У Варшаве з’явіліся фірмы, якія ладзяць разводныя вечарыны. З музыкай, танцамі, стрыптызам, тостамі за новае жыццё. У варшаўскіх фірм замоваў – на квартал наперад. Менеджэр адной з іх распавёў, што яны калісьці вырашылі зрабіць эксперымент ды надрукавалі аб’яву, але прайшло пару месяцаў і фірму накрыла хваля замоваў. Найперш вечарынамі цікавяцца маладыя людзі, якія пражылі разам якіх год ці два ды не бралі касцельнага шлюбу. Часцей да фірм звяртаюцца жанчыны. Шмат хто пасля 30 і з дзецьмі.
Жанчына і мужчына перажываюць развод па-рознаму. Для мужчыны гэтая падзея – канец нейкага этапа жыцця і пераход да новага. У яго з’яўляецца чарговая каханка ці нават жонка, новыя дзеткі. Мужчына часта ўспрымае развод як асабістую паразу, асабліва, калі супружніца сама сыходзіць.
Для жанчыны развод – гэта, як правіла, трагедыя. Пачаць жыццё наноў з дзецьмі ёй значна цяжэй. Разведзеная – гэта прысуд. Паніжэнне статусу, тады як мужчына пасля разводу застаецца на сваім узроўні. Таму разводная вечарына мае для кабеты перш за ўсё мае тэрапеўтычны сэнс. На вечарыну прыходзяць толькі блізкія сяброўкі.
Існуе шмат рытуалаў. Абавязкова торцік, толькі наразаюць яго не разам, а паасобку. Зверху на торце прымацаваная шакаладная постаць мужа альбо жонкі, якую трэба адсекчы спецыяльным “мачэтэ”. Потым трэба разбіць “кайданкі”, засведчыўшы, што свабода прыйшла. Таксама гаспадыня вечару паліць фоткі сваёй былой “паловы”, акт шлюбу ды іншыя сувеніры, якія засталіся пасля “шчаслівага жыцця”. Мужчыны таксама замаўляюць такія ўрачыстасці, толькі радзей. Яны нагадваюць больш так званы “хлапечнік”: дзяўчынкі, стрыптыз, мора выпіўкі, свята вольніцы.
|