Напрыканцы жніўня амерыканскі часопіс “Forbes” назваў сотню самых уплывовых жанчын планеты.
З палітыкаў у першую сотню спісу часопіса “Forbes” патрапілі дзяржаўны сакратар ЗША Кандаліза Райс, прэм’ер-міністарка Украіны Юлія Цімашэнка, губернатарка Санкт-Пецярбурга (Расія) Валянціна Мацвіенка, міністарка замежных спраў Ізраіля Ціпі Ліўні, а таксама былая “першая лэдзі” ЗША Хілары Клінтан. Але першая – Ангела Меркель.
Федэральную канцлерку Нямеччыны, 54-гадовую Ангелу Меркель, амерыканскі часопіс трэці год запар прызнае самой уплывовай жанчынай свету. У заслугу Меркель пастаўлены росквіт нямецкай эканомікі, рост валавога ўнутранага прадукта Германіі, паніжэнне ўзроўню беспрацоўя ў краіне, раўнавага мужчын і жанчын ў органах кіравання, павелічэнне фінансавай дапамогі пры нараджэнні дзяцей. Амерыканскі дзяржсакратар, 53-гадовая Кандаліза Райс, якая тры гады назад узначальвала спіс, а летась была на чацвёртым месцы, цяпер займае ў рэйтынгу сёмую прыступку.
Украінскі прэм’ер, 47-гадовая Юлія Цімашэнка, у спісе самых уплывовых жанчын свету стала сямнаццатай. Хілары Клінтан (60 гадоў) апынулася пад нумарам 28. Яе імя часцей за ўсё прыгадвалі ў прэсе падчас прэзідэнцкай кампаніі ў Злучаных Штатах.
Ёсць у спісе дзве прадстаўніцы Расіі. Губернатарка Санкт-Пецярбурга Валянціна Мацвіенка заняла 31-е месца. На 37-ым радку ў спісе “Forbes” знаходзіцца генеральная дырэктарка холдынгу “Базавы элемент” Гульжан Малдажанава. Сярод ста самых уплывовых жанчын свету 54 з дзелавых кругоў, 23 – палітыкі. Астатнія – грамадскія лідэркі, дзяячкі культуры, знакамітасці і магнаткі сродкаў масавай інфармацыі.
Па падліках часопіса, жанчыны ў гэтым спісе кантралююць сумарны капітал у 26 трыльёнаў долараў па ўсім свеце. У іх ліку – чатыры кітаянкі, па тры жанчыны з Францыі, Індыі і Нідэрландаў. У спісе прадстаўлены дзве каралевы і шэсць прэзідэнтак. У сотню самых уплывовых дам планеты не ўвайшла ніводная прадстаўніца Беларусі.
Ступень уплывовасці часопіс “Forbes” вылічвае па двух фактарах – публічная вядомасць, згадванні ў прэсе, а таксама асабістае фінансавае становішча.
|