20 жніўня ў менскім Музеі гісторыі беларускага кіно адчынілася выстава бісера і баціка “Палітра душы”. У экспазіцыі прадстаўленыя больш за 100 работ, большасць з якіх аўтарскія.
Куратар і ўдзельніца выставы Марына Духан адзначыла, што сярод экспанатаў ёсць творы з бісера Алены Артынскай, Алесі Яраш, Вольгі Трэцьяковай, Таццяны Некрашэвіч, Таццяны Жураўлевіч і іншых майстроў. Бацік (роспіс па шоўку) прадстаўляюць Алена Суроўцава й Людміла Шышчэнкава ды інш. Сярод удзельніц “Палітры душы” ёсць уладальніцы дыпломаў і ўзнагарод міжнародных выставаў дэкаратыўна-ужытковага мастацтва.
У экспазіцыі паказаныя работы майстрыц з грамадскага аб’яднання “Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчын”. Гэтая арганізацыя гуртуе прадстаўніц розных рэгіёнаў Беларусі. Галоўная задача, якую ставіць перад сабою аб’яднанне, – садзейнічаць развіццю творчага патэнцыялу жанчынаў.
Больш пра гэтую НДА можна даведацца, зайшоўшы па адпаведнай спасылцы ў раздзеле “Сябры сайта” нашай Інтэрнет-старонкі. Выстава будзе працаваць да 17 верасня.