 » У Стакгольме распачаўся фестываль геяў, лесбіянак, бі- і транссексуалаў
У Стакгольме распачаўся фестываль геяў, лесбіянак, бі- і транссексуалаў
22:05
25 ліпеня ў сталіцы Швецыі распачаўся Прайд-фестываль, які будзе працягвацца 10 дзён – да 3 жніўня. Мяркуецца, што гэтая імпрэза геяў, лесбіянак, бісексуалаў і транссексуалаў прывабіць рэкордную колькасць наведвальнікаў, бо менавіта Стакгольм прымае сёлета агульнакантынентальны Еўрапрайд.
У праграме свята секс-меншасцяў больш за 800 мерапрыемстваў: канцэрты, сустрэчы, выставы, музейныя экспазіцыі, кінафестываль і шматлікія семінары. Тэма сёлетняга прайда – “Шведскі грэх – пераадольваючы межы”. Да фестывалю рыхтаваліся не толькі арганізатары і шматлікія ўдзельнікі. Каб паказаць, што Стакгольм адкрыты для ўсіх, на флагштоках па ўсёй сталіцы каралеўства лунаюць вясёлкавыя сцягі. Падобнымі сімваламі секс-меншасцяў ўпрыгожаныя і ўсе гарадскія аўтобусы (глядзіце здымак).
Дзеля таго, каб пазбегнуць нападаў з боку ультраправых груповак, спецыяльнае падраздзяленне стакгольмскай паліцыі праводзіла з імі сустрэчы, на якіх ахоўнікі парадку тлумачылі, якога кшталту выказванні і дзеянні будуць разглядацца як распальванне варожасці да групы насельніцтва, а значыць, могуць прывесці да затрыманняў.