Пад такім загалоўкам варшаўская газета “Dziennik” надрукавала артыкул пра тое, што палякі на Інтэрнет-парталах прапануюць жанчынам з Усходу фіктыўнае сужонства. Ахвотней за ўсё яны бяруць азіятак, але дзяўчыны з-за ўсходняй мяжы краіны – Беларусі, Украіны, Расіі – таксама карыстаюцца попытам. Каб толькі былі маладыя і прыгожыя. Калісьці фіктыўны шлюб быў простым спосабам, каб атрымаць грамадзянства. Цяпер жа ён мае другі – цёмны – бок: палякі, якія яго прапануюць, замест грошай патрабуюць сексу. “Прапанова простая – зварыш абед, прыбярэш, абагрэеш ложак, а я табе даю ўтрыманне, польскае грамадзянства і пражыванне ў Нямеччыне”, – гаворыць адзін з такіх палякаў, бізнесмен, які жыве ды працуе ў ФРГ.
Падобных прапановаў – дзесяткі на польскіх парталах. Самыя папулярныя беларускі, украінкі і вьетнамкі.
Гэта новая з’ява: закончыліся часы бедных студэнтаў, якія зараблялі на фіктыўных сужонствах, а пачаліся – эратаманаў, якія шукаюць задавальненняў. Эва Асташэўска з Хельсінкскага фонда правоў чалавека лічыць, што гэта небяспечная з’ява, якая хутка можа давесці да гандлю людзьмі. Існуюць апасенні, што такія жанчыны стануць нявольніцамі. Па статыстыцы, кожны дзесяты шлюб палякаў з іншаземцамі з’яўляецца фіктыўным.