Рэвалюцыя, пра немінучасць якой так доўга казалі сацыёлагі, псіхолагі і дызайнеры, адбылася – на вуліцах французскіх гарадоў з’явіліся мужчыны ў спадніцах. Праўда, пабачыць іх пакуль удалося толькі ў вітрынах буцікоў і на старонках газет. А яшчэ – на спецыялізаваным сайце www.i-hej.com, які належыць асацыяцыі з няхітрай назвай “Мужчыны ў спадніцы”.
Афіцыйная дата народзінаў гэтай арганізацыі – чэрвень 2007 года, а лозунг – вяртанне манапалізаванага дамамі элемента адзення ў мужчынскі гардэроб. Пры гэтым асаблівы акцэнт робіцца менавіта на спаднічным рэнесансе, а зусім не на рэвалюцыі. Хоць для неазнаёмленай большасці рымскія гладыятары ў скураных спадніцах, грэчаскія філосафы ў туніках, якія развяваліся, і шатландскі кілт, які дажыў нават да нашых дзён, хутчэй экзотыка, чым сур’ёзны аргумент на карысць мужчын у спадніцы.
Больш пераканаўча гучаць меркаванні пра тое, што, апранаючы спадніцу, сучасны мужчына даводзіць да лагічнага канца рэвалюцыю, распачатую жанчынамі, якія нацягнулі на сябе штаны. Куцюр’е (на чале з Жан-Полем Гацье) даўно ўжо рыхтуюцца да гэтага моманту, і яшчэ ў 2003 годзе ў нью-йоркскім Інстытуце касцюма пры музеі “Метраполітэн” прайшла выстава пад красамоўнаю назвай “Смельчакі: мужчыны ў спадніцах”. Мужчынскія спадніцы ў калекцыях ат куцюр даўно ўжо сталі абавязковым атрыбутам, а ў апошні час займаюць усё больш заўважальнае месца й у калекцыях прэт-а-партэ. Вось толькі працавітыя кітайцы масавы выраб мужчынскіх спадніц пакуль яшчэ не асвоілі, і, мажліва, гэтым самым і тлумачыцца той факт, што ў штодзённым жыцці г. зв. “моцны пол” значна часцей заглядаецца на міні, чым апранае іх. Дый зважаючы на тое, што нават на сайце французскай асацыяцыі на фатаграфіях мужчынам у спадніцах закрываюць твар, рэакцыя публікі далёкая ад прыветнай.
|