Па ўсёй Азіі ў сярэднім мужчын болей за жанчын. Асабліва гэтая тэндэнцыя бачная сярод моладзі. Недахоп жанчынаў найбольш выразны ў Кітаі, Індыі, Паўднёвай Карэі, Грузіі, Арменіі і Азербайджане, дзе на 100 дзяўчынак прыходзіцца не меней за 108 хлопчыкаў. Нармальная сітуацыя, калі суадносіны складаюць 100 да 103.
У некаторых раёнах Кітая і Індыі на 100 дзяўчынак нараджаецца больш за 120 хлопчыкаў. А ўсё з-за традыцыйных уяўленняў, што мець дачку невыгодна: у дзяўчат трэба ўкладаць грошы, яны не прыносяць прыбытку, бо сыходзяць жыць да бацькоў мужа. Практыка выбарачных абортаў шырока ўжывалася ў васьмідзесятыя гады. Сёння ў Індыі не забаронена рабіць аборт, але нельга загадзя высвятляць пол дзіцяці і селектыўна знішчаць зародкі жаночага полу. Але клінікі карумпаваныя, і дактары атрымоўваюць велізарныя грошы за незаконную практыку.
На гэтым дыскрымінацыя не заканчваецца. Вельмі часта дзяўчынак не даглядаюць належным чынам, таму яны часцей гінуць у дзяцінстве. Напрыклад, іх недакормліваюць, радзей водзяць да дактароў. “Многія лічаць, што ў грамадстве, дзе мала жанчын, іх будуць цаніць болей. Але адбываецца адваротнае: іх значна больш дыскрымінуюць. Усё часцей маюць месца гендэрны гвалт і гандаль жанчынамі”, – кажа намесніца кіраўніка Фонду насельніцтва Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Пурніма Мане (на здымку).
Мужчыны, не знайшоўшы сабе пары, адкладваюць час шлюбу і працягваць час навучання і працы. З іншага боку, жанчыны вымушаныя як мага раней выходзіць замуж і нараджаць дзяцей, што абмяжоўвае іх доступ да працы. У іх меней магчымасцяў зрабіць кар’еру і не выходзіць замуж.
Акрамя таго, як вынік меншай дэмаграфічнай вагі, скарачаецца іх палітычная актыўнасць і ўдзел у прыняцці рашэнняў. Азіяцкія гіганты робяць пэўныя захады, каб збалансаваць прапорцыі. Напрыклад, Кітай эканамічна дапамагае сем’ям, дзе ёсць дзяўчынкі. Але гэтыя меры запозненыя. У 2030 годзе ў Кітаі і Індыі будзе не хапаць больш за 20 мільёнаў жанчын ва ўзросце ад 20 да 49 год.
|