Падчас перадвыбарнай барацьбы за пост прэзідэнта Злучаных Штатаў Амерыкі надзея Рэспубліканскай партыі – прэтэндэнт Джон Макейн – выбраў у якасці кандыдатуры на пост віцэ-прэзідэнта Сару Пэйлін.
Макейн прадставіў Пэйлін у хадзе перадвыбарнага ралі 29 жніўня ў штаце Агайо, дзе канкурэнцыя між прэтэндэнтамі вельмі вострая, на сустрэчы са сваімі прыхільнікамі, у якой удзельнічалі звыш адзінаццаці тысяч чалавек. Па словах Макейна, гэтая жанчына – менавіта тая асоба, што патрэбная краіне, каб дапамагчы яму змагацца з нязменнай старой вашынгтонскай палітыкай.
Пэйлін заявіла, што яе місія гранічна ясная, і што ў найбліжэйшыя 67 дзён яна распаўсюдзіць кампанію на ўсе куточкі дзяржавы і папросіць галасаваць за яе тых выбаршчыкаў, якія хочуць перамен і спадзяюцца на стварэнне лепшай Амерыкі.
44-гадовая Сара Пэйлін была выбрана губернатаркай Аляскі ў 2006 годзе. У палітыцы і эканоміцы яна прытрымліваецца кансерватыўных поглядаў. Захапляецца паляваннем, рыбалкай і спортам. Яна выступае супраць абортаў і, з’яўляючыся сяброўкай Нацыянальнай стралковай асацыяцыі, падтрымлівае права на валоданне зброяй.
Апроч пасады кіраўнічкі штата, багатага нафтай і газам, Сара Пэйлін узначальвае Нацыянальную асацыяцыю губернатараў і Камітэт прыродных рэсурсаў. Пэйлін падтрымлівае план здабычы нафты ў раёне паўночных запаведнікаў ЗША. На гэтым тыдні ёю быў падпісаны заканадаўчы акт пра будаўніцтва газаправода на Алясцы. Пэйлін замужам і ў яе пяцёра дзяцей. Старэйшы сын служыць у арміі, а малодшае дзіця нарадзілася ў сёлетнім красавіку з сіндромам Дауна.
Муж Сары Пэйлін – Тод – па этнічным паходжанні эскімос. Ён супрацоўнік кампаніі “Брытыш Петролеум” і чатырохразовы пераможца гонак на снегаходах.
Гэта другі выпадак на амерыканскім палітычным Алімпе, калі жанчына балатуецца на пост віцэ-прэзідэнта. В 1984 годзе дэмакратка Джэральдын Ферара прэтэндавала, але беспаспяхова, на гэтую намінацыю. Акрамя таго, Пэйлін – адзіны губернатар у цяперашняй перадвыбарнай кампаніі. Рэспубліканец Макейн і дэмакраты Абама і Байдэн – сенатары. Джон Макейн спадзяецца з дапамогаю Сары Пэйлін прыцягнуць галасы жаночага электарата, асабліва тых, хто выказваўся за сенатарку-дэмакратку Хілары Клінтан.
|