Часопіс “American Journal of Preventive Medicine” апублікаваў шакуючыя вынікі пра хатні гвалт у Злучаных Штатах Амерыкі: траціна мужчын адчулі яго на сабе.
Пад тэрмінам “хатні гвалт” у ЗША разумеюць збіванні, абразы, зневажэнні, пагрозы, насмешкі, прымус да сексу ды іншыя дзеянні з боку мужоў/жонак або сужыцеляў/сужыцелек. Раней лічылася, што больш за ўсё ад сямейных тыранаў пакутуюць жанчыны. Аднак аўтары даследавання сцвярджаюць, што жыццё вельмі шматлікіх мужчын ЗША цяжкае і беспрасветнае.
Па-першае, мужчыны пакутуюць ад “жаночай самаўпраўнасці” досыць часта: 5% пацярпелі ад хатняга гвалту сваіх “палавінак” на працягу апошняга года, 10% – цягам мінулай пяцігодкі, 29% – калі-небудзь ў жыцці. Па-другое, у выніку такіх паводзінаў сваіх жонак і палюбоўніц мужчыны пакутуюць ад сур’ёзных і доўгачасовых псіхалагічных праблем. Па-трэцяе, збітыя, зняважаныя і абражаныя мужчыны не кідаюць сваіх сябровак адразу ж пасля акту хатняга гвалту, а працягваюць жыць з імі пад адным дахам, прычым збіццё і абразы могуць працягвацца. Па-чацвёртае, ад зверстваў сваіх “палавінак” у роўнай ступені пакутуюць амерыканцы ўсіх узростаў, узроўняў даходу й адукацыі. Па-пятае, мужчыны (асабліва пажылыя) звычайна сарамацяцца распавядаць аб гэтым.
Такі від гвалту штогод наносіць ЗША шкоду ў памеры 5,8 млрд. долараў. Гэтыя страты ўзнікаюць з-за паніжэння прадукцыйнасці працы ў ахвяр, знаходжання на бальнічным і г. д.
|