Ужо сёлетняй восенню на дарогах Швецыі з’явіцца першы знак у духу раўнапраўя палоў. Урад даручыў дарожнаму ўпраўленню краіны да 1 кастрычніка 2008 года распрацаваць указальнік “Пешаходны пераход” з жаночай постаццю замест мужчынскай.
Летась знак з жаночай сілуэтам ужо быў выраблены ў муніцыпалітэце Хеслехольм (губерня Сконе), дзе бацькі горада вырашылі выправіць перакос у гендэрным пытанні на пераходах вуліц і дарог падуладнай ім тэрыторыі. Агульнапрыняты “Пешаходны пераход” уяўляе сабой сіні квадрат з белым трохкутнікам дарогі, праз якую па чорным пункціры крочыць чорны мужчынскі сілуэт. У Швецыі яго завуць “спадар, які ідзе”. У Хеслехольме быў прапанаваны новы дызайн, на якім дарогу пераходзіць жаночы сілуэт – “спадарыня, якая ідзе”.
Спачатку дарожнае ўпраўленне адхіліла ініцыятыву хеслехольмаўцаў, спасылаючыся на прадпісанне, якое забараняе ўстаноўку новых указальнікаў, калі іх можна зблытаць з ужо існуючымі. Аднак члены кабінета міністраў аказаліся людзьмі больш шырокіх поглядаў і падтрымалі прапанову мясцовай адміністрацыі, якая імкнецца да перамогі поўнага гендэрнага раўнапраўя ў шведскім грамадстве.
“На іншых дарожных знаках, як правіла, таксама прысутнічаюць мужчынскія сілуэты, таму мы лічым мэтазгодным, каб уздоўж дарог краіны з’явіліся і жанчыны”, – заявіў з гэтай нагоды статс-сакратар Лейф Зетэрберг.
|